7 снежня пасля святой Імшы на ІІ нядзелю Адвэнту ва ўтульным прыкасцельным будынку адбылася чарговая сустрэча лепельскіх парафіянаў.
Дакладней кажучы не парафіянаў, а парафіянак, бо спаткаліся жанчыны. Гэта сустрэча мела канкрэтную мэту – памаліцца за сваіх дзетак.
Ініцыятыва малення за дзяцей пачалася з наведвання лепельскага касцёла 26 кастрычніка арганізатарак сусветнага руху «Маці ў малітве» з Віцебскай дыяцэзіі. Тады віцяблянкі заахвочвалі лепельчанак далучыцца да малітвы за сваіх дзетак і аб’яднацца пад агульным дэвізам руху «З’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Вядома ж, такі заклік не мог застацца непачутым, і каардынацыю руху «Маці ў малітве» на Лепельшчыне на сябе ўзяла парафіянка Алеся Азаранка.
Спантанасці тут быць не павінна, таму рыхтаваліся, хоць і нядоўга, але дасканала. Першая сустрэча лепельскай групы адбылася 9 лістапада.
Удзельніц руху напачатку сабралося шэсць чалавек. Гэта няшмат, але кожную сустрэчу далучаюцца яшчэ матулі. Ды ўвогуле галоўнае не колькасць, а бязмежная любоў.
Словамі спадарыні Алесі Азаранкі: «На сустрэчы кожная матуля піша ў кружочку імя свайго дзіця, кроснага дзіця, ненароджанага (па нейкай прычыне) дзіця. Мы агульна молімся, пяем песні, разважаем над прачытаным фрагментам са Святога Пісання. Складаем кружочкі з імёнамі дзяцей у скрыначку і з даверам аддаем іх Пану Богу (кладзецца скрыначка ля абраза Езуса Міласэрнага). Яшчэ мы п’ем гарбату, разважаем над рознымі жыццёвымі сітуацыямі, дзелімся думкамі, уражаннямі, вопытам. Гэтыя сустрэчы вельмі аб’ядноўваюць, дапамагаюць пазнаёміцца, пазнаць адзін аднаго. Я лічу, што ў гэтых сустрэчах ёсць і псіхалагічны аспект. Калі хочацца падзяліцца нейкай жыццёвай абставінай, думкамі, праблемамі, сітуацыямі. Гэта давер, дзе цябе
не абразяць, нікому не раскажуць, не пасмяюцца з цябе.
Наша супольнасць – месца, куды можна прыйсці, калі табе цяжка. Ты не ведаеш, што рабіць, і ў хвіліне маўчання пачуць адказ на свае пытанні. Гэта не проста гучныя словы. Гэта сапраўды так. Я вельмі рада, што ў нас пачала дзейнічаць такая група. Справа не ў колькасці чалавек, а ў адкрытым сэрцы кожнай маці, якая давярае сваё дзіця Богу».
Алег Шушкевіч
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!