З нагоды заканчэння звычайнага перыяду ў Юбілейным годзе, у свята Хрыста Валадара Сусвету, у парафіі Унебаўшэсця Езуса Хрыста ў Дзеркаўшчыне (Глыбоцкі дэканат) дзеці і моладзь перажывалі запусты.
Праз тыдзень распачынаецца Адвэнт, перыяд радаснага чакання Збаўцы. Кожны ўдзельнік атрымаў у падарунак ад пробашча адвэнтовы дзіцячы каляндар і часопіс “Дыялог” прысвечаны 100-годдзю існавання Пінскай дыяцэзіі.
Негледзячы на марозлівае надвор’е ў запустах прынялі ўдзел каля 50 дзяцей і моладзі з парафій Канстанцінава і Дзеркаўшчыны. Спачатку была св. Імша, дзе маліліся з нагоды семінарыйнага дня за ўсіх клерыкаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а таксама аб новых пакліканнях да службы святарскай і законнай.
Пасля ў доме парафіяльным, для дзяцей былі арганізаваны конкурсы, творчы майстар-клас па групах, дзе ладзілі адвэнтовы вяночак, а таксама забаўляльная праграма.
Печыва, салодкія прысмакі і каўбаскі падмацоўвалі настрой. Кс. канонік Валерый Орсік, пробашч парафіі, распавёў пра належную падрыхтоўку ў Адвэнце да свята Божага Нараджэння.
Святар заахвочваў да выканання штодзённых хатніх заданняў, пра якія нагадвае дзецям адвэнтовы каляндар і да належнай пастановы на перыяд радаснага чакання Збаўцы.
Бацькі і дзеці вельмі радасныя і ўдзячныя Богу, а таксама арганізатарам (пробашчу і катэхетам) за такое прыгожае свята, а асабліва за памяць ушаноўваць традыцыю так званых запустаў перад Адвэнтам. Няхай перажыванне запустаў, спрыяе духоўнаму ўмацаванню і развіццю нашых дзетак.
Ірына Пішчык, тэкст
Фота ўдзельнікаў
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
















