Папа заклікаў працягваць двухтысячагадовую традыцыю касцельнай увагі да людзей, якія пакутуюць і жывуць у нястачы. У сваёй першай адгартацыі ён нагадаў, што веру нельга аддзяліць ад любові да бедных.
9 кастрычніка 2025 года ў Ватыкане была апублікавана першая Апостальская адгартацыя Папы Льва XIV. Яе назва – “Dilexi te” (Я палюбіў цябе) – гэта словы з кнігі Апакаліпсіса святога Яна (3,9), скіраваныя Панам да хрысціянскай супольнасці, якая ў той час была невялікай, без сродкаў і падвяргалася гвалту і пагардзе.
Тэкст дакумента пачаў рыхтаваць яшчэ Папа Францішак, а Папа Леў XIV узяў яго за аснову, дапоўніўшы сваімі разважаннямі. “Атрымаўшы гэты праект у спадчыну, я з радасцю працягнуў ініцыятыву майго дарагога Папярэдніка, дадаўшы некалькі ўласных думак, і прапаную яе на пачатку майго пантыфікату, падзяляючы яго жаданне: каб кожны хрысціянін зразумеў, як цесна звязаны паміж сабой любоў Хрыста і Яго заклік наблізіцца да бедных”, — напісаў Пантыфік.
У твары беднага – пакуты Хрыста
Папа падкрэсліў, што ніводны жэст любові не застанецца забытым Богам, нават самы малы, асабліва калі ён скіраваны да тых, хто перажывае боль, самотнасць або нястачу. Клопат пра бедных, паводле Льва XIV – гэта не дадатковая опцыя, а фундаментальны спосаб сустрэчы з Панам гісторыі. “У твары беднага мы бачым пакуты нявінных, а значыць, самога Хрыста”, — адзначыў ён.
Пантыфік заўважыў, што беднасць сёння мае розныя абліччы: ад недахопу матэрыяльных сродкаў і сацыяльнай маргіналізацыі да духоўнай, маральнай і культурнай нястачы. Ён таксама папярэдзіў пра новыя, “больш вытанчаныя і небяспечныя формы беднасці” – вынік глабальнай эканомікі, якая павялічвае багацце, але не роўнасць паміж людзьмі.
Дыктатура эканомікі, што забівае
Пантыфік прызнаў, што шлях да пераадолення беднасці доўгі і цяжкі, асабліва ў свеце, якім кіруе “дыктатура эканомікі, што забівае”, і культура абыякавасці, неадчувальная да пакут мільёнаў людзей. Таму ён заклікаў да “змены менталітэту” і павагі да годнасці кожнага чалавека ўжо цяпер, без адкладання.
Папа рашуча адкінуў ідэю, што беднасць – гэта лёс або асабісты выбар чалавека. “Хто так сцвярджае, той дэманструе слепату і жорсткасць”, — падкрэсліў ён і дадаў: “Так, сярод бедных ёсць і тыя, хто не хоча працаваць. Але ёсць мільёны людзей, якія з раніцы да вечара збіраюць пустыя каробкі ці робяць нешта падобнае, ведаючы, што гэта не палепшыць іх жыццё, а толькі дазволіць выжыць”. Пантыфік заклікаў не судзіць людзей праз прызму “мерытакратыі”, якая ўзвышае паспяховых і пагарджае тымі, хто апынуўся ўнізе.
Евангелле і бедныя – неразлучныя
Папа Леў XIV з жалем адзначыў, што нават хрысціяне часам паддаюцца мірскім ідэалогіям або палітычным і эканамічным ідэям, якія вядуць да несправядлівых абагульненняў і падманлівых высноваў. Некаторыя лічаць, што пра бедных павінны клапаціцца ўлады, а задача хрысціян – маліцца і вучыць сапраўднаму веравучэнню, заўважыў Пантыфік.
Тым, хто пагарджае клопатам пра бедных або высмейвае яго, Папа параіў зноў і зноў перачытваць Евангелле. Паводле яго, “пра бедных нельга забываць, калі мы не хочам выйсці з жывой плыні Касцёла, якая бярэ пачатак у Евангеллі і прыносіць плёны ў кожны гістарычны момант”.
Святы Айцец нагадаў, што ўвагай да бедных былі прасякнуты словы і ўчынкі Езуса, жыццё першых хрысціянскіх супольнасцяў і вучэнне Айцоў Касцёла. “Патрыстычная тэалогія была практычнай: яна вяла да Касцёла беднага і для бедных, нагадваючы, што Евангелле абвяшчаецца сапраўды толькі тады, калі падштурхоўвае дакрануцца да цела апошніх, і папярэджваючы, што дактрынальная строгасць без міласэрнасці – гэта пустыя словы”, — напісаў Папа.
Хрысціянская любоў, калі яна ўвасабляецца, вызваляе
Вялікую частку свайго дакумента Леў XIV прысвяціў прыкладам шматлікіх святых, благаслаўлёных і прадстаўнікоў розных манаскіх супольнасцей, якія спалучалі любоў да Бога з клопатам пра бедных, хворых, сіротаў, нявольнікаў і жабракоў. Ён падкрэсліў, што традыцыя гэтых ордэнаў, не спынілася – яна натхняе і сёння, калі чалавецтва сутыкаецца з новымі формамі рабства: гандлем людзьмі, прымусовай працай, сексуальнай эксплуатацыяй, залежнасцямі. “Хрысціянская любоў, калі яна ўвасабляецца, становіцца вызваленнем”, — адзначыў Святы Айцец. Ён нагадаў таксама пра традыцыйна вялікі ўнёсак Касцёла ў пашырэнне пісьменнасці, адукацыі сярод бедных і дапамогу мігрантам, заклікаўшы не перарываць гэтую місію.
Голас у абарону бедных
Пантыфік звярнуўся да ўсіх вернікаў з просьбай уздымаць голас у абарону бедных, нават калі за гэта іх будуць называць “неразумнымі”. “Структуры несправядлівасці трэба распазнаць і разбурыць сілай дабра – праз змену мыслення, праз навуку, тэхніку і развіццё палітыкі, якая эфектыўна ператварае грамадства”, — падкрэсліў ён.
Папа прызнаўся, што хацеў нагадаць пра двухтысячагадовую гісторыю ўвагі Касцёла да бедных, каб паказаць, што яна з’яўляецца не эпізодам, а часткай Традыцыі і шляху Касцёла. Ён заклікаў не пакідаць бедных сам-насам з іх болем, а ісці за прыкладам Добрага Самараніна, які не застаўся абыякавым да чужых пакут.
Бедныя – гэта цела Хрыста
Пантыфік падкрэсліў, што бедныя – гэта не “сацыяльная праблема”, а само цела Хрыста, якое патрабуе любові і клопату. “Часта менавіта яны евангелізуюць нас”, — адзначыў ён.
У завяршэнні адгартацыі Святы Айцец заклікаў хрысціян не саромецца практыкаваць міласціну, калі няма іншых магчымасцяў дапамагчы бедным – напрыклад, даць ім працу, каб яны самі зараблялі на хлеб.
“Міласціна прымушае нас спыніцца, паглядзець у вочы беднаму, дакрануцца да яго, падзяліцца чымсьці сваім. Нават калі яна маленькая, яна прыносіць спагаду ў грамадскае жыццё, дзе ўсе шукаюць толькі ўласнай выгады”, — напісаў Папа, выказаўшы пажаданне, каб праз намаганні, працу і любоў хрысціян кожны бедны пачуў словы Езуса, скіраваныя асабіста да яго: “Я палюбіў цябе”.
Аляксандр Панчанка, беларуская рэдакцыя Vatican News
