Кангрэс “Adoratio”: Эўхарыстыя ў цэнтры веры

У Зальцбургу ўпершыню адбыўся Міжнародны кангрэс “Adoratio”, прысвечаны Эўхарыстыі. Форум сабраў сотні ўдзельнікаў на супольную малітву і разважанні.

З 3 па 5 кастрычніка 2025 года Зальцбург стаў цэнтрам духоўнага жыцця, прыняўшы прэстыжны кангрэс “Adoratio”. Мерапрыемства, якое ўключала малітву, праслаўленне, даклады і набажэнствы, было накіравана на паглыбленне разумення і практыкі эўхарыстычнай адарацыі. Удзельнікі з розных краін сабраліся, каб разам даследаваць цэнтральную таямніцу веры.

Важным пунктам форуму стаў выступ нямецкага тэолага Катарыны Вестэрхорстман. Яна назвала Эўхарыстыю “смакам Неба”, які, аднак, патрабуе ўнутранай гатоўнасці чалавека. “Калі Пан прыходзіць, а мяне няма дома, сустрэча не можа адбыцца”, — падкрэсліла дакладчык. Паводле яе слоў, Эўхарыстыя не толькі яднае вернікаў з Хрыстом і паміж сабой, але і мае аздараўляльную моц, бо “Ён прыходзіць не таму, што мы дасканалыя, а таму, што мы зламаныя”.

Падчас заключнай святой Імшы Біскуп Пасаўскі Штэфан Остэр заклікаў да глыбокага малітоўнага жыцця. Ён нагадаў, што хрысціянская надзея – гэта не аптымізм, а давер таму, “што Бог трымае свет у сваіх руках, нават калі шмат што сведчыць супраць гэтага”.

Кангрэс “Adoratio” ў Зальцбургу стаў важным сведчаннем жывой веры і супольнага пошуку глыбейшых адносін з Хрыстом у Эўхарыстыі.

Кс. Аляксандр Амяльчэня — беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку