Чэрвеньскі дзень напачатку лета стаў асабліва ўрачыстым і святочным не толькі для адной з парафій Мінска, але і для Касцёла на Беларусі.
7 чэрвеня 2025 года адбылося пасвячэнне касцёла Божага Цела ў адным са спальных раёнаў Мінска.
Гісторыя парафіі распачалася ў 2005 годзе, калі Касцёл перажываў год Эўхарыстыі. Адпаведнае рашэнне падпісаў кардынал Казімір Свёнтак. Працэс заснавання парафіі быў даручаны ксяндзу Ігару Лашуку, а потым тагачасны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка даручыў апеку над парафіяй айцам кармелітам босым.
Рэгістрацыя парафіі адбылася 18 студзеня 2007 года, а 31 мая 2018 года арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў вуглавы камень пад будаўніцтва касцёла і кляштара.
І вось надышоў доўгачаканы момант – пасвячэнне новага храма. На прыступках святыні парафіяне разам з пробашчам айцом Юрыем Кулаем OCD віталі мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Узрушаныя вернікі зазначылі, што доўгія гады яны маліліся па кватэрах, у актавай зале ЖЭСа, невялікай каплічцы, а сёння запрашаюць прысутных раздзяліць вялікую радасць і распачаць малітву ў велічным касцёле.
На пачатку Імшы да прысутных звярнуўся айцец Сяргей Трысцень. Найперш святар прывітаў гасцей свята: мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, арцыбіскупа на пенсіі Тадэвуша Кандрусевіча, дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандра Яшэўскага SDB, апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, правінцыяла Варшаўскай правінцыі айцоў кармелітаў босых айца Лукаша Канса OCD, братоў кармелітаў босых з розных супольнасцяў Беларусі на чале з Рэгіянальным вікарыем айцом Пятром Фронштэнга OCD, прысутных святароў і кансэкраваных асоб.
Сярод прысутных вернікаў з асаблівай цеплынёй былі прывітаныя прадстаўнікі свецкіх уладаў, архітэктары і прадстаўнікі будаўнічых фірм, парафіянаў, дабрадзеяў з Беларусі і розных краін, якія прыклалі рукі і сэрцы да працэсу стварэння святыні.
Гамілію да прысутных прамовіў біскуп Аляксандр Яшэўскі. Ён параўнаў радасць адкрыцця новага храма з радасцю пераезду чалавека з нязручнага, цеснага дома ў новы дом, што мае ўсе выгоды для жыцця.
Храм – гэта таксама дом, дзе гаспадаром з’яўляецца сам Бог. Святары — распарадчыкі Божых таямніц, становяцца тут праваднікамі чалавечых душ да Збаўлення.
У Божай святыні сабрана ўсё неабходнае для нашага духоўнага жыцця.
- Ежа – Слова Божае, малітвы і касцёльныя спевы, духоўнае навучанне і само аздабленне храма.
- Адзенне – гэта сакрамантальнае жыццё, што ад моманту хросту апранае душу ў белае адзенне, а калі душа забруджваецца грахом, яе ратуе сакрамант пакаяння, дзе Бог прабачае і робіць зноў бялейшай за снег.
- Жыллё – каб не пакутаваць ад холаду, Касцёл уводзіць душу у жыллё духоўнае, дзе можна сагрэцца цяплом Езуса Хрыста, святых і не адчуваць холаду ў віхурах свету.
Напрыканцы біскуп Аляксандр запрасіў кожнага імкнуцца да Божай святыні, да Нябеснага Гаспадара Божага дому. Бо толькі ўваходзячы ў брамы храма, душа можа дасягнуць галоўнай мэты чалавечага жыцця – Брамы Валадарства Нябеснага.
Пасля гаміліі адбылася малітва пасвячэння і намашчэння. Напачатку прысутныя маліліся Літаніяй да ўсіх святых, а потым мітрапаліт Юзаф Станеўскі, зняўшы арнат і падперазаўшыся грэміялам, намасціў алтар алеем.
Далей адбылося намашчэнне чатырох крыжоў на сценах святыні і акаджэнне храму і алтара.
Напрыканцы святой Імшы канцлерам курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксяндзом Дзмітрыем Пухальскім быў зачытаны Дэкрэт аб пасвячэнні касцёла.
У гэты дзень прагучалі шматлікія словы падзякі і віншаванняў, а ўвечары парафіяне разам з айцамі кармелітамі сабраліся на пікнік, каб у сямейным коле адсвяткаваць сваю вялікую ўрачыстасць.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
