“Па іхніх пладах пазнаеце іх”. Жыццёвы плён Леакадзіі Дзенісенкі

Прыходзячы на святую Імшу, я часта гляджу на людзей старэйшага веку. Многія з іх пражылі цяжкае жыццё, зведалі страты і нястачы, аднак, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, засталіся вернымі Богу. З ружанцам у руках яны выпрошваюць шматлікія ласкі не толькі для сябе, але і для тых, хто знаходзіцца побач.

У вачах гэтых асобаў прасочваецца дабрыня і мудрасць. У нашых бабуляў і дзядуляў не было педагагічнай адукацыі, а часам і ўвогуле ніякай, аднак яны вучылі і выхоўвалі лепш за настаўнікаў. Дзякуючы іх сціпламу і пабожнаму жыццю, трывалай веры і міласэрнасці было выхавана не адно пакаленне добрых католікаў. У сувязі з гэтым узгадваюцца словы з Евангелля ад Мацвея: “Так кожнае добрае дрэва родзіць добрыя плады, а дрэннае дрэва родзіць дрэнныя плады. Не можа добрае дрэва радзіць дрэнныя плады, ні дрэва дрэннае радзіць добрыя плады”. Сапраўды, кожнае дрэва пазнаецца па плодзе, а чалавек – па нашчадках, якіх ён здолеў выхаваць.

Добрым дрэвам з моцнымі хрысціянскімі каранямі можна назваць Леакадзію Дзенісенка з вёскі Пашкішкі Ашмянскага раёна. Кожную нядзелю і ва ўрачыстасці ў цэнтральнай частцы гальшанскага касцёла можна ўбачыць маленькую ўсмешлівую жанчыну з гарэзлівымі зморшчынкамі ля вачэй. Часцей за ўсё на багаслужэнні яе суправаджае дачка Марыя. Разам з вернікамі парафіянка шчыра моліцца і спявае, ціхутка перабірае пацеркі свайго ружанца, выпрошваючы ласкі для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў, а таксама дар вечнага жыцця для тых, каго ўжо няма побач. У верасні жанчыне споўнілася 89 гадоў. Зразумела, што ўзрост нагадвае пра сябе: з’явіліся пэўныя праблемы са здароўем, няма ранейшага спрыту і жыццёвай энергіі, але душа па-ранейшаму патрабуе жывой прысутнасці Бога.

Час ад часу жанчына прыгадвае пэўныя моманты са свайго жыцця, перыяд свайго дзяцінства. Ігнат і Юзэфа, бацькі Леакадзіі, былі для яе першымі праваднікамі да веры. У той час тата працаваў шаўцом, а мама займалася выхаваннем дзяцей. Іх у сям’і было чацвёра – Вацлаў, Галіна, Леакадзія і Вайцех. Яшчэ адна сястрычка памерла ў дзіцячым узросце. Тады ўся вялікая сям’я жыла ў вёсцы Сенкеняты Іўеўскага раёна. І сёння Леакадзія Ігнацьеўна ўспамінае, як разам з бацькамі, братамі і сястрой наведвала касцёл у Трабах або Нарвілішках. Нядзеля лічылася Божым днём, таму ў касцёл сям’я ішла незалежна ад надвор’я. З ранняга ўзросту дзеці ведалі ўсе малітвы, захоўвалі пасты. З чатырнаццацігадовага ўзросту Леакадзія пачала працаваць у калгасе. Менавіта з гэтага моманту пачалося дарослае і самастойнае жыццё. Аднак, працуючы, дзяўчына знаходзіла час на Бога, жывую размову з Ім.

У гады юнацтва пачалі ўзнікаць першыя думкі пра стварэнне ўласнай сям’і. Перад вачыма Леакадзіі заўсёды быў прыклад таты і мамы, іх моцнай веры і шчырых узаемаадносін. На трывалым хрысціянскім падмурку хацелася пабудаваць і сваю сям’ю. Дзяўчына жадала бачыць побач з сабой адказнага, сталага, але ў той жа час мяккага і лагоднага чалавека. Усе гэтыя якасці яна знайшла ў Францу Дзенісенку, які жыў у суседняй вёсцы і даўно прыязным вокам пазіраў на Леакадзію. У студзені 1956 года маладыя людзі ўзялі шлюб.

Сумеснае жыццё было розным. Леакадзія і Франц разам ездзілі ў касцёл. Яны абодва мелі звонкія і прыгожыя галасы, тонка адчувалі музыку, таму разам спявалі не толькі ў касцёле. Сужэнцаў часта запрашалі на пахаванні, якія адбываліся ў вёсцы. А часам муж і жонка сядалі і без асаблівай нагоды заводзілі чарговую песню. Разам даводзілася не толькі адпачываць, але і працаваць. Франц заўсёды з павагай ставіўся да жонкі, стараўся дакладна выконваць яе просьбы. Напэўна, менавіта гэта акалічнасць і зрабіла іх адносіны трывалымі і моцнымі.

Сапраўднай радасцю і сэнсам жыцця для сям’і Дзенісенкаў сталі іх дзеці – Іван, Галіна, Таццяна і Марыя. Бацькі радаваліся попехам сваіх дачок і сына, разам з імі перажывалі няўдачы. У шчаслівым шлюбе Леакадзія і Франц пражылі трыццаць гадоў. У лютым 1986 года ва ўзросце 54 гадоў Франц адышоў у вечнасць. Доўгі час ён змагаўся з анкалогіяй, але ўрэшце рэшт хвароба перамагла. Леакадзія засталася зусім адна. У той час дзеці былі ўжо дарослымі. Ёй тады яшчэ не было і пяцідзесяці. Многія раілі жынчыне ўладкаваць асабістае жыццё, паўторна выйсці замуж. І многія нават прыязджалі ў сваты. Аднак Леакадзію такая перспектыва зусім не прываблівала. У сэрцы яна хавала светлае і прыгожае пачуццё да свайго мужа. Хоць яго не было фізічна побач, сваё месца ён займаў у сэрцы, думках і памяці жонкі. Удава вырашыла, што зараз увесь свой час і сілы яна будзе аддаваць Богу, а таксама дапамагаць дзецям.

У 1996 годзе Леакадзія Дзенісенка ўвайшла ў Трэці закон святога Францішка. Да гэтай падзеі яна рыхтавалася два гады. Пасля ўступлення ў закон яна стала яшчэ больш сіл і часу прысвячаць касцёлу і Богу. Жанчына ўдзельнічала ва ўсіх пілігрымках, спатканнях. Ёй нават пашчасціла пабываць у Польшчы на спатканні з Янам Паўлам ІІ. Тая сустрэча ўзбагаціла парафіянку, паўплывала на яе светабачанне.

Неўзабавае сталі дарослымі дзеці. Усе яны разбегліся па розных кутках. Малодшая дачка Марыя стварыла сваю сям’ю і пераехала жыць у бацькоўскі дом. Леакадзія Ігнацьеўна дапамагала малодшай дачцэ гадаваць дзетак – Алесю, Алену і Дашу. Для іх яна стала сапраўдным правадніком да веры. Дзякуючы моцнаму характару гаспадыня сачыла не толькі за парадкам у доме, але і за парадкам у роднай вёсцы. Яна арганізоўвала і праводзіла маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы, сачыла за парадкам каля крыжа, займалася яго ўпрыгожваннем і заклікала суседзяў далучацца да добрай справы. На яе ж быў ускладзены і клопат пра хворых. У перадсвяточны час жанчына наведвала знямоглых і хворых суседзяў, складала спіс тых, хто жадае прыступіць да споведзі, а пасля запрашала да іх святара.

Шмат каго сваім прыкладам добрага хрысціянскага жыцця Леакадзія Дзенісенка прывяла да веры. Адным з такіх стаў Уладзімір – муж малодшай дачкі Марыі. Мужчына вырас у каталіцкай сям’і, аднак бацькі не практыкавалі веру, таму пра Бога і сакраманты мужчына амаль нічога не ведаў. Леакадзія Ігнацьеўна бачыла, што яе зяць далёкі ад Бога, таму старалася паступова прыцягнуць яго да веры і жыцця ў асвячальнай ласцы. Першапачаткова мужчына супраціўляўся: каталіцкая вера падавалася яму незразумелай. Аднак з цягам часу праз размовы з цешчай Уладзімір пераканаўся ў тым, што вера – неабходны складнік жыцця кожнага чалавека. Пакрысе стаў наведваць святыя Імшы і прыступаць да сакрамантаў.

Галоўным жыццёвым плёнам Леакадзія Ігнацьеўна лічыць сваіх нашчадкаў: чацвёра дзяцей, дзевяць унукаў і адзінаццаць праўнукаў. Усе яны не забываюць пра самага дарагога і любімага чалавека. Сёння жанчына жыве разам з малодшай дачкой Марыяй, якая атуліла маму клопатам і апекай. Для ўнучак, Алесі, Алены і Дашы, бабуля стала сэрцам сям’і. Хоць дзяўчаты жывуць у сталіцы, але на ўсе каталіцкія святы прыязджаюць да бабулі. З маленства яны прызвычаіліся на свята Божага Нараджэння дзяліцца з бабуляй аплаткам, разам з ёй спяваць калядкі, хадзіць у касцёл на Пастэрку. Як і шмат гадоў таму, яны сумесна рыхтуюць стравы і на велікодны стол. У час падрыхтоўкі да свята прыгадваюць моманты, як колісь разам з бабуляй асвячалі стравы пад мясцовым крыжам. Там збіралася ўся вёска. Гэтыя ўспаміны па-сапраўднаму грэюць сэрца, робяць святы асабліва цёплымі і атмасфернымі.

Леакадзія Ігнацьеўна застаецца аптымісткай і сёння. Нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, яна ўмее радавацца кожнаму новаму дню, лагоднаму восеньскаму сонейку, усмешкам блізкіх і родных людзей. Перабіраючы пацеркі свайго ружанца, яна зноў і зноў дзякуе Богу за багаты плён свайго жыцця, за магчымасць быць побач з самымі роднымі і блізкімі людзьмі, за дар веры. Гэтыя, на першы погляд, простыя акалічнасці робяць жанчыну па-сапраўднаму шчаслівай.

Марта Венславовіч

для друку для друку