Разважанне на Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Год А.

Евангелле Ян 3, 16–18

Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае. Бо не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет, але каб свет быў збаўлены праз Яго. Хто верыць у Яго, не будзе асуджаны, а хто не верыць, той ужо асуджаны, таму што не паверыў у імя Адзінароднага Сына Божага.

“Бог так палюбіў свет…” Несумненна, гэтая цытата з Евангелля Яна з’яўляецца самой сутнасцю, эсэнцыяй, стрыжнем Добрай Навіны ды асноўным евангелізацыйным пасланнем. “Бог так палюбіў свет…” — Ён давёў гэта, аддаўшы за нас свайго Адзінароднага Сына.

Збаўленне ўжо адбылося – мы становімся яго ўдзельнікамі. Бог палюбіў свет і палюбіў мяне.

Ці можам мы ўбачыць Бога знутры? Несумненна, калі Ён любіць нас, то недзе ўнутры Яго павінна быць любоў. Мы адчуваем, што ў Бога павінна быць шмат любові, бо яна пераліваецца спачатку ў стварэнне, потым у адкупленне, дзякуючы якому мы атрымліваем ключы ад нябеснага жытла.

Калі ў Ім крыецца любоў, то павінны быць і зносіны. Нам, людзям, цяжка зразумець любоў, калі няма каго любіць! Бог не самотны, бо ў Ім ёсць любоў. Гэта таксама тое, у што мы верым і вызнаем: Бог існуе ў трох асобах, якімі з’яўляюцца Айцец, Сын і Святы Дух. Бог — гэта бесперапынна ажыўленая сувязь трох Боскіх Асобаў, аб’яднаных у адну прыродай аднаго і адзінага Боства — праз любоў і ў любові.

Любоў — гэта даваць і браць. Адным людзям цяжка даваць, іншым — атрымліваць. Айцец, Сын і Дух Святы маюць зносіны паміж сабой ва ўзаемнай самааддачы, даючы ўсё і прымаючы ўсё. Адзінства сэрца і духу — па-чалавечы сказалі б ы — непераўзыдзены ўзор любові.

Найвялікшым выклікам на працягу стагоддзяў застаецца любоў да ворагаў. І ў гэтым плане Бог моцна апярэджвае чалавека, “бо Бог так палюбіў свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае”. Ён паслаў Яго не асудзіць свет, але, наадварот, збавіць яго! Гэта робіцца моцаю Духа Святога з пакалення ў пакаленне, як прыклад для нас дасканалае Любові.

Разважанне падрыхтаваў кс. д-р Сяргей Сурыновіч

для друку для друку