Чалавек і прыватная ўласнасць: быць ці мець?

Духоўнае вымярэнне чалавека: несмяротная душа, розум і вольная воля – чыняць яго вобразам і падабенствам да Бога, надаючы чалавечай асобе асаблівую годнасць. Аднак чалавек – гэта не толькі душа, але і цела. А значыць, акрамя духоўных патрэбаў яму неабходна заспакоіць і матэрыяльныя. Касцёл навучае, што імкненне да дабрабыту з’яўляецца натуральным правам чалавека, а валоданне маёмасцю – неабходнай умовай для яго годнага жыцця.

Пытанне прыватнай уласнасці настолькі важнае, што Бог даў нам асобную запаведзь – “не крадзі”, якая забараняе забіраць, няслушна ўтрымліваць ці неяк шкодзіць маёмасць, што належыць бліжняму. У той жа час яна загадвае справядліва і з любоўю распараджацца матэрыяльнымі дабротамі і плёнам працы чалавечых рук. Сёмую запаведзь інакш можна сфармуляваць, як “беражы і шануй агульнае дабро і прыватную ўласнасць чалавека”.

Сапраўдным уладаром усяго з’яўляецца Бог. Ён кажа: “Мая зямля, а вы – прыхадні і пасяленцы ў Мяне” (Лев 25,23). Шчодрасць Божых дароў аддадзена, аднак, чалавеку, каб ён імі правільна распараджаўся. З самага пачатку Пан даверыў зямлю і яе багацці супольнаму валоданню ўсяго чалавецтва. Усё, што Ён стварыў, прызначана для ўсяго чалавечага роду. Людзі ж як распарадчыкі гэтых багаццяў павінны памнажаць іх і раздзяляць іх плён паміж сабой, з чаго яны таксама дадуць справаздачу перад Богам. Клопат пра супольнае дабро, аднак, не супярэчыць праву чалавека мець прыватную ўласнасць. Наадварот, уласныя рэчы могуць прынесці карысць не толькі яму самому, але і бліжнім.

Валоданне дабротамі адпавядае чалавечай натуры і годнасці. Сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла бароніць прыватную ўласнасць як штосьці неабходнае для жыцця і аўтаноміі чалавека. Права на валоданне прыватнай уласнасцю – рэчамі, грашыма, нерухомасцю, інтэлектуальнай маёмасцю і так далей – вынікае наўпрост з права чалавека на жыццё, з таго, што ён з’яўляецца асобай, разумнай і вольнай. Каб падтрымліваць жыццё і развівацца, чалавеку абавязкова патрэбныя нейкія даброты. Прыватная ўласнасць задавальняе матэрыяльныя патрэбы чалавека і адначасова спрыяе яго духоўнаму развіццю. Кожная асоба мае права на прыватную ўласнасць у такой меры, у якой гэта неабходна для захавання яе існавання. Асноўнай крыніцай набыцця чагосьці ва ўласнасць з’яўляецца сумленная праца і творчасць.

Чаму важна не толькі “быць” але і “мець”? Чалавек з’яўляецца разумным і вольным па сваёй натуры. Калі ён мае нейкую маёмасць, ён можа ўплываць на свой лёс, планаваць жыццё, вырашаць, што купляць ці што есці. Ён можа творча падыходзіць да будавання свайго жыцця, сваёй будучыні. Чалавек без уласнасці становіцца залежным ад дзяржавы, ад сістэмы, ад тых, хто яго кантралюе, такому чалавеку цяжэй зразумець сваю годнасць як асобы. Кантроль аўтарытарнай дзяржавы над уласнасцю з’яўляецца моцным інструментам кантролю над усім грамадствам. Толькі дзякуючы паўсюднаму дабрабыту асобы, сем’і, іншыя структуры і ўсё грамадства могуць захаваць вольнасць, важную для іх правільнага развіцця.

Маёмасць – гэта неабходная рэч, каб заспакоіць асноўныя патрэбы чалавека ў фізічнай сферы. Гэта сродак для дасягнення мэтаў і выканання жыццёвых абавязкаў: сямейных, працоўных, грамадскіх. Да таго ж прыватная ўласнасць спрыяе духоўнаму развіццю чалавека, дае магчымасць практыкаваць маральныя дабрадзейнасці, любоў да бліжняга.

Тым не менш варта адказна падыходзіць да распараджэння дабротамі і ўдасканальвацца ў гэтым уменні. Каб іх не змарнаваць і не стаць іх нявольнікам. Не важна, колькі чалавек мае, галоўнае – яго ўнутраная настаўленасць на тое, што ён мае, на якое месца ён ставіць тыя ці іншыя даброты. Часта можна пачуць, што грошы псуюць людзей, ды і Пан Езус папярэджваў, што багатаму цяжка ўвайсці ў Валадарства Нябеснае (Мц 19,23). Аднак памятайма, што не з’яўляецца чымсьці кепскім уласнасць сама па сабе, але яе дрэннае выкарыстанне.

Беднасць зусім не з’яўляецца станам, да якога чалавек павінен імкнуцца, каб быць больш чалавечным. Нават наадварот, яна можа быць перашкодай у развіцці асобы і рэалізацыі яе жыццёвага паклікання. Беднасць, убоства можа стаць вынікам несправядлівасці грамадска-эканамічнай сістэмы, граху, злачынства, ляноты ці занядбання. Недахоп сродкаў можа ўвесці чалавека ў роспач, схіліць да граху (напрыклад, каб здабыць сродкі, патрэбныя для жыцця, ён можа карыстацца незаконнымі метадамі), ён можа страціць пачуццё ўласнай годнасці.

Багацце ж, у сваю чаргу, – гэта стан, да якога асобы, сем’і, супольнасці і ўсё грамадства можа і павінна імкнуцца. Калі гэтае багацце здабытае годна, то яно служыць абароне годнасці і выкананню паклікання чалавека. Яно дапамагае рэалізаваць вольны выбар, забяспечыць сваю будучыню і будучыню нашчадкаў. Дзякуючы заможнасці чалавек можа адарвацца ад бясконцага клопату пра асноўныя фізічныя патрэбы і звярнуцца да духоўных, культурных патрэбаў, нават да развіцця рэлігійнага жыцця. Вядома, трэба заўжды памятаць пра небяспеку хцівасці і таму старацца кіраваць даброты гэтага свету на справы Божыя і братнюю любоў.

З іншага боку, багацце не можа быць мэтай само па сабе. Проста, каб больш “мець”. Мэтай з’яўляецца сам чалавек, катораму гэта ўласнасць павінна служыць, яго развіццю як асобы, каб больш “быць”. Багацце не дзейнічае аўтаматычна, бо ўсё, чым распараджаецца чалавек, можа быць выкарыстана ім добра або дрэнна. Можа ўзнікнуць праблема хранічнай недасычанасці, калі чалавек прагне мець усё больш і больш.

У ХХ стагоддзі з’явіўся нават такі выраз, як “цывілізацыя спажывання”. Яна характарызуецца надмерным выдаткаваннем сродкаў на непатрэбныя рэчы, часта штучна навязаныя вытворцамі і рэкламай. Прыбытак, аднак, не можа быць апошняй мэтай гаспадарчай дзейнасці. Бо тады чалавек становіцца толькі спажыўцом, сродкам для дасягнення гэтага прыбытку, што ў сваю чаргу знявольвае чалавека і вядзе да пакланення грашам.

Хрысціянскі жа ідэал гаспадарчага жыцця абапіраецца на веру ў годнасць і несмяротнасць чалавечай душы, на магчымасці будавання сапраўднай супольнасці па прынцыпах любові і справядлівасці. Гаспадарчая дзейнасць і ўласнасць чалавека павінна служыць вечнай мэце, якой ёсць Валадарства Нябеснае, а не перашкаджаць ёй. У гэтым яму дапамагаюць цноты: умеркаванасць, каб дасягнуць раўнавагі ў імкненні да прыемнасці і ўжыванні часовых дабротаў; справядлівасць, каб шанаваць правы іншых людзей; салідарнасць, што заключаецца ў праяўленні братняй любові і сяброўства да ўсіх чалавечых супольнасцяў і ў клопаце пра агульнае дабро.

Чалавек павінен “мець” дзеля таго, каб ён мог “быць” больш шчодрым, велікадушным, адказным за свой лёс, за дабрабыт сваёй сям’і і супольнасцяў, да якіх ён належыць. Каб не трапіць у пастку хцівасці і спажывання, трэба прасіць Бога аб выкананні Яго волі і не забывацца, што дух заўжды мае першынство перад матэрыяй, а чалавек – перад рэччу.

Сястра Дар’я Галубкова OV

для друку для друку