[Арк. 25] Для ўшанавання палякаў, пераважна чальцоў нашых незалежніцкіх арганізацый, расстраляных расіянамі, я пераканаў улады Мінскай акругі ў неабходнасці раскапаць брацкія магілы расстраляных, сфатаграфаваць гэта, а далей атрымаць ад лекараў пасведчанне аб наяўнасці слядоў катаванняў. Гэтыя работы былі праведзены ў лясах, якія акружалі Мінск, і прынеслі нямала цікавага матэрыялу, як напрыклад, тое, што рукі і ногі расстраляных былі звязаныя калючым дротам. Пасля таго, як здымкі зрабілі, я тут жа пры парэштках адправіў пахавальныя малітвы. Доказам можа служыць фатаграфія, змешчаная ў познанскім штотыднёвіку “Przewodnik Katolicki” ад 15 мая 1921 г. №20, з надпісам пад фотаздымкам “Ксёндз Усас блаславіў памерлых герояў”. На наступны дзень адбывалася ўрачыстае жалобнае набажэнства ў падамініканскім касцёле, а памінальныя прамовы ў гонар расстраляных прамаўлялі пераважна кс. Антоні Александровіч, вайсковы капелан альбо “златавусты прапаведнік” ксёндз-прафесар Эдвард Швейніц – пазней першы рэктар і арганізатар акадэмічнага касцёла Св. Ганны ў Варшаве, на жаль, рана памерлы.
Ксёндз-біскуп Лазінскі да моманту знаходжання асобнага будынка вырашыў, што новапаўсталая Духоўная семінарыя будзе часова размяшчацца ў падамініканскіх памяшканнях, для чаго я вызначыў першы паверх кляштарнага будынку. Перамовы з грамадзянскімі ўладамі аб пабернардзінскім будынку для семінарыі прынеслі пазітыўны вынік 12 лістапада 1919 г. З’явілася рашэнне аб перадачы будынка, у якім пражывала некалькіх праваслаўных манахаў, каталіцкаму духавенству. 18 лістапада ксёндз-біскуп Лазінскі прызначыў камісію для прыёму пабернардзінскага будынка, у склад якой увайшлі ксяндзы Юзаф Зэльба, Андрэй Цікота і Браніслаў Усас. Гэтая камісія ажыццявіла прыём пабернардзінскага будынка ксяндзамі ад праваслаўных манахаў на падставе акта прыёму, тэкст якога я адрэдагаваў, а пасля ён быў прыняты і падпісаны як каталіцкімі святарамі, так і праваслаўным духавенствам, а таксама іераманахам Іларыёнам – прадстаўніком праваслаўных манахаў. Дадаю ўрывак тэксту гэтага дакумента як доказ гуманнага выканання рэвіндыкацыі нашай ранейшай касцельнай уласнасці ад часовых уладальнікаў:
“…Што ж да часу фактычнага пераходу касцёла і кляштара каталіцкім уладам, Камісія пастанавіла наступнае:
a) 6/19 лістапада кс. Цікота, рэктар пабернардзінскага касцёла, займае адно свабоднае памяшканне ў кляштары;
b) 6/19 лістапада а 12 гадзіне пачнецца вынясенне царкоўных рэчаў у адну з незанятых кляштарных келляў у прысутнасці прадстаўнікоў праваслаўнага і каталіцкага бакоў;
c) Келлі, занятыя чатырма [праваслаўнымі] манахамі, павінны быць вызвалены да 21.11./4.12.1919 г.
[Арк. 26]. d) Усе незанятыя келлі адразу пераходзяць у распараджэнне кс. Цікоты.
Заўвага: У выпадку немагчымасці з-за недахопу матэрыяльных сродкаў перамяшчэння манахаў у вызначанае ім іх уладамі месца да вызначанага ім часу да 24.11./7.12.1919 г., іх рэчы павінны быць складзены ў адной з кляштарных келляў, а самі святары з дазволу кс. Усаса – рэктара падамініканскага касцёла – атрымаюць на два тыдні жыллё ў падамініканскіх будынках.
Каталіцкі бок абяцае дапамагчы манахам вывезці іх рэчы з дапамогай машыны”.
Для рэвіндыкацыі пабернардзінскіх будынкаў Саюз Хрысціянскай Дэмакратыі ў Мінску Літоўскім, які складаўся з некальціх соцен рабочых і інтэлігенцыі, выбраў Камісію ў складзе: ксяндза-рэктара падамініканскага касцёла Браніслава Усаса, Мечыслава Палікоўскага, Паўла Зянковіча і Пятра Крызана, для распрацоўкі пастановы аб вяртанні каталіцкаму насельніцтву Мінска некаторых скасаваных касцёлаў, дамоў і пакляштарных будынкаў. Пастанова ўтрымлівае сціслыя, кароткія звесткі, якія грунтуюцца на гістарычных дакументах, а таксама просьбу аб выкананні гэтай справы не бюракратычным чынам, а маючы на ўвазе патрэбы каталіцкага насельніцтва. Гэтая пастанова ў значнай ступені спрычынілася да паскарэння прыняцця рашэння аб вяртанні католікам пабернардзінскага кляштара, дзе была адкрыта рымска-каталіцкая духоўная семінарыя.
У верасні 1918 г. у Мінск прыехала некалькі манахінь-бэнэдыктынак, выселеных расійскім урадам падчас эвакуацыі Коўна. Яны часова пасяліліся ў Пецярбурзе, адкуль, аднак, з-за недахопу матэрыяльных сродкаў, а таксама рэвалюцыйных падзей уцяклі ў Мінск з надзеяй, што ім удасца перайсці граніцу і вярнуцца ў Коўна. Я даў ім магчымасць часовага пражывання ў падамініканскіх будынках. Пасля я адправіўся да княгіні Магдалены Радзівіл, уласніцы маёнтка Жарновец – за 18 вёрст ад Мінска – і атрымаў ад яе вілу з пяццю пакоямі, якая, аднак, знаходзілася каля Залатагорскіх могілак. Манахіні з ахвотай пасяліліся на гэтай віле. Са згоды адміністратара дыяцэзіі кс. О’Рурка зрабілі там капліцу і прынялі некалькі чалавек у навіцыят.
Ад моманту атрымання магчымасці сувязі з мацярынскім кляштарам у Коўне яны мелі намер атрымаць дазвол на стварэнне пастаяннай фундацыі сясцёр-бэнэдыктынак у Мінску. Пасля прыходу палякаў у Мінск манахіні выехалі ў Коўна для атрымання канчатковага рашэння. На жаль, рэалізаваць свой намер не [арк. 27] змаглі праз заняцце Мінска Чырвонай арміяй. Дом сясцёр-бэнэдыктынак у Мінску перастаў існаваць.
Кіраванне польскіх уладаў у Мінску, якое прадказвала польскаму насельніцтву бліскучую будучыню, на жаль, прадоўжылася менш за год: ад 8 жніўня 1919 г. да 10 ліпеня 1920 г. Пасля гэтай даты для польскага насельніцтва ў Мінску зноў наступілі смутныя і цяжкія часы. Няўдалае наступленне Пілсудскага на Кіеў выклікала тое, што савецкія войскі ў жніўні 1920 г. апынуліся пад Варшавай. Бітва пад Радзымінам дала магчымасць адкінуць савецкія войскі з нашай тэрыторыі. Польскае войска хоць і заняло зноў Мінск, але ў выніку перамоваў пра часовае перамір’е было вымушана, у адпаведнасці з умовамі, адступіць аж да станцыі Стоўбцы.
Пасля падпісання мірнай дамовы, у адпаведнасці з яе ўмовамі, у Мінску знаходзілася польская дэлегацыя па справах, звязаных з перамір’ем. Яе чальцом быў і я як намеснік Упаўнаважанага Польскага Чырвонага Крыжа. Да асноўных маіх абавязкаў належалі пытанні параненых і ваеннапалонных, аказанне ім дапамогі, адведзіны ў шпіталях параненых, а таксама правядзенне перамоваў аб вяртанні палонных на радзіму.
У Мінску я пасяліўся ў гатэлі разам з іншымі чальцамі польскай дэлегацыі і быў тут аж да падпісання 19 сакавіка 1921 г. у Рызе мірнай дамовы з Расіяй. Пасля вяртання ў Польшчу я прадставіў у Галоўным Упраўленні Польскага Чырвонага Крыжа ў Варшаве падрабязную справаздачу аб маёй працы як намесніка Упаўнаважанага Польскага Чырвонага Крыжа за перыяд ад кастрычніка 1920 да 19 сакавіка 1921 г.
Акрэсліваючы кароткую гісторыю справы рэвіндыкацыі будынкаў падамініканскага касцёла ў Мінску Літоўскім, лічу, што для таго, каб прадставіць поўнасцю сітуацыю, неабходна хаця б некалькі словаў сказаць пра ксяндзоў, якія сваёй працай спрычыніліся да таго, каб у перыяд І Сусветнай вайны [і] у 1918–1920 гадах падамініканскі касцёл стаў галоўным цэнтрам рэлігійнага жыцця мясцовага насельніцтва. І, без перабольшвання, быў адным з самых папулярных касцёлаў Мінска. Тут працавалі ксяндзы Эдвард Швейніц, Антоні Александровіч, Юзаф Пільх і Уладзіслаў Каліноўскі.
Маім галоўным супрацоўнікам і дарадцам быў ксёндз Швейніц – тагачасны прафесар Духоўнай семінарыі. У 1914 – 1918 гг ён быў прэфектам школ у Пецярбурзе. Дзякуючы падтрымцы некалькіх заможных палякаў, у тым ліку перадусім Францішка Скомпскага, ён змог купіць дом графа Рыбап’ера ля вуліцы Крукаў Канал, у якім заснаваў студэнцкі інтэрнат. З часам гэты дом стаў галоўным цэнтрам працы сярод каталіцкай студэнцкай моладзі ў Пецярбурзе.
У 1918 г. кс. Швейніц вярнуўся ў Мінск, адкуль быў родам, і пасля маёй прапановы пасяліўся пры падамініканскім касцёле. Тут ён заснаваў новае таварыства для студэнцкай моладзі пад назвай Juventus Christiana, якое да сённяшняга дня існуе і развіваецца ў некаторых універсітэцкіх цэнтрах Польшчы.
Па ініцыятыве кс. Каліноўскага кс. Швейніц спрычыніўся да арганізацыі некалькіх груп з вучняў і вучаніц сярэдніх школ, якія пачалі клапаціцца пра адзінокіх людзей пажылога ўзросту і часта вельмі хворых. Падамініканскі касцёл вёў картатэку людзей, якія патрабавалі дапамогі. Такіх людзей, якіх па даручэнні ксяндза моладзь наведвала штодзённа, налічвалася да сарака. Агульная ж колькасць тых, хто патрабаваў апекі і дапамогі, і тых, якім дапамагаў касцёл прынамсі раз на тыдзень, даходзіла да васьмідзесяці. Лекарскую дапамогу гэтым людзям аказвала група маладых медсясцёр пад кіраўніцтвам Марыі Верліжанкі, якая адначасова выконвала абавязкі кіраўніка швейнай майстэрні пры тым жа касцёле.
Пра працу кс. Антонія Александровіча і кс. Юзафа Пільха я ўжо казаў раней, таму цяпер успомню толькі пра кс. Уладзіслава Каліноўскага – роднага брата айца Рафала, вядомага аднаўляльніка кармеліцкага жыцця ў Польшчы.
Кс. Уладзіслаў Каліноўскі, будучы ўжо ў сталым узросце, раней пастаянна пераследаваны расійскімі ўладамі, быў, аднак, чалавекам нязломленай энергіі, ініцыятывы і вытрымкі. Дзякуючы асабістай бескарыснасці змог атрымаць сістэматычную дапамогу ад некалькіх заможных зямянскіх сем’яў, выкарыстоўваючы ўсе гэтыя сродкі на патрэбы хворых і адзінокіх.
Я згадваю пра гэтую працу ксяндзоў Швейніца і Каліноўскага яшчэ і таму, што работа, якая імі вялася, ніколі дагэтуль не рабілася ў такіх памерах у аніводным касцёле на Міншчыне.
- будынак бернардзінскага касцёла і кляштара (выява з spadchina.by)
- кс. Андрэй Цiкота (krynica.info)
- будынкі пабернардзінскага касцёла і кляштара ў пачатку ХХ ст. (фота spadchina.by)
- Магдалена Радзівіл
Раіса Зянюк, пераклад і падрыхтоўка да друку
На гэтым успаміны пра “мінскі перыяд” заканчваюцца.
Зацікаўленых спадчынай кс. Усаса даследчыкаў чакаюць яго зборы ў бібліятэцы Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ.
