Асвячэнне прыдарожнага крыжа і фэст у гонар святога Андрэя Баболі адбыліся ў вёсцы Дворнава

16 мая, у вігілію ўрачыстасці святога Андрэя Баболі, вернікі лужкаўскай парафіі сабраліся ў вёсцы Дворнава (Шаркаўшчынскі раён, Віцебская вобласць) на традыцыйны фэст, бо капліца, якая знаходзіцца там, тытулована імем святога мучаніка.

Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ўзначаліў кс. Ян Пугачоў, пробашч парафіі ў Германавічах. У Літургіі ўдзельнічалі таксама кс. Уладзімір Шыдлоўскі і кс. Генадзь Рэйшэль.

Гамілію прамовіў кс. Уладзімір, які звярнуў увагу сабраных на пачатак культу святога Андрэя Баболі, звязанага з цудам праз яго заступніцтва і ўратаванне палескага краю ад эпідэміі чумы напачатку ХІІІ стагоддзя. Як адзначыў святар, у ХХІ стагоддзі прыклад руплівасці святога Баболі ў справе евангелізацыі і катэхізацыі не губляе сваёй актуальнасці. Падцвярджэннем значнасці асобы мучаніка, які нёс святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся і за сваё апостальскае служэнне на Піншчыне быў жорстка забіты казакамі, стаў і верш Я.Купалы “Святы Андрэй Баболя. Мучанік Беларусі”, які быў зачытаны святаром.

Далей адбылася адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой сабраныя маліліся адмысловую літанію, просячы заступніцтва святога Андрэя Баболі.

Парафіяльная ўрачыстасць стала таксама нагодай для асвячэння прыдарожнага крыжа, які нарэшце ўстанавілі ў вёсцы Дворнава. З ініцыятывай ўстаноўкі крыжа выступіў кс. Ян Пугачоў. Яго ідэю падтрымалі парафіяне і пачалася крапатлівая праца па ажыццяўленню гэтай задумы. Перад устаноўкай крыжа вяскоўцы разам з пробашчам прымалі рашэнне, у якім месцы яго ўзвесці. Часцей за ўсё крыжы ўзводзілі пры дарозе, каля вёскi, у вёсцы блiжэй да цэнтра, на скрыжаваннях дарог, а таксама пры дарозе, якая выходзiць з вёскi, каб засцерагчы ад нягод жыхароў, якія неслі эпідэміі, стыхіі, войны, пажары і іншыя напасці. Ставілі крыжы пры крыніцах і рэках як памяць аб хрышчэнні народа. Першыя прыдарожныя крыжы з’явіліся ў апостальскія часы. Іх узнімалі святыя апосталы, абвяшчаючы жыхарам аб пачатку ў іх землях хрысціянскай пропаведзі.

Арганізацыяй вырабу і ўсталяваннем крыжа займаліся адказныя асобы, на якіх былі ўскладзеныя адпаведныя абавязкі. Дзякуючы ўсім, хто духоўным і матэрыяльным чынам паспрыяў гэтай справе, усталяванне крыжа заняло даволі кароткі час. Каля падножжа крыжа зрабілі невялікі насып з камення, які сімвалізуе Галгофу, вакол пасадзілі туі і кветкі. Хочацца адзначыць і той факт, што гэтая праца аб’яднала людзей розных канфесій.

Падчас асвячэння крыжа ўсе мясцовыя вернікі з’ядналіся на малітве. Нават тыя, хто па розных прычынах не змог прысутнічыць на набажэнстве, малілі Бога за сябе і сваіх блізкіх, за Каталіцкі Касцёл, за Касцёл у Беларусі, за біскупа Алега Буткевіча, за дзяржаву і тых, хто ёю кіруе, за мір і супакой ва ўсім свеце.

Як адзначыў кс. Уладзімір, усталяванне крыжоў і іх ушанаванне гэта адказ чалавецтва на Божую любоў, таму няхай гэты крыж знаходзіцца тут заўжды як знак нашай веры і малітвы сённяшняга пакалення, моц Духа Святога няхай напаўняе кожнага сваім святлом, мудрасцю і любоўю, а таксама дапаможа захаваць і перадаць нашчадкам гэтую святыню.

Молячыся, святар даверыў Богу ўсіх тых, хто будзе ўшаноўваць і даглядаць гэты прыдарождны крыж.

Свята скончылася канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі артысты Германавіцкага цэнтра культуры і народных традыцый. Цудоўнаму і ўзнёсламу настрою спрыяла і цёплае сонечнае надвор’е.

Ірына Машара, парафіянка касцёла Святога Міхала Арханёла (в.Лужкі Шаркаўшчынскі раён)

для друку для друку