У сённяшнім звар’яцелым свеце ідэя гомасексуалізму ахоплівае чарговыя краіны. У адных ужо рэгіструюць партнёрскія саюзы асобаў аднаго полу, у іншых дазволілі ўсынаўленне. Але свет звар’яцеў не сёння. Пра гэта сведчыць гісторыя Караля Луангі, прадстаўніка чорнага кантынента ў пантэоне каталіцкіх святых.
Караль, нараджэнец Уганды, маляўнічай краіны на беразе возера Вікторыя ў Афрыцы. Чалавек знатнага паходжання, кіраўнік свайго племені, з вялікім аўтарытэтам сярод сваіх аднапляменцаў. Нягледзячы на дастаткова малады ўзрост, ён рабіў імклівую палітычную кар’еру ў сваёй дзяржаве.
У другой палове 19 ст. у краіну Караля Луангі, ва Уганду, прыбываюць хрысціянскія місіянеры – напачатку англікане, а трошкі пазней католікі. У гэты час таксама сваю місію праводзяць мусульмане. Мясцовыя жыхары з адкрытасцю прымаюць веру ў Хрыста, вучацца новым рэлігійным абрадам, спосабам малітвы, таксама з ўсёй душой прымаюць маральнае навучанне Евангелля. Яны адмаўляюцца ад розных грахоўных учынкаў і звычаяў, якія яшчэ нядаўна былі штодзённасцю ўсяго грамадства. У адрозненні ад іншых, мясцовы валадар не прыняў хросту, а стаў мусульманінам. Прычына больш чым банальная: маючы вялікі гарэм, ён не хацеў ад яго адмаўляцца. І хоць Караль захоўваў падазронасць да ўсіх, хто прымаў Хрыста як свайго Бога, нікога не пераследаваў за веру.
Ганенні пачаліся, калі ўладу атрымаў сын валадара. Даследчыкі да канца не высветлілі, ці быў ён проста самадурам, псіхічна хворым або надзвычай пажадлівым чалавекам. Новы валадар адразу распачаў пераследаваць і забіваць хрысціян незалежна ад канфесійнай прыналежнасці. Першымі загінулі група англіканаў і іх мясцовы біскуп. А пазней чарга дайшла і да католікаў.
Так сталася, што двор Караля сапраўды зрабіўся месцам евангелізацыі: веру прымалі і міністры, і чыноўнікі, і звычайныя слугі. Караль у гэты час займае важную пасаду кіраўніка асабістых слуг валадара. У большасці гэта прыгожыя хлопцы і мужчыны. Манарх, выкарыстоўваючы сваю ўладу згодна са звычаем, што яму ўсё і ўсе падуладныя, змушае іх да садомскага граху. Больш за тое: менавіта гэты грэх валадар учыняе момантам богаадступніцтва – патрабуе зграшыць перад ім, каб даказаць вольнасць ад хрысціянскіх правілаў жыцця і даказаць лаяльнасць палітычнаму начальству. Адмова, са спасылкай на Евангелле Хрыста, настолькі раз’юшыла валадара, што распачынаюцца крывавыя ганенні. Апісанні жахлівыя: поўны набор сродкаў прыніжэння і ламання чалавека – адсячэнне рук і ног, выразанне частак цела, пасаджэнне на кол, спаленне жыўцом.
Караль разам з іншымі прымае смерць праз спаленне жыўцом. Сіла яго веры была такой неймавернай, што нават у вязніцы, чакаючы пакарання, ён здолеў схіліць у веру некалькі сукамернікаў. Паміраючы, ён падбадзёрвае сваіх паплечнікаў: “Праз некалькі хвілін мы з вамі сустрэнемся ў раі!”
Караль – адважны чалавек, які для Хрыста не пашкадаваў свайго шляхетнага паходжання, чыноўніцкай пасады, кар’еры, сваёй маладосці і нават жыцця. Яго мучаніцтва праслаўляюць разам католікі і англікане. Сёння ў краіне Караля, ва Угандзе, каля 5 000 000 хрысціянаў.
Каталіцкі Касцёл успамінае святога Караля Луанга і паплечнікаў 3 чэрвеня.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч, марыянін з Росіцы
