Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч 19 кастрычніка прыняў удзел у агульнай аўдыенцыі на плошчы Св. Пятра, пасля якой, разам з Апостальскім візітатарам для грэка-католікаў Беларусі, архімандрытам Сяргеем Гаекам, перадаў Папу Францішку яго ж кнігу “Імя Бога – Міласэрнасць” у перакладзе на беларускую мову.
Кароткая размова са Святым Айцом, хаця і адбывалася на працягу некалькіх хвілін, але заставіла вялікія ўражанні, падзяліўся эмоцыямі беларускі іерарх. “Вядома, для мяне вельмі прыемна было бачыць усмешку Святога Айца, які трымаў у руках сваю ж кнігу ў перакладзе на беларускую мову. Пантыфік шчыра прызнаўся, што не разумее нашай мовы, але падзякаваў за тое, што гэты пераклад адбыўся. І для нас гэта важная падзея, таму што гэта знак таго, што мы ў Беларусі ўсур’ёз успрымаем заахвочванне Папы перажыць Год Міласэрнасці, шукаючы шляхі і магчымасці для адказу на заклік Езуса Хрыста “Быць міласэрнымі, як Айцец”, — сказаў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё біскуп Буткевіч.
Трэба нагадаць, што кніга Папы Францішка “Імя Бога – Міласэрнасць” выйшла з нагоды Юбілейнага Святога Года Міласэрнасці. А яе пераклад на беларускую мову стаў адказам на яго. “Лічу, што Год Міласэрнасці быў прыняты сярод вернікаў, у тым ліку праз дзейнасць у Беларусі дабрачыннай арганізацыі “Карытас”, якая шмат сёлета зрабіла для тых людзей, якія знаходзяцца ў патрэбе. Напэўна, гэты Год быў патрэбны для паглыблення свядомасці таго, кім сапраўды з’яўляецца Бог для чалавека, што гэта не толькі суддзя, але, перш за ўсё, Той, да Каго можна ў патрэбе звярнуцца, разлічваючы на Яго зразуменне, патрымку і прабачэнне. Ну і важным момантам было для саміх сябе, для нас, хрысціянаў, адказаць на пытанне, наколькі мы здольныя заўважыць іншага чалавека, прабачыць іншаму чалавеку, аказаць яму міласэрнасць”, — адзначыў беларускі іерарх.
Сапраўдныя плёны Года Міласэрнасці можна будзе бачыць, напэўна, і не так хутка, падкрэсліў біскуп Віцебскі, але тое, што кніга Папы ў перакладзе на беларускую мову дала адказы на шматлікія пытанні і дапамагла наблізіцца да шляху міласэрнасці, гэта відавочна.

Святы Айцец падпісвае кнігу супрацоўніку беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Аляксандру Панчанку, які пераклаў яе на беларускую мову
Фота беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!
