20 гадоў служэння ў Афрыцы: беларускі святар пра сваё жыццё і дзейнасць у Сьера-Леонэ

Беларускі салезіянскі святар Сяргей Гоман родам з Дзятлава. Ужо дваццаць гадоў ён служыць у Афрыцы. Раз на два гады айцец прыязджае на Радзіму. “Каталіцкі Веснік” сустрэўся з місіянерам і паразмаўляў з ім пра жыццё і місію на афрыканскім кантыненце.

– Айцец Сяргей, як распачалося Ваша служэнне ў Афрыцы?

– Яшчэ будучы семінарыстам, я ніколі не хацеў ехаць менавіта ў Афрыку. Думаў проста пра місію, можа, у Азейбарджане ці Манголіі, дзе тады распачыналі сваё служэнне салезіяне. Напісаў ліст і ўдакладніў, каб мяне не высылалі ў “цёплую” краіну, бо я сапраўды моцна пакутую ад спякоты. Праз некаторы час прыйшоў адказ ад генеральнага настаяцеля з Рыма, што я еду менавіта ў Заходнюю Афрыку.

– Выходзіць, што Ваша духоўная фармацыя праходзіла на афрыканскім кантыненце?

– Так, трапіўшы ў Афрыку на служэнне, я быў 22-гадовым клерыкам. Спачатку паехаў у Ірландыю, каб вывучыць англійскую мову. Потым мяне накіравалі ў Гану. Там год быў на своеасаблівай практыцы-стажыроўцы. Потым мяне на чатыры гады адправілі ў Кенію на тэалагічнае навучанне ў міжканфесійны каледж. У нашым класе было каля 120 чалавек. Тады я шмат з кім пазнаёміўся, і зараз часам сустракаю сваіх аднакурснікаў у розных частках Афрыкі.

Семінарыстаў-місіянераў звычайна не адпускаюць дамоў. Толькі калі становішся дыяканам, ёсць мажлівасць паехаць на канікулы. Таму падчас гэтага перыяду нас накіроўвалі на практыку ў тыя месцы, дзе служаць салезіяне. Так я пабываў ва Угандзе, у Танзаніі, Нігерыі і крыху пазнаёміўся з афрыканскай культурай. Год я быў дыяканам у Сьера-Леонэ, і потым стаў першым салезіянскім святаром, пасвечаным менавіта ў гэтай краіне. Тут я знаходжуся па сённяшні дзень.

Як выглядае сітуацыя з хрысціянствам у Сьера-Леонэ?

– Асноўная частка насельніцтва ў Сьера-Леонэ – мусульмане. Хрысціянства ж дало моцны штуршок у сферы адукацыі: 65% школ належаць да каталіцкай місіі. Не таму, што ў краіне шмат католікаў, а таму, што місіянеры, якія ў свой час тут служылі, найперш будавалі калодзеж і школу. Праз дзяцей місіянеры звярталіся да бацькоў, і такім чынам адбывалася евангелізацыя. І ўжо потым будавалася маленькая каплічка.

У свой час я таксама ўладкаваў чатыры калодзежы, чатыры капліцы, адрамантаваў школу, дабудаваў святыню. Але гэты працэс евангелізацыі, на жаль, не такі хуткі: будынак узвесці нашмат прасцей, чым стварыць супольнасць вернікаў. Самае важнае не пабудова і не пэўныя фінансы, але магчымасць жыць разам з людзьмі і быць сярод іх.

– Як рэагуюць на Вашу місіянерскую дзейнасць мясцовыя жыхары?

– У горадзе ў асноўным да місіянера ставяцца з павагай як да “белага” чалавека, каторы мае грошы. Часта яны бачаць і матэрыяльную карысць. У вёсцы ж, наадварот, усё па-іншаму: трэба ісці спачатку да правадыра племені. Ён можа аказаць вялікую дапамогу. Асабліва, калі становіцца католікам. Тады нярэдка дае зямельны надзел пад будаўніцтва святыні, бо зямля належыць вёсцы. Правадыр ведае, што заўсёды там, дзе будзе капліца, ёсць пэўнае развіццё і інфраструктура.

– Якія Вашы асноўныя абавязкі зараз?

– Сёння салезіяне ў Фрытаўне маюць своеасаблівае сацыяльнае служэнне, якое складаецца з васьмі праграм. Я і мае браты аказваем дапамогу маладым пацярпелым прастытуткам і тым дзецям, якія пацярпелі ад гвалту. Падтрымліваем зняволеных асобаў і дзяцей, ад якіх усе адмовіліся. Займаемся “дзецьмі вуліцы”, што сышлі з дому па розных прычынах.

Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра гэтыя праграмы…

– Першая праграма накіравана на дапамогу маладым прастытуткам. Для дзяўчат 12-16 гадоў салезіяне арганізавалі адмысловы цэнтр. У нас ёсць сацыяльныя работнікі, якія ходзяць па розных барах і шукаюць там дзяўчынак. Часта іх выкарыстоўваюць за вельмі маленькія грошы, можа, нават за 0,5$, каб толькі, напрыклад, іх маці або хтосьці з іншых родных, якія накіравалі іх туды, былі задаволеныя. Мы прапаноўваем гэтым дзяўчынкам альтэрнатыву: быць цырульнікам, кухарам або швачкай. Калі яны згаджаюцца на дапамогу, мы стараемся ўвасобіць іх няспраўджаныя мары.

Гэтай праграме каля шасці гадоў. Прыкладна 260 дзяўчынак мы адгаварылі ад прастытуцыі. Некаторыя ўжо маюць нават свае салоны прыгажосці, працуюць у рэстаранах. Але, на жаль, не кожная згаджаецца адразу з намі змяніць сваё жыццё. Праз пэўны час дзяўчаты ўсё ж тэлефануюць нам, але яны маюць ужо шмат венерычных хваробаў. Лячэнне каштуе дорага. Былі выпадкі, калі некаторыя дзяўчынкі паміралі.

Зараз у нашым цэнтры – 45 маладых прастытутак. Некаторыя з іх нарадзілі. Таму ў нас зараз шасцёра дзяцей. Ёсць яшчэ васьмёра малых, таксама народжаных ад сексуальнага гвалту. Часта іх мамы яшчэ самі дзеці і не ведаюць, што і як правільна рабіць. Таму народжанымі ў нашым цэнтры займаюцца вызначаныя людзі.

Другая праграма накіравана на дапамогу дзецям, якія па розных прычынах зведалі сексуальны і фізічны гвалт. Калі я выязджаў у Беларусь, у нашым цэнты было 56 такіх чалавек. Самай маленькай дзяўчынцы – 1 год і 3 месяцы, яе згвалтаваў родны тата. Гэтых малых нам прысылае міліцыя, бо толькі мы маем такі цэнтр у Сьера-Леонэ. Прымаем і тых дзяцей, з якіх фізічна здзекаваліся дома. У нас ёсць дзяўчынка, каторая не дачакалася вячэры, была галодная і з’ела кусок рыбы. Маці, убачыўшы гэта, усунула рукі дачкі ў алей, які кіпеў.

Таксама ёсць такое паняцце, як “замуж па прымусе ў маладым узросце”. Напрыклад, была сітуацыя, што стары 70-гадовы мужчына купіў сабе 16-ці гадовую дзяўчынку ў яе маці за тры мяхі рысу і пяць коз. Нам патэлефанавалі суседзі і распавялі гэтую гісторыю. Тады мы паехалі туды, каб разабрацца.

Салезіяне стараюцца ездзіць па вёсках і распаўсюджваць там плакаты пра тое, што такое замужжа караецца. Ёсць таксама вызначаныя кансультанты, якія займаюцца тым, каб пасадзіць гэтых людзей у турму. Але тыя часта ідуць да бацькоў і прапаноўваюць ім грошы, каб не даводзіць справу да суда.

Згвалтаваныя сямі-, васьмі-, дзевяцігадовыя дзяўчынкі часта патрабуюць сур’ёзнай медыцынскай дапамогі. І цяжка працаваць з такой колькасцю людзей. Яны жывуць усе разам, бо няма магчымасці іх рассяліць. Сацыяльныя работнікі стараюцца дапамагаць кожнаму і размаўляюць з імі. Калі мы бачым, што дзяўчынка прайшла рэабілітацыю і адчувае сябе лепш, мы аддаём гэта дзіця ў яе сям’ю. Два-тры гады назіраем за сітуацыяй, каб усё было бяспечна. Калі сям’я бедная, стараемся па магчымасці дапамагчы.

– А якая дапамога аказваецца хлопчыкам?

– Для хлопчыкаў маем два цэнтры. Адзін з іх – для “дзяцей вуліцы”. Там можам размясціць пяцьдзясят чалавек, на жаль, больш няма магчымасці. Раз на паўгода мы ездзім па вуліцах і шукаем тых, хто там спіць. Гэта хлопчыкі ад 6 да 12 гадоў. У асноўным яны збягаюць з дому з-за цяжкай працы або з-за таго, што іх білі, часам шукаюць лепшага жыцця. Мы едзем да іх бацькоў і даведваемся прычыну, па якой яны збеглі. Часта абяцаем ім фінансавую дапамогу, і ў асноўным хлопчыкаў забіраюць дамоў.

85% застаецца ў сем’ях, 15% па нейкіх прычынах зноў уцякаюць на вуліцу. Некаторыя пачалі прымаць наркотыкі, і ў сям’і ім ужо складана жыць. Такім дзецям мы даём другі шанец. Большасць пасля нашага цэнтра маюць сем’і, працу і яны ўдзячныя нам. Аднак некаторыя ўсё ж трапляюць ў турму або ўвогуле гінуць. Былі выпадкі, калі пасля двух дзён прабывання дзіця знікала і з нашым матрацам, і з падушкай, прадаючы ўсё гэта за наркотыкі. Адзін наш падапечны краў у нас рэчы пяць ці шэсць разоў. Але мы яго зноў прымалі да сябе. А цяпер ён добры электрык. Такіх выпадкаў, канешне, няшмат, але мы радыя любому змяненню да лепшага. Кожную нядзелю праводзіцца святая Імша для дзяцей, якія жывуць з намі.

– Вы прыгадвалі дапамогу вязням. У чым яна заключаецца?

– Раней салезіяне хадзілі ў турму толькі для правядзення святой Імшы. Але пасля мы зразумелі, што там шмат тых, хто пакутуе ад недаядання, хваробаў. Ёсць там і праблемы з вадой. У турме, якая была пабудавана для 350 чалавек, зараз знаходзіцца 1400 вязняў. Мы пабудавалі калодзеж для таго, каб людзі змаглі піць, і прымітыўныя душавыя кабінкі, каб памыцца. Нашы сацыяльныя работнікі выбіраюць самых слабых і хворых. Стараюцца даць ім ежу, садавіну, дапамагаюць з медыцынай. Пазней, калі вязні становяцца мацнейшымі, дапамагаем наступным.

Самае лепшае месца для мяне сёння – турма. 260 вязняў сядзяць шчыльна адзін да аднаго, у цішыні, заўсёды слухаюць, што скажа святар. Яны ўжо страцілі надзею на чалавека. Засталася надзея толькі на Бога, якая яскрава праяўляецца ў іх песнях праслаўлення. Кожны год сакрамант хросту прымае каля 35 вязняў. Ёсць класы для зняволеных, дзе мы вучым іх пісаць і чытаць, карыстацца камп’ютарам. Салезіяне знайшлі таксама спонсараў, якія дапамагаюць людзям пасля турмы ў навучанні. На дадзены момант шэсць чалавек навучаецца быць цеслярамі-мулярамі, два мужчыны будуць займацца шыццём, тры чалавекі стануць электрыкамі. Такім чынам, у гэтых людзей будзе магчымасць спакойна працаваць пасля турмы і дзесьці ўладкавацца.

Што да астатніх праграм, то ў нас ёсць таксама гарачая “лінія крызісу”. Людзі тэлефануюць сюды і распавядаюць пра свае праблемы або цікавяцца пэўнай інфармацыяй. Тэлефон працуе дваццаць чатыры гадзіны. Мы прымаем каля 800 званкоў у месяц. Часам з вёскі людзі не могуць даехаць у горад, таму ім лепш пазваніць. Яшчэ салезіяне маюць аўтобус, які пяць разоў на тыдзень выяздждае на вуліцы сталіцы – Фрытаўна. Так мы спрыяем тым, хто мае патрэбу ў ежы, даём ім неабходныя рэчы, аказваем першую медыцынскую дапамогу. Таксама мы падтрымліваем маладых прастытутак, якія не жывуць у нашым сацыяльным цэнтры. Плацім за іх вучобу, стараемся даць ім некаторыя грошы на ежу, вырашаем праблемы з жыллём. Зараз у нас 450 такіх дзяўчат.

– Вы працуеце з вельмі вялікай колькасцю людзей. Што найбольш падабаецца ў мясцовых жыхарах?

– Яны не кажуць гучныя словы ўдзячнасці, але на іх твары заўсёды яна бачная. І хочацца працаваць для гэтага і старацца. Яшчэ падабаецца тое, што, калі спытаеш у мясцовага жыхара, як справы, ён адказвае: “Дзякуй Богу, што я яшчэ жыву”. І часам глядзіш на чалавека і думаеш: “Чаму ён дзякуе Богу? У яго ж нават няма нармальнага адзення”. Гэта падштурхоўвае мяне на пэўны роздум і дае магчымасць паглядзець таксама на сябе з іншага боку.

– Напрыканцы нашай размовы хацелася б даведацца, наколькі карыснае менавіта для Вас такое місіянерскае служэнне і чаму?

– Калі я быў у Маскве на практыцы, я меў пэўны крызіс, звязаны з пакліканнем. У Афрыцы ж я адрадзіўся ў веры. Місія дапамагла мне ўзрасці духоўна. Нават гледзячы на тых людзей, якія выжываюць і не наракаюць, а толькі дзякуюць Богу, што яны жывуць. Я зразумеў, што для шчасця не трэба штат рэчаў. Тут, у Афрыцы, людзі часта радуюцца нейкай дробязі. Я таксама ўбачыў, што многіх праблем, якія ў Беларусі для людзей падаюцца сур’ёзнымі, тут не існуе.

Гутарыла Ірына Радзевіч
Фота з уласнага архіва святара

для друку для друку