Ёсць святыя, імёны якіх адразу выклікаюць асацыяцыі з пэўнай краінай. Святы Патрык адзін з такіх святых. Гаворым святы Патрык ‒ і адразу думаем: Ірландыя, 17 сакавіка, зялёнае адзенне, гучнае святкаванне, лісточкі канюшыны і г.д. Цікава, што св. Патрык па паходжанні не ірландзец, а шатландзец. Як жа здарылася, што ён стаў апекуном іншай краіны і іншага народа?
Шлях св. Патрыка да святасці і да Ірландыі быў нялёгкі. Сын рымскіх чыноўнікаў, якія служылі ў Шатландыі, ён у дзяцінстве быў украдзены ірландскімі піратамі і прададзены ў рабства. Працуючы пастухом у Ірландыі, шмат перадумаў і звярнуўся да рэлігіі. Нягледзячы на гады ў няволі, вельмі палюбіў Зялёны Востраў (адна з назваў Ірландыі), яго жыхароў, вывучыў мясцовую мову. Ужо як свабодны чалавек, манах і святар Патрык марыў вярнуцца ў Ірландыю ў якасці місіянера.
Касцельныя ўлады бачылі праўдзівую любоў Патрыка да ірландцаў і таму выслалі яго як місійнага біскупа на гэтыя тэрыторыі. Хронікі сведчаць, што Патрык ішоў заўсёды туды, дзе Евангелле яшчэ не абвяшчалася. Быў чалавекам надзвычайнай духоўнай упэўненасці і сілы. Шматлікія кіраўнікі плямёнаў разам з сем’ямі і сваімі памагатымі прымалі веру, а гэта спрыяла евангелізацыі іншых людзей. Патрык быў сапраўдным апосталам з арыгінальнымі ідэямі. Паколькі ў Ірландыі не было гарадоў, каб ствараць біскупствы, ён засноўваў манастыры, якія станавіліся цэнтрам духоўнага і грамадскага жыцця.
У іканаграфіі св. Патрык, як правіла, намаляваны ў адзенні біскупа са змеямі пад нагамі або з канюшынай. Гэта звязана з легендамі, якія распавядаюць пра цуд выгнання змеяў з Зялёнага Вострава, і перакананнем, што св. Патрык ужываў лісточкі канюшыны, каб растлумачыць таямніцу Святой Тройцы. Часам пад нагамі Патрыка намалявана шчыліна ў зямлі – гэта месца, якое называецца Брамы чысца св. Патрыка ў Лох-Дэрг (Lough Derg). Згодна з традыцыяй, св. Патрык уваходзіў у падзямелле, каб разважаць над вечнымі пакутамі грэшнікаў. Сёння гэта папулярнае месца пілігрымак.
Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС
