10 фактаў пра Бога, якім вучыць нас гісторыя Нараджэння Езуса

У Нараджэнні Езуса споўніліся канкрэтныя і доўгачаканыя прароцтвы. Сама гісторыя Божага Нараджэння расказвае нам пра тое, якім ёсць Бог, і сведчыць пра любоў нашага Айца да ўсіх нас. Падчас радаснага святкавання Божага Нараджэння прапануем вам паразважаць над тым, чаму вучыць нас гісторыя Яго Нараджэння.

1. Езус быў сціплым

«Але Натанаэль сказаў яму: „Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?“ Філіп адказаў яму: „Ідзі і паглядзі“» (Ян 1, 46).

З даследаванняў гісторыкаў і біблістаў вынікае, што ў той час у Назарэце было менш за 500 жыхароў, а «вялікіх людзей чакалі з вядомых месцаў, такіх як Ерузалем, а не з маленькіх вёсак». Тым не менш, менавіта ў гэтым месцы пачынаецца гісторыя Божага Нараджэння — у Назарэце, дзе Марыя і Юзаф былі заручаныя. Нягледзячы на тое, што Езус нарадзіўся ў Бэтлееме, маладая сям’я ўцякла адтуль праз некаторы час пасля Нараджэння Езуса, і пазней Ён рос у Назарэце.
Езусу не трэба было з’яўляцца на свет пад фанфары, як мы ўяўляем сабе грандыёзны ўваход. І сёння Ён такі ж, як і тады, калі хадзіў па зямлі: просты, але магутны, і дзіўным чынам Ён заўсёды з намі.

2. З Богам усё магчыма

«Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да Яе, сказаў: „Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою“» (Лк 1, 26–28).

У той момант Марыя атрымала вестку, якая назаўжды змяніла Яе жыццё. Гэта не тая навіна, якую хто-небудзь з нас можа атрымаць. Нават перажываючы самыя цяжкія моманты ў нашым жыцці і робячы самыя жахлівыя памылкі, мы можам сустрэць людзей, якія ўжо прайшлі праз такія сітуацыі раней за нас, але з Марыяй усё было інакш. І хоць Марыя баялася наступстваў, Яна цалкам даверылася Богу, адказваючы Яму: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38).

Сапраўдная вера паказвае, што для Бога ўсё магчыма, але мала хто з нас перажывае такую вялізную «немагчымасць», як Марыя. Ісці за Езусам няпроста. Нялёгка было Яго зямной Маці, Марыі, і нялёгка нам цяпер, але з Богам немагчымае магчыма.

3. Бог часта дзейнічае дзіўнымі спосабамі

«Нараджэнне Езуса Хрыста было такім. Пасля заручын Маці Ягонай Марыі з Юзафам, перш чым яны пачалі жыць разам, Яна зачала ад Духа Святога» (Мц 1, 18).

Юзаф павінен быў вырашыць, ці верыць ён Марыі, і нам не трэба доўга думаць, як выглядала для яго гэтая сітуацыя. У тых складаных абставінах мы ўбачым пяшчотнае сэрца, якое Бог выбраў для зямнога бацькі свайго Сына, які не хацеў зняславіць Марыю, а вырашыў спакойна адпусціць Яе (гл. Мц 1, 19). «Калі ён надумаў гэта, вось анёл Пана з’явіўся яму ў сне і сказаў: „Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога“» (Мц 1, 20).
Гэты неверагодны збег абставінаў, напэўна, падрыхтаваў пару для таго, каб атрымаць немагчымае з Богам, нягледзячы на людскія меркаванні. Метады дзеяння Хрыста на зямлі ў той час і сёння часта неверагодныя. Ягоныя шляхі — не нашы шляхі, і на самай справе яны часта цалкам процілеглыя.

4. Біблейскія прароцтвы спраўдзяцца

«А ты, дзіцятка, прарокам Найвышэйшага будзеш названа, бо пойдзеш прад абліччам Пана падрыхтаваць шляхі Яму» (Лк 1, 76).

Прарочыя словы Захарыі аб тым, што яго сын Ян будзе рыхтаваць дарогу Сыну Божаму, спраўдзіліся, калі Ян Хрысціцель праз шмат гадоў выйшаў з пустыні, каб ахрысціць паслядоўнікаў Хрыста і самаго Хрыста ў рацэ Ярдан.

Таксама было шмат іншых прароцтваў, якія споўніліся падчас Нараджэння Езуса. Згодна з даследаваннямі вучоных біблістаў, за сотні гадоў да Нараджэння Езуса было запісана больш за 300 прароцтваў, якія распавядаюць пра Яго прыйсце, Яго жыццё і шлях да Крыжа, а таксама пра моц Яго ўваскрасення. Гэтыя прароцтвы ўказваюць на дакладнае месца, абставіны і нават час Нараджэння Хрыста. Толькі Бог мог так дакладна спланаваць усе дэталі і гарантаваць, што ўсе яны здзейсняцца.

У Кнізе прарока Ісаі (7, 14) чытаем: «Таму Пан сам дасць вам знак: вось Дзева зачне і народзіць сына, і дасць Яму імя Эмануэль, што значыць Бог з намі». Сапраўды, Сын Божы нарадзіўся для нас з Дзевы Марыі.

5. Бог робіць простым для ўсіх прыход да Яго

«У той ваколіцы былі на полі пастухі, якія вартавалі ўначы свой статак. З’явіўся ім анёл Пана, і хвала Пана асвяціла іх, і вялікі страх ахапіў іх» (Лк 2, 8–9).

Бог любіць усіх нас аднолькава і стварыў кожнага з неверагоднай мэтай, унікальна адораным і бязмерна любімым. Каб прадэманстраваць гэта, Бог выбраў пастухоў тымі, хто першыя пачулі добрую навіну ў ноч, калі нарадзіўся Езус.

У тыя часы пастухі былі нізкім, простым класам сярод іншых людзей. У даследаваннях біблістаў гаворыцца, што «большасць людзей са статусам па ўсёй імперыі лічылі пастухоў прыніжанымі, а часам грубымі, нячыстымі ці нават небяспечнымі». Нягледзячы на іх рэпутацыю, Бог выбраў іх, каб яны былі сведкамі абвяшчэння анёлаў: «Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях» (Лк 2, 10–12).

Хрыстус, як бы складана для нас ні было зразумець, кім Ён ёсць, і ўсвядоміць усё, што Ён учыніў, робіць простым для ўсіх прыход да Яго. Бог любіць усіх нас і паслаў на зямлю Езуса, каб выратаваць усіх нас.

6. Нараджэнне Хрыста змяніла свет

«Раптам з анёлам з’явілася вялікае войска нябеснае, якое праслаўляла Бога і ўсклікала: „Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі“» (Лк 2, 13–14).

Хор анёлаў быў не адзіным бясспрэчным доказам таго, што свет змяніўся ў тую ноч, калі нарадзіўся Хрыстус. Безумоўна, пастухі знайшлі Дзіця ў яслях, як казалі анёлы (гл. Лк 2, 16–20), і, несумненна, яны таксама назаўсёды змяніліся.

Я веру, што Той, Хто стварыў нас, падштурхоўвае нас ісці за марамі, якія жывуць у нашых сэрцах. Ён вядзе нас на працягу ўсяго шляху, і хоць мы можам не чуць выразнага голасу Бога або не бачыць хораў анёлаў, якія паказваюць нам кірункі, Хрыстус заўсёды з намі. Калі мы шукаем Яго ўсім сэрцам, мы разумеем, што Ён з намі ва ўсе моманты нашага жыцця.

7. Божыя планы не заўсёды прыводзяць да лёгкіх падарожжаў

«А калі яны былі там, надышоў Ёй час нарадзіць. І нарадзіла Сына свайго першароднага. Спавіла Яго і паклала ў яслі, бо не было ім месца ў заездзе» (Лк 2, 6–7).

Калі я ўспамінаю ўсю падрыхтоўку і чаканне нараджэння майго першага дзіцяці, планаванне выклікае смех. Кожны тыдзень я глядзела, які рост у майго дзіцяці, выкрэслівала рэчы са спісу пакупак для немаўляткі і карэктавала свой бясконцы спіс хатніх абавязкаў. Я перабірала і складвала ў шуфляды малюсенькае адзенне і планавала, якімі будуць першыя дні. Але ўсё пайшло не так, як я планавала…

Марыі спатрэбілася вялікая вера, каб сесці на асла падчас цяжарнасці і паехаць у Бэтлеем на перапіс. Спатрэбілася яшчэ большая вера, каб нарадзіць Дзіця ў стайні, калі не было свабодных месцаў у заездзе. Тым не менш, якой бы заклапочанай і расчараванай Яна ні была на шляху, Яна аддана верыла Богу, верыла, што Ён клапоціцца пра Яе, любіць Яе, як Ён любіў Яе заўсёды. І гэта не магло быць лёгкім. Езусу таксама было няпроста ісці дарогай да крыжа, але менавіта тая ноч Нараджэння ў яслях паклала пачатак Ягонаму шляху.

8. Хрыстус нясе надзею свету

«А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім» (Лк 2, 17–19).

Як адчувалі сябе пастухі, атрымаўшы Надзею ў той дзень? Яны змяніліся, і таму, што яны змяніліся, змяніліся і ўсе, хто чуў гісторыю з іх змененых сэрцаў. Адразу пачаўся хвалевы эфект Любові. Гэта і ёсць Езус.

Марыя, не ведаючы, што рабіць з усёю любоўю і надзеяй ад таго, што стала Маці і сведкай Нараджэння свайго Збаўцы, проста захавала гэты момант у сваім Сэрцы. Хрыстус просіць нас цаніць і захоўваць усе моманты надзеі ў нашых сэрцах на працягу ўсяго нашага шляху. Жыццё бывае цяжкім, але Ён перамог смерць, каб мы маглі жыць з Ім вечна. Хвалевы эфект Любові пачаўся ў яслях і працягваецца ва ўсіх нас.

9. Божая прысутнасць напаўняе радасцю тых, хто шукае Яго

«Калі Езус нарадзіўся ў Бэтлееме Юдэйскім у дні караля Ірада, прыбылі ў Ерузалем мудрацы з усходу, кажучы: „Дзе народжаны Кароль юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму“» (Мц 2, 1–2).

Мудрацы прыйшлі праз некаторы час пасля Нараджэння Езуса, несучы дары і жадаючы пакланіцца Яму як Каралю юдэйскаму, пакланіцца Немаўляці-Каралю. І калі нарэшце знайшлі Езуса, напоўніліся радасцю.

«Убачыўшы зорку, яны вельмі ўзрадаваліся. Калі ўвайшлі ў дом, убачылі Дзіця з Марыяй, Маці Яго. Упаўшы, пакланіліся Яму і, адчыніўшы скарбніцы свае, ахвяравалі Яму дары: золата, кадзіла і міра» (Мц 2, 10–11).

Мы часта не ведаем, чаму цягнемся да мараў і пакліканняў, якія Бог змяшчае ў нашых сэрцах. Заўсёды ёсць тая частка, якую мы можам убачыць і зразумець, і ёсць іншая, якая знаходзіцца ў Яго справядлівых і любячых руках. Радасць, якую выказалі тры каралі, падобная да той радасці, якую мы адчуваем, калі Бог паказвае сваю прысутнасць у нашым жыцці, больш за ўсё, калі мы атрымліваем тое, чаго просім або пра што думаем (гл. Эф 3, 20).

10. Бог прыйшоў, каб даць нам любоў

«На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго» (Ян 1, 1–5).

У Евангеллі ад Яна не запісана гісторыя Нараджэння Хрыста, але ў пяці вершах ён так прыгожа падсумоўвае тое, чым стаўся першы дзень Божага Нараджэння. Рэальнасць Нараджэння Езуса настолькі грандыёзная, але Ён прыйшоў у свет так проста.

Мы шукаем грандыёзныя знакі амаль ва ўсім, што робім. У нас закладзена памкненне да вялікіх мэтаў, але мы так часта не заўважаем Яго прысутнасці, бо не можам прымірыцца з тым, што хоць Ён вышэй за ўсіх, Ён сышоў да нас.

Ён жыве ў нас праз Духа Святога. Ён ведаў усіх нас і нашы грахі раней, чым зрабіў першы глыток зямнога паветра ў тую Ноч у яслях. Яго Любоў да нас большая за ўсё, што мы калі-небудзь зможам зразумець, але Ён вырашыў быць з намі заўсёды.

Мэг Бухер.
Пераклад з англійскай мовы Эльвіры Палінеўскай.
ave-maria.by паводле www.crosswalk.com.

для друку для друку