“Жанчына з Венеры ці Што значыць быць сапраўднай жанчынай?”: спатканне прыгожай паловы насельніцтва ў Росіцы

9 мая ў Росіцы адбылася сустрэча для жанчын, якую штогод арганізоўваюць айцы-марыяне. Распачалося спатканне з маёвага набажэнства, бо месяц май, як вядома, асабліва прысвечаны Божай Маці – прыкладу  сапраўднай жанчыны і Маці для ўсяго чалавецтва. Пасля набажэнства жадаючыя маглі прыступіць да сакраманту пакаяння і прабываць  перад Найсвяцейшым Сакрамантам.

Потым усіх прысутных запрасілі на пляц перад касцёлам. У гэты дзень каля помніка перад святыняй сабраліся не толькі пілігрымы з розных куткоў Беларусі, але ўсе жыхары вёскі, таксама прадстаўнікі мясцовай улады, якія прыйшлі каб ушанаваць памяць тых, хто загінуў тут у часе вайны. Айцец Чэслаў Курэчка, пробашч парафіі, заахвоціў агарнуць шчырай малітвай усіх, чыё жыццё трагічна скончылася падчас ваеннай навалы.

rosica_zhanczyny08

Пасля мітынгу распачалася святая Імша, якая цэлебравалася ў інтэнцыі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і ўсіх жанчын, якія прысутнічалі на сустрэчы. Падчас казання, якое прамовіў айцец Віталь Сапега, святар падкрэсліў вялікае значэнне жанчыны ў сучасным свеце і касцёле. “Са Святога Пісання мы ведаем, што Бог асаблівым чынам прамаўляў да мужчын, прарокаў і апосталаў, праз цуды і знакі, якія ім адкрываў, да жанчын жа прамаўляў праз сэрца. Нягледзячы на тое, што Марыя Магдалена была звычайнай жанчынай, яна атрымала вялікую ласку першай убачыць уваскрослага Хрыста”.

rosica_zhanczyny33

Пасля атрыманага благаславенства а. Віталь правёў канферэнцыю, у якой раскрыў таямніцу жаночага паклікання і большасць праблем, якія вынікаюць у адносінах паміж жанчынай і мужчынам. “Усе непаразуменні ў адносінах нараджаюцца з таго, што мы вельмі розныя, мы не проста розныя, мы ўвогуле з розных планет. Мужчына — з Марса, жанчына — з Венеры і нам цяжка прымаць адзін аднаго такімі, якімі з’яўляемся. Створаная Богам жанчына пакліканая ў свет, каб любіць і ўпрыгожваць сабой і сваёй працай усё навокал, стараецца запоўніць прыгажосцю і дзівоснасцю тугу аб страчаным праз Еву райскім садзе.  Быць жанчынай – вялікі Божы дар, бо толькі яна можа адчуць і пазнаць таямніцу мацярынства, якой потым праз усё жыццё, як нябачнай пупавінай, звязана са сваім дзіцём, адчуваючы кожную небяспеку, якая пагражае яму. Лепшым прыкладам праўдзівай жонкі і маці для нас з’яўляецца  Маці Божая — яна пакорная, чыстая, пяшчотная і добрая, вучыць нас шчырай любові да свайго дзіцяці, нягледзячы на розныя выпрабаванні і жыццёвыя цярпенні,” – падкрэсліў святар.

Пасля канферэнцыі апякун Росіцкага санктуарыя шчыра запрасіў пакаштаваць  смачны абед у яго «рэстаране» пад адкрытым небам «У бусла».  Усе змаглі добра адпачыць на сонейку і захапіцца незвычайнай прыгажосцю гэтай мясцовасці, паназіраць за непаўторнай грацыяй буслоў, якія вярнуліся на родную зямлю.

rosica_zhanczyny36

Таксама, вельмі парадаваў усіх пілігрымаў гурт «Emmaus» з Барысава, які спецыяльна падрыхтаваў канцэрт.  Удзельнікі гурта вельмі ўзрушана і харызматычна  праслаўлялі Бога праз свой талент, амаль усе спевы былі аўтарскія.

rosica_zhanczyny45

Пасля прысутныя маглі атрымаць асалоду ад гарбаты ці кавы пад адкрытым небам, наведаць пляц мучаніцтва ці ў адзіноце з’яднацца з прыродай і ўпарадкаваць думкі перад ад’ездам дадому.

Марыя Садоўская, тэкст і фота

для друку для друку