Як правільна захоўваць пост?

post_eda“Хвала Хрысту! Прашу патлумачыць, як правільна захоўваць пост, што тычыцца ежы: што можна ўжываць, а што не? Шчыры пост трэба захоўваць толькі ў пятніцу ці яшчэ і ў сераду?”

Дзіяна

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Дысцыпліна Касцёла адносна абмежавання ў ежы змянялася на працягу стагоддзяў. Цяпер акцэнт ставіцца больш на тое, што чалавек сам на сябе накладае нейкія абмежаванні. Вернікі выбіраюць самастойна, якое абмежаванне ў ежы, і не толькі ў ежы, будзе для іх больш карысным.

Захаваўся толькі мінімум агульных абавязковых патрабаванняў. Тыя, хто дасягнуў 14-гадовага ўзросту, павінны адмаўляцца ад мясных страў ва ўсе пятніцы году, калі на іх не прыпадае касцельная ўрачыстасць (канон 1251 і канон 1252 “Кодэкса Кананічнага Права”). Сціслы пост – устрыманне ад мясных страваў і абмежаванне ў колькасці ежы – абавязковы ў Папяльцовую сераду і Вялікую Пятніцу (кан. 1251). Сціслы пост датычыць тых, хто мае 18 гадоў і не мае 60-ці (кан. 1252). У дні сціслага посту можна цалкам падсілкавацца адзін раз, а ўсе іншыя прыёмы ежы абмежаваць.

У некаторых краінах Канферэнцыі Біскупаў могуць зменшыць гэтыя патрабаванні (кан. 1253). Калі мы знаходзімся ў той краіне, дзе, напрыклад, па гэтай прычыне ядуць мясное ў пятніцу, то мы самі вырашаем спажываць мясныя стравы ці не (кан. 12 §3-13 §2). Аднаразова і па важнай прычыне дазволіць нам спажываць мясныя стравы можа наш пробашч ці пробашч той парафіі, на тэрыторыі якой мы знаходзімся, захоўваючы пры гэтым прадпісанні дыяцэзіяльнага біскупа (кан. 1245 ККП). Бываюць выпадкі, калі захаваць пост і названае ўстрыманне фізічна немагчыма, напрыклад, па прычыне хваробы, таму гэта не будзе парушэннем.

Як бачым, Вялікі пост асаблівымі акрэсленымі абмежаваннямі ў ежы не адрозніваецца ад іншых перыядаў. Прыгожае хрысціянскае сведчанне даюць тыя вернікі, якія выбіраюць супольна ці індывідуальна іншыя дадатковыя дні ўстрымання ад мясных страў ці сціслы пост, напрыклад, у Вялікую Суботу або на працягу ўсяго Вялікага посту. Пост і ўстрыманне з’яўляюцца формамі пакаяння, да якога заахвочвае нас сам Хрыстос.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі