Ці ёсць на бацьках грэх за сына?

vopros“Хвала Хрысту! Мой брат – католік, але яго не давялі да Першай Камуніі. Цяпер ён ужо дарослы мужчына. У касцёл не ходзіць і не хоча рыхтавацца да Першай Споведзі і Камуніі. Ці ёсць на бацьках грэх, што ў свой час яны не падрыхтавалі брата да прыняцця сакрамантаў”?

Алена

На пытанне адказвае кс. Кірыл Бардонаў:

– Кожны чалавек самастойна адказвае за свае грахі. Аднак часам здараецца, што іншыя грашаць па нашай віне. Так адбываецца, напрыклад, калі бацькі не даюць належнае выхаванне, у тым ліку і рэлігійнае, сваім дзецям. Знешне немагчыма ацаніць, наколькі чалавек сам супраціўляўся Божай ласцы, а наколькі ў гэтым яму “дапамаглі” бацькі. Такое пытанне чалавек, якога гэта датычыць, мае задаць сабе сам. Магчыма, што ў перыяд выхавання дзяцей іх бацькі самі яшчэ шукалі дарогу да Бога. Магчыма, яны і самі не мелі багата прыкладаў добрага духоўнага жыцця ў сваім дзяцінстве. Калі чалавек усведамляе, што не без яго віны яго дзеці аддаліліся ад Бога і Божага Касцёла, то ён мае на сумленні цяжкі грэх. Хоць, можа, ён быў здзейснены вельмі даўно, але калі грэх яшчэ не прабачаны або існуе вялікае праўдападабенства гэтага, то пра такую сітуацыю трэба сказаць на споведзі.

для друку для друку