Што кажа Касцёл пра сучасную моду?

“Добры дзень. Адкажыце, калі ласка, на пытанне: як Касцёл ставіцца да сучаснай моды ў адзенні, ці ёсць у ім сэнс з пункту гледжання Касцёла? А таксама, якія межы ў вопратцы ёсць, напрыклад, пры знаходжанні ў святыні і ўвогуле, ці рэгламентуе, ці дае нейкія рэкамендацыі Касцёл у плане сучаснай моды? Было б вельмі цікава ведаць. Дзякуй вялікі!”

Максім

– Паважаны Максім! Дзякуй Вам за пытанне, якое, на першы погляд, можа здавацца рэдкім, аднак у рознай ступені датычыць амаль усіх. Яно закранае маральнае жыццё стваральнікаў моды, жанчын і мужчын, якія з’яўляюцца мадэлямі, ды ўсіх, хто назірае за модай і карыстаецца ёй. Паміж чалавекам і адзеннем існуе цесная сувязь. Тое, што мы носім, становіцца ў нейкай ступені часткай нашага “я” і сведчыць пра нас ды наш характар і самасвядомасць.

Касцёл і мода

У Беларускай энцыклапедыі чытаем, што мода – гэта непрацяглае панаванне пэўнага густу ў якой-небудзь сферы жыцця або культуры, а таксама змена ўзораў адзення на працягу адносна кароткага прамежку часу. Кожны чалавек нейкім чынам звязаны з модай, і хрысціяне тут не выключэнне. У цэлым можна сказаць, што мода, падобна як і літаратура, мастацтва, кінематаграфія, музыка, культура ці любая творчасць, з’яўляецца носьбітам каштоўнасцей, дзякуючы якім чалавечая асоба можа годна жыць і развівацца. Мы ведаем, канешне, што згаданыя сферы чалавечай дзейнасці могуць распаўсюджваць антыкаштоўнасці, што часам, на жаль, з болем назіраем. У найбольш шырокім значэнні мода ў сферы адзення мае найчасцей утылітарны характар і служыць чалавеку.

Паколькі з модай мы сустракаемся штодня, то Касцёл, які з’яўляецца супольнасцю усіх вернікаў, таксама не застаецца па-за яе ўздзеяннем. Падаецца нават слушным сцвярджэнне, што менавіта ў Касцёле заўсёды было месца для моды, падобна як для мастацтва ды наогул культуры. Дастаткова паглядзець на літургічныя шаты, мэтаю якіх ёсць паказаць веліч Бога і праславіць Яго. Беручы пад увагу той факт, што іх форма, выгляд і спосаб выканання змяняюцца на працягу гісторыі, можна без сумневу сказаць, што гэта пэўнага кшталту мода. Адзенне жанчын і мужчын, якія належаць да інстытутаў кансэкраванага жыцця ці духоўных асобаў, гэта, на мой погляд, таксама праяўленне моды. Безумоўна, у выпадку габітаў, сутаны ці гэтак званага кароткага строю святароў няма значнай зменлівасці, аднак калі б можна было ўявіць паказ калекцыі касцельнага адзення, то ён не прайшоў бы без рэзанансу. Зрэшты, такія паказы адбываюцца ў розных краінах з нагоды выставаў-кірмашоў абсталявання касцёлаў і рэлігійнага мастацтва.

З гісторыі ведаем, што людзі заўсёды стараліся асабліва ўрачыста і прыгожа апранацца для ўдзелу ў Святой Імшы ці набажэнствах, таму можам сцвярджаць, што ў свой час менавіта касцёлы былі тымі месцамі, дзе мы маглі ўбачыць спалучэнне прыгажосці, функцыянальнасці і сціпласці ў форме адзення. Такім чынам, мода не чужая рэчаіснасць у жыцці Касцёла.

Маральная ацэнка моды

Стваральнікам моды і яе адрасатам з’яўляецца чалавек, таму яго дзейнасць у гэтай сферы мае таксама маральны характар і падлягае ацэнцы. Усё, што мы робім свядома і добраахвотна, можа быць добрым, дрэнным або нейтральным. Маральная вартасць нашых учынкаў залежыць ад іх прадмету (матэрыі), мэты і акалічнасцей. Ёсць учынкі па прадмеце добрыя, дрэнныя і нейтральныя. Іх маральную вартасць могуць змяніць як мэта, так і акалічнасці. Напрыклад, дапамога бліжняму – па прадмеце добры чын, аднак яго вартасць можа быць зменшана або знішчана жаданнем паказацца ці спадабацца камусьці, каб пазней яго выкарыстаць у асабістых мэтах. Падобным чынам можна паглядзець на малітву. Сам Езус асудзіў пабожныя чыны крывадушнікаў, якія іх выконвалі, каб паказацца людзям (пар. Мц 6, 5). Правілы ацэнкі вартасці чалавечых чыноў, якія бяруць пад увагу прадмет, мэту і акалічнасці, з’яўляюцца важнай дапамогай у жыцці чалавека.

Адзенне выказвае і раскрывае шматлікія аспекты чалавечай асобы, звязвае з каранямі, а часта таксама з традыцыяй. Для верніка мода і асабісты стыль павінны адлюстроўваць яго ўнутраную прыгажосць, крыніцай якой ёсць Бог. Стваральнікі, распрацоўшчыкі моды, а таксама вытворцы адзення з’яўляюцца свайго кшталту супрацоўнікамі Бога і служаць чалавечай супольнасці сваімі талентамі, здольнасцямі, сумленнасцю, прафесіяналізмам і праведнасцю. Дзеля плённага выканання службовай ролі яны павінны кіравацца праўдзівым і праведным сумленнем, мець і развіваць адпаведныя цноты, а таксама кіравацца любоўю да бліжняга і прынцыпамі агульнага дабра. Для тых, хто верыць у Бога адзінага ў Тройцы, – гэта хрысціянская логіка, а для іншых – гуманнасць. Людзі Касцёла падтрымліваюць такую моду, якая не зводзіць чалавечую асобу толькі да цялеснага вымярэння, але дапамагае ёй пацвярджаць і развіваць годнасць дзіцяці Божага. Паколькі Касцёл як Містычнае Цела Хрыста, г. зн. супольнасць усіх вернікаў – свецкіх, духоўных і кансэкраваных – цалкам удзельнічае ў грамадскім жыцці, то і павінен браць на сябе адказнасць за ўсе яго вымярэнні. Такім чынам, вернікі, асабліва свецкія, пакліканыя да дзейнасці ў сферы моды, праз якую могуць выражаць сябе як вестуны Евангелля.

Мода, як і іншыя праяўленні чалавечай дзейнасці, падлягае маральнай ацэнцы, аднак не ў агульнасці, а ў канкрэтным напрамку і прадмеце. Як можа быць немаральны мастацкі твор, кніга або фільм, таксама можна сустрэць немаральную моду, што ў сваю чаргу не значыць, быццам усё там дрэннае. Чалавек атрымаў ад Бога розум, свабодную волю і здольнасць распазнаць, што добрае і карыснае. Ахрышчаныя надзелены таксама дарамі Духа Святога, Які дапамагае ім здзяйсняць правільныя выбары. Ва ўсім трэба кіравацца “ўстрыманасцю, каторая дазваляе перамагчы імкненне да прыемнасцяў, забяспечвае перавагу волі над інстынктамі і робіць здольным да захавання раўнавагі ў карыстанні створанымі дабротамі” (Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, 383). Калі хтосьці грашыць у сферы моды, то павінен ікнуцца да навяртання, асабліва дзякуючы сакраманту споведзі.

Варта яшчэ ўзгадаць пра цноту сарамлівасці, пра якую, можа, замала гаворыцца, аднак яна вельмі важная, бо дадзена Богам, каб ахоўваць інтымнасць чалавечай асобы. Адным з элементаў сарамлівасці ёсць адмова раскрываць тое, што павінна заставацца схаваным. Яна кіруе, заахвочвае выбар адзення, адпаведны стыль жыцця і дапамагае супрацьстаяць ціску моды і ідэалогій, якія парушаюць годнасць чалавека (Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2521).

Адзенне ў касцёле

Трэба распачаць з адказу на пытанне, чым ёсць касцёл і чаму туды ходзім? Калі святыню называем домам Пана Бога, у якім удзельнічаем у Святой Імшы ды іншых набажэнствах, то мы разумеем, што гэта асаблівае месца, дзе не ўсё можна. Са свайго дзяцінства памятаю, як з бацькамі мы рыхтаваліся да касцёла. Гэта быў свайго кшталту рытуал, які выражаўся ўзнёслым настроем і выбарам адпаведнага адзення. Калі аднойчы я спытаў, ці павінен апранаць белую кашулю, то атрымаў адказ: дык мы ідзём на сустрэчу з Богам! Нельга абы-як апрануцца! Менавіта разуменне і пачуццё святасці касцёла, у якім жыве Бог, вызначае форму адзення, а тая, у сваю чаргу, можа дапамагчы ў перажыцці сустрэчы з Тым, пра Каго ведаем, што Ён нас любіць. Калі мы лічым Бога сваім Панам, то апранаемся на спатканне з Ім “адпаведна са статусам”. Неабходна тут памятаць, што адзенне – гэта таксама і спосаб адносін з іншымі.

Прыпамінаецца сцэна са старой камедыі, якая паказвае сутнасць падобных стасункаў у касцёле. На словы ксяндза: “Не бачу цябе ў касцёле”, старэйшы мужчына кажа: “Гэта праз сучасную моду не хаджу, каб не зграшыць”. У некаторых парафіях існуюць практычныя рэкамендацыі адносна адзення, якія змяшчаюць на ілюстрацыях пры ўваходзе ў святыню, аднак няма прынцыпаў, распрацаваных для ўсяго Касцёла ў нашай краіне. Касцёл пакідае вернікам і ўсім наведвальнікам святыняў свабоду, спадзеючыся на іх адказнасць і мудрасць.

Можа быць цікавым для нашых чытачоў стаўленне святога айца Піа да гэтай справы. Ён не ўспрымаў нясціплае адзенне, а нават адсылаў ад канфесіянала “неадпаведна” апранутых. Адказ на пытанне Максіма хачу закончыць словамі, якія Маці Божая мела сказаць святой Гіяцынце ў Фаціме пра грахі, каторыя цягнуць найбольш душаў у пекла. Марыя паказала на грахі супраць чысціні, а таксама моды, якія прыдумляюць, каб абражаць Бога. Фацімская Пані запэўніла, што тыя, хто служыць Богу, не паддадуцца гэтым модам.

З павагай, а. Аркадзь Куляха OCD

для друку для друку