Пытанне святару. Першая споведзь у 27 гадоў

«Я каталічка. Мне 27 гадоў. Я не замужам. Ні разу не была ў споведзі, таму хацелася б даведацца, як да яе правільна падрыхтавацца?»

Крыстына

На пытанне адказвае айцец Андрэй Сідаровіч МІС:

– Па-першае, звярніцеся абавязкова да мясцовага святара з просьбай падрыхтаваць Вас да споведзі. Вельмі добра, што ў Вас нарадзілася ўнутраная патрэба пакаяння, але гэтага не дастаткова, каб паспавядацца добра. Душпастырскі досвед падказвае, што мы, безумоўна, можам назваць некаторыя нашы ўчынкі грахом, бо маем агульначалавечыя і грамадскія маральныя нормы. Аднак для пакаяння нам патрэбна паглядзець і ацаніць свае думкі, словы і ўчынкі праз прызму запаведзяў і слоў Хрыста. Падрыхтоўка (катэхеза) дапамагае нашы маральныя межы пашырыць і паспавядацца больш шчыра.

Па-другое, са зместу пытання вынікае, што Вы не практыкуеце веру. Заахвочваю Вас да прыняцця на сябе высілку святкавання нядзелі – гэта значыць, прысутнасці на св. Імшы. Калі не ведаеце каталіцкіх абрадаў і малітваў, раю на кожную Імшу, асабліва на пачатку, браць з сабой у Касцёл малітоўнік і сачыць у ім за тым, што адбываецца. Гэта дапаможа хутка пазбавіцца няёмкасці і адчування, што Вы тут чалавек новы і нічога не ведаеце. Святкаванне нядзелі дапаможа Вам навучыцца маліцца і зразумець, што пакаянне ў грахах, якое перажываем у споведзі, адкрывае нам магчымасць прымаць Святую Камунію – Цела і Кроў Хрыста.

для друку для друку