Праваслаўны святар ахрысціў паўторна майго сына-католіка. Хто мой сын па веравызнанні?

otprazdnovat_kresh“Добры дзень! Я католік паводле веравызнання. 4 жніўня 2006 года ажаніўся з Таццянай Б. (праваслаўнай). 1 кастрычніка 2008 года ў нас нарадзіўся сын Станіслаў. 6 ліпеня 2009 года ў касцёле святога Cтаніслава ў горадзе Магілёве мы пахрысцілі сына і самі ўзялі шлюб. Ёсць сведкі, фотаздымкі. Ніхто не быў супраць, ніхто нікога не прымушаў. Пасля мы сваёй сям’ёй хадзілі ў касцёл на святы і не толькі. Вясной 2012 года я даведаўся, што жонка сустракаецца з іншым і мне здраджвае не першы год. Сыну на той момант было тры з паловай гады. Давялося браць развод. 24 жніўня ён адбыўся. А праз месяц Таццяна выйшла замуж за іншага. Праз некаторы час я даведаўся, што сына хрысцілі ў Праваслаўнай царкве. Хлопчыку было на той момант каля пяці гадоў. Растлумачце, калі ласка, як гэта магчыма? І што мне рабіць: хто мой сын Станіслаў па веравызнанні? Які грэх узяла на сябе Таццяна? Вялікі дзякуй. З удзячнасцю. Чакаю адказу. Андрэй”.

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель CSsR:

– З пункту гледжання Каталіцкага Касцёла Ваш сын, безумоўна, каталік. З прыняццем сакраманту хросту ён стаў паўнапраўным членам Хрыстовага Касцёла, і «перахрышчванне» не мае ніякага сэнсу. У адпаведнасці з вучэннем Каталіцкага Касцёла, прыняць сакрамант хросту можа кожны чалавек пры ўмове, што ён яшчэ не быў ахрышчаны (“Кодэкс кананічнага права”, кан. 864; “Катэхізіс Каталіцкага Касцёла”, 1246). Згодна з кан. 29 “Кодэкса канонаў усходніх цэркваў”, «дзіця перад чатырнаццатым годам жыцця праз хрышчэнне запісваецца да Касцёла свайго права, да якога запісаны яго бацька».

Такім чынам, паважаны Андрэй, паўторнае хрышчэнне Вашага сына не мае ні значэння, ні сэнсу, паколькі ён ужо прыняў гэты сакрамант у Каталіцкім Касцёле. Таксама хросныя бацькі застаюцца надалей хроснымі бацькамі і маюць абавязак маліцца за свайго духоўнага сына і дбаць пра яго каталіцкае выхаванне.

Той жа факт, што праваслаўны святар паўторна ахрысціў ахрышчанага каталіка, можа азначаць, што або Вашая жонка схавала ад яго праўду пра хрышчэнне, або няведанне святаром пазіцыі сваёй Царквы, паколькі «Праваслаўная і Рыма-Каталіцкая Цэрквы маюць аднолькавае вучэнне пра Святыя сакраманты і ўзаемна прызнаюць сапраўднасць гэтых сакрамантаў, што здзяйсняюцца ў іх» (цытата з «Тлумачэння старшыні Аддзела знешніх царкоўных зносінаў Маскоўскага Патрыярхата мітрапаліта Нікадзіма аб беззабаронным дапушчэнні да Святых сакрамантаў старавераў і каталікоў»). Магчыма таксама, што святар не хрысціў паўторна, а ўдзяліў Вашаму сыну сакрамант мірапамазання (бежмавання), які ў візантыйскай традыцыі ўдзяляецца разам з хростам. У любым выпадку Ваш сын застаецца каталіком, а акрамя гэтага ён ужо мірапамазаны, таму паўторна ўдзяляць бежмаванне яму не трэба.

для друку для друку