Начная Адарацыя. Пытанне

“Пахвалёны Езус Хрыстус! Мне вельмі неабходна атрымаць адказ на пытанне: ці абавязкова павінен знаходзіцца святар у касцёле падчас Адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту? Напрыклад, пры правядзенні начной Адарацыі? Ці мог бы святар зрабіць выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, напрыклад, а 21.00, а затым прыйсці раніцай, скажам, а 6.00 гадзіне? Вернікі ўвесь гэты час маліліся б у цішыні самі. Мне святар сказаў, што так нельга. А я ведаю некалькі такіх выпадкаў. Калі ласка, адкажыце, як правільна?”

Аліцыя

На пытанне адказвае а. Аркадзь Куляха OCD:

– Паважаная Аліцыя! Вашае пытанне закранае таямніцу Найсвяцейшай Эўхарыстыі, таму яно вельмі глыбокае і далёка не пра практычнае аспекты адарацыі, але пра веру і любоў да Бога. Дзякуй! Маю надзею, што змагу дапамагчы правільна зразумець веліч гэтай таямніцы.

Крыніца святасці

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – гэта найперш сустрэча з Езусам Хрыстом, Які прысутнічае ў супольнасці вернікаў у сваім Целе і Крыві, дае духоўнае сілкаванне і вядзе да збаўлення. Таямніца Эўхарыстыі “з’яўляецца вытокам кожнай формы святасці, і кожны з нас пакліканы да паўнаты жыцця ў Духу Святым. Колькі святых учынілі сапраўдным уласнае жыццё дзякуючы сваёй эўхарыстычнай пабожнасці! Ад св. Ігнацыя з Антыёхіі да св. Аўгустына, ад св. Антонія, абата, да св. Бэнэдыкта, ад св. Францішка Асізскага да св. Тамаша Аквінскага, ад св. Клары з Асізі да св. Кацярыны Сіенскай, ад св. Пасхаля Байлона да св. Пятра Юліяна Эймарда, ад св. Альфонса Марыі Лігуоры да бласлаўлёнага Караля дэ Фуко, ад св. Яна Марыі Віянэя да св. Тэрэзы з Лізьё, ад св. Піа з П’етрэльчыны да бласлаўлёнай Тэрэзы з Калькуты, ад бласлаўлёнага Пэрджорджыя Фрасаці да бласлаўлёнага Івана Мерца. Згаданыя толькі некаторыя з вялікага мноства, чыя святасць заўсёды знаходзіла свой цэнтр у сакраманце Эўхарыстыі“ (Бэнэдыкт XVI, Апостальская адгартацыя Sacramentum Caritatis, 94).

Развіццё эўхарыстычнай цэлебрацыі

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – гэта пакланенне вернікаў перад таямніцай вечнага і міласэрнага Бога, Які Сам выходзіць насустрач і прагне з’яднацца з чалавекам. Касцёл разумее, што пакланенне Найсвяцейшаму Сакраманту ёсць відавочным развіццём эўхарыстычнай цэлебрацыі, якая сама ў сабе з’яўляецца найвышэйшым актам адарацыі з боку вернікаў (Пар. тамсама, 66). Трэба памятаць, што ўдзел у Святой Імшы і прыняцце з глыбокай пашанай Святой Камуніі вынікае з веры ў рэальную прысутнасць Езуса Хрыста ў Святых Постацях і выказвае знак пакланення Збаўцу.

Існуюць розныя формы ўшанавання Найсвяцейшага Сакраманту, якія вынікаюць з эўхарыстычнага культу. Пра іх важнасць пісаў між іншым святы Ян Павел ІІ у энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia, якую варта прачытаць ды паразважаць. Вялікую вартасць мае, напрыклад, падрыхтоўка перад Святой Імшой, калі вернікі ці то пад кіраўніцтвам святара, ці самастойна трываюць у малітве, углядваючыся ў табернакулюм, дзе захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант. Такая падрыхтоўка, практыкаваная ў шматлікіх святынях нашай краіны, дапамагае больш свядома і поўна ўдзельнічаць у цэлебрацыі Эўхарыстычнай ахвяры Імшы, якую святы Ян Павел, паводле Душпастырскай Канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл у сучасным свеце Lumen gentium (нумар 11), назваў крыніцай і вяршыняй усяго хрысціянскага жыцця (Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліцы Ecclesia de Eucharistia, 1). Некаторыя вернікі трываюць у малітве без слоў, іншыя аддаюць перавагу падрыхтаваным тэкстам або карыстаюцца малітоўнікамі. Хто знаходзіцца ў такой падрыхтоўцы да Святой Імшы, той заўважае вялікія плады Божай ласкі ў сваім жыцці і больш свядома ўдзельнічае ў самой Эўхарыстыі.

Пан заўсёды чакае

Папа Францішак заахвочвае, каб дзверы святынь былі адчыненымі для малітвы вернікаў. Падобна рабілі і папярэднікі цяперашняга Пантыфіка. Абвешчаны святым 14 кастрычніка 2018 года Папа Павел VI у энцыкліцы Misterium fidei нагадваў, каб вернікі не занядбоўвалі наведвання Найсвяцейшага Сакраманту на працягу дня. На жаль, з розных прычынаў не ўсе парафіяльныя супольнасці могуць пакінуць адчыненымі дзверы святыні. Некаторыя пробашчы імкнуцца нейкім чынам даць вернікам магчымасць наведваць Езуса ў касцёле. Правераным способам з’яўляюцца краты ў дзвярах і кленчнік перад імі, дзякуючы чаму вернікі атрымліваюць магчымасць схіліць калені і памаліцца, гледзячы на табернакулюм. Незалежна ад умоў варта памятаць, што і праз замкнёныя дзверы Езус выслухоўвае малітвы, таму трэба падтрымліваць і развіваць даўнюю практыку пакланення перад святыняй праз зняцце шапкі ці кароткую малітву. Прыпамінаецца мне святой памяці ксёндз-пралат Юзаф Булька, які заўсёды заахвочваў наведвальнікаў Мосара пайсці ў касцёл “да Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце”…

Святары і вернікі чэрпаюць сілы з Эўхарыстыі

Асаблівай формай пакланення Богу з’яўляецца адарацыя праўдзівага Цела і Крыві нашага Пана Езуса Хрыста ў часе выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту. Касцёл заўсёды разумеў вартасць гэтай формы ўшанавання Бога, таму заахвочвае святароў, каб сваім уласным сведчаннем вялі вернікаў да эўхарыстычнага культу (Пар. Ян Павел ІІ, энцыкліка Ecclesia de Eucharistia, 25). Сведчанне з боку святароў – гэта не столькі абавязак, але вынік нашага асабістага духоўнага жыцця, напоўненага любоўю да Бога і бліжніх. Глыбока пра гэта кажуць айцы ІІ Ватыканскага Сабору: “Прэзбітары павінны шукаць i старанна выпрошваць у Бога той дух сапраўднага пакланення, дзякуючы якому разам з даручаным ім народам яны будуць цесна яднацца з Хрыстом, Пасярэднікам Новага Запавету, i таму як усыноўленыя дзеці ўсклікаць: “Абба, Ойча!” (Рым 8, 15; Дэкрэт пра служэнне і жыццё прэзбітараў Presbyterorum ordinis, 18). Асабістае ўшанаванне Найсвяцейшай Эўхарыстыі дапамагае святарам правільна выконваць сваю паслугу, а калі святару спадарожнічаюць вернікі, то іх супольная малітва грунтуе таксама еднасць і павялічвае цноты ў супольнасці мясцовага Касцёла.

Касцёл дбае пра Эўхарыстыю

Згодна з дакументамі Касцёла, якія датычаць зададзенага пытання, Найсвяцейшы Сакрамант можа быць выстаўлены для адарацыі ў прысутнасці вернікаў. Святар, адказны за захоўванне Найсвяцейшага Сакраманту, павінен быць упэўнены, што ў часе адарацыі будзе хтосьці з вернікаў, хоць адна асоба, бо нельга пакідаць выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамант у пустым касцёле або капліцы. У Беларусі адарацыі адбываюцца ў шматлікіх парафіях рэгулярна: дзе штодня, дзе некалькі разоў на працягу тыдня або радзей. Пажадана, каб вернікі карысталіся гэтай магчымасцю і трывалі перад Панам.

Вялікую карысць маюць саракагадзінныя набажэнствы, якія на працягу трох дзён рыхтуюць супольнасць вернікаў да перажывання парафіяльнай адпустовай урачыстасці. У нашай краіне існуюць таксама каталіцкія рухі, групы або душпастырствы, якія імкнуцца да глыбейшай камуніі з Богам. Пажадана, каб сябры гэтых супольнасцяў уключаліся ў рытм літургічнага жыцця сваёй парафіі, аднак не заўсёды гэта магчыма. Пераважна яны маюць уласных душпастыраў, прызначаных кампетэнтнай касцельнай уладай. Такія групы часам арганізуюць начныя набажэнствы, чуванні ці сустрэчы, што ў сваю чаргу можа быць добрым спосабам для духоўнага развіцця тых, хто ўдзень заняты.

Прысутнасць святара падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту неабавязковая, аднак да пробашча або рэктара належыць дбанне пра культ, захоўванне Найсвяцейшага Сакраманту, а таксама правядзенне набажэнства згодна з касцельнымі нормамі. Яго заданнем таксама з’яўляецца распазнанне сапраўднасці, матывацыі і мэты правядзення малітваў, у чым заўсёды дапамагае прынцып праўды і любові ў супольнасці, што ў сваю чаргу вызваляе ад эгаістычнага і інструментальнага падыходу да таямніцы Эўхарыстыі.

Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту – гэта крыніца сілы для многіх вернікаў. Прыпамінаецца малітоўная пастава перад табернакулюмам святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, чыя сто чацвёртая гадавіна нараджэння прыпадае на 21 кастрычніка 2018 г. Цішыня, далоні зведзеныя разам і моцна на іх абапіралася галава. Спакойны ззяннем радасці і глыбокай павагі твар – нібы ўжо ў небе, хоць яшчэ зямны, і ўсё цела нерухомае як адна брыла каштоўнай фігуры, што маўчаннем усклікае: будзь праслаўлены, Езу, жыццё маё!..

Няхай будзе пахвалёны Найсвяцейшы Сакрамант – праўдзівае Цела і Кроў Пана нашага Езуса Хрыста!

для друку для друку