Капліца побач з фітнесам і аўташколай… У Віцебску паўстала пятая каталіцкая парафія

Віцебск налічвае сёння каля 400 тыс. жыхароў. Калісьці, перад бальшавіцкай рэвалюцыяй, калі горад быў нашмат меншы, тут было восем каталіцкіх касцёлаў. На тэрыторыі сучаснага Віцебска функцыянуюць чатыры каталіцкія святыні. З аднаго боку, гэта дастаткова для той колькасці католікаў, якія тут пражываюць. З другога боку, людзі часта вымушаныя пераадольваць значныя адлегласці, каб патрапіць на Святую Імшу. За апошнія восем гадоў паўстала група мікрараёнаў пад назвай Білева, дзе ў цяперашні час пражывае больш чым 40 тыс. чалавек.

Пробашч парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску кс. Адам Дынак разам са сваімі парафіянамі

Пробашч парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску кс. Адам Дынак разам са сваімі парафіянамі

Мікрараён пастаянна расце. Католікі з Білева мусяць дабірацца шэсць кіламетраў і больш да бліжэйшага касцёла. У сувязі з такой сітуацыяй былы ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Уладзіслаў Блін у 2008 заснаваў пятую каталіцкую парафію ў горадзе – святога Уладзіслава, да якой належаць мікрараёны Білева і прылеглыя мясцовасці. Быў прызначаны святар з задачай арганізацыі парафіі і будаўніцтва святыні. На жаль, гарадскія ўлады з розных прычынаў не далі дазвол на будаўніцтва касцёла. Таму пасля кароткага прамежку часу раней прызначаны святар быў вызвалены. Некалькі гадоў сітуацыя вісела ў паветры. Католікі з Білева ўдзельнічалі ў Святых Імшах у розных касцёлах горада.

Так працягвалася да 2015 года, калі гарадскія ўлады змянілі сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Новы біскуп Алег Буткевіч зноў прызначыў святара, даверыўшы яму наноў арганізаваць супольнасць вернікаў і загадаў прыкласці намаганні, звязаныя з будаўніцтвам. 20 снежня 2015 года адбылася першая Імша ў парафіі, у якой прынялі ўдзел 32 чалавекі. Паколькі парафія яшчэ не мае ўласнага касцёла, было арэндавана памяшканне ў офісным будынку па вуліцы Генерала Іваноўскага 5. Там, у пакоі плошчай 48,5 квадратных метра штодня адпраўляецца Святая Імша: у нядзелю – а дзясятай, па буднях – а 18.30. Цяпер, калі гэтая “капліца” існуе менш чым два месяцы, у нядзельнай Імшы ўдзельнічае ад 40 да 50 чалавек. Памяшканне прыстасаванае для літургіі. Тут сціплае абсталяванне, але дастатковае. Ніхто не чакаў, што будуць такія сенсацыйныя пачынанні. Сітуацыя незвычайная: наша «капліца» знаходзіцца на трэцім паверсе і акружана вакол офісамі розных кампаній, пад намі знаходзіцца пакой для фітнесу, а над намі – аўташкола.

На другім фотаздымку: біскуп Алег адпраўляе святую Імшу 25 снежня а 10.00 гадзіне.

Біскуп Алег Буткевіч адпраўляе святую Імшу 25 снежня а 10-ай гадзіне

Людзі, якія прыходзяць на Імшу, – гэта найперш маладыя асобы, пераважная большасць маладых сем’яў, некаторыя з іх мнагадзетныя. Увогуле, наша парафія мае даволі шмат дзяцей, а значыць, і надзейную будучыню. Ад пачатку лютага пачалася рэгулярная катэхізацыя для дзяцей. У ёй удзельнічае дзесяць чалавек. Праводзіцца катэхеза для дарослых. Парафіяне вельмі зацікаўленыя стварэннем новай уласнай супольнасці. Удзельнічаючы ў розных справах, яны хочуць дапамагаць. З нецярпеннем чакаюць касцёла ў Білеве.

Парафіянка Святалана дзеліцца: “Мы ўпэўненыя, што з Божай дапамогай, малітвай і вернікамі пабудуецца яшчэ адна новая святыня ў Беларусі. Усіх католікоў і іх сем’і, што пражываюць у мікрараёне Білева, шчыра запрашаем далучыцца да нашай парафіяльнай супольнасці!”

Што датычыцца будаўніцтва касцёла, то ўладамі была прапанавана тэрыторыя для гэтай мэты. Цяпер патрэбная дакументацыя для афіцыйнага выдзялення зямлі на будаўніцтва. Невядома, як доўга будзе прымацца гэтае рашэнне, але ёсць надзея, што ўжо ў гэтым годзе пачнецца ўзвядзенне доўгачаканай святыні. Бог дабраславіць у гэтай справе, і мы верым, што Ён і надалей будзе нам дапамагаць.

Кс. Адам Дынак

для друку для друку