Калі святкаваць імяніны Багдана?

teadot

Святамучанік Тэадот Кірынейскі

“Імя майго сына – Багдан. У каталіцкім календары ёсць некалькі дзён на працягу года, калі святкуюцца імяніны Багдана. Але я не разумею, у які дзень мой сын мусіць мець свае імяніны. Падкажыце, калі ласка. І яшчэ пытанне. Неяк на катэхезе майму сыну і ўсім дзецям з класа сказалі намаляваць свайго святога. Усе дзеці намалявалі. А мой сын – не. У інтэрнэце я шукала нешта пра святога Багдана, але не знайшла ні выявы, ні біяграфіі. Я распавяла пра гэта катэхетцы, што мы нічога не знайшлі пра святога Багдана і не ведаем, як традыцыйна выглядае яго выява. Катэхетка таксама нічога не ведала пра святога Багдана, але сказала, што трэба дзесьці ў ксяндзоў знайсці нейкую вялізную кнігу, у якой можна адшукаць адпаведную інфармацыю. І некалькі разоў абяцала ўзяць кнігу, але нешта перашкаджала: то ксяндза не было, то яна была занятая. А потым я перастала яе “даймаць”, бо яна сапраўды вельмі заняты чалавек.

Сама я яшчэ ў інтэрнэце шукала. На польскім сайце, дзе ўсе святыя, таксама няма Багдана. І дзе толькі польскія святыя – не знайшла. На catholic.by ў спісе святых таксама няма. А сын мяне прасіў распавесці яму пра святога, імя якога ён носіць. Я прасіла прабачэння, што нічога не знайшла і не магу распавесці. Па гэтай прычыне ў нашай сям’і няма дня святога Багдана.

Але мы маем такую традыцыю: я расказваю дзецям пра вядомых святых, пра звычаі, святкаванні ў іншых краінах. Напрыклад, пра святога Антонія, які нарадзіўся ў Лісабоне, але працаваў у Падуі. Расказваю, што я была ў тым касцёле ў Лісабоне, дзе быў ахрышчаны св. Антоні. Пра тое, што жыхары Лісабона ладзяць фэст з 12 на 13 чэрвеня. Пра тое, што ў Падуі захоўваюцца парэшткі святога, і я таксама была ў базыліцы св. Антонія. Яна вельмі велічная і прыгожая. І пра святога Патрыка распавядаю дзецям, кім ён быў, і якія цудоўныя традыцыі святкавання гэтага дня ў гонар св. Патрыка існуюць. І пра св. Марціна. І пра св. Люцыю. І так пра многіх святых! Безумоўна, дзякуючы інфармацыі з інтэрнэту. А таксама з досведу ўласных пілігрымак.

Але пра святога Багдана – нічога. І іконак у касцёле ніколі няма з яго выявай, колькі гадоў ужо пытаю. Але ў літургічным годзе не адзін раз прыгадваецца ў календары… Дапамажыце, калі ласка, даведацца пра яго. Дзякуй”.

Наста

На пытанне адказвае а. Аляксандр Махнач, манах ордэна піяраў Рыма-Каталіцкага Касцёла:

– Гісторыя заходняга хрысціянства не ведае святых з такім прыгожым і старым імем. У хроніках узгадваюцца постаці з такім імем, якія з гонарам запісаліся ў гісторыю Еўропы. Ёсць некалькі выдатных сербскіх і харвацкіх біскупаў, якія насілі гэтае імя. Калі больш папулярызаваліся славянскія імёны, тады старое лацінскае імя Deusdedit (Дэусдэдзіт) пераклалі як “Багдан”. Значэнне імя Багдан (Богадан) можна патлумачыць як “дадзены Богам”. Багдан святкуе імяніны: 6 лютага, 19 сакавіка, 17 ліпеня, 10 жніўня, 9 кастрычніка, 8 лістапада i 10 снежня.

На пытанне адказвае а. Зміцер Чарнель, грэка-каталіцкі манах-рэдэмптарыст:

– Імя Багдан – гэта славянскі варыянт грэцкага імя Тэадот. Імяніны можна святкаваць у наступныя дні: 2 сакавіка (святамучанік Тэадот Кірынейскі), 7 чэрвеня (святамучанік Тэадот Анкірскі), 7 лістапада (мучанік Тэадот Мелітэнскі)”.

для друку для друку