Як зараз праходзяць уступныя экзамены ў семінарыю?

“Хвала Хрысту! Маю пытанне пра арганізацыю ўступных экзаменаў у семінарыю. Прачытаў ужо даўно, што ККББ пастанавіла, што пры паступленні ў семінарыю акрамя адпаведных семінарыйных іспытаў трэба падаваць яшчэ і вынікі ЦТ. У сувязі з гэтым прашу патлумачыць: вось калі семінарыст паспяхова здаў семінарыйныя іспыты, але ж “заваліў” ЦТ, напрыклад, па англійскай мове, то яго ўжо ў семінарыю не прымуць? І увогуле, хацелася б ведаць, як зараз праходзяць іспыты, з якімі цяжкасцямі можна сутыкнуцца і што патрабуецца ад абітурыента на экзаменах і ад семінарыстаў у самыя першыя дні іх вучобы. Растлумачце, калі ласка, бо гэта досыць важна для мяне асабіста. Дзякуй”.

Леў

На пытанне адказвае айцец Аркадзь Куляха OCD:

– Дарагі Леў! Дзякуй за пытанне, якое, магчыма, цікавіць не толькі юнакоў і маладых мужчын, але і шматлікіх вернікаў, бо яно звязана з вельмі важнай і актуальнай справай пакліканняў, іх фармацыяй ды наогул з недахопам святароў.

Таямніца паклікання

Трэба распачаць з праўды пра таямніцу святарства, якое з’яўляецца перадусім дарам Бога для канкрэтнага чалавека, а таксама для ўсёй супольнасці Касцёла. Неабходна заўсёды памятаць, што менавіта Бог ёсць Панам жніва і Ён кліча і выбірае, каго хоча, калі хоча і такім чынам, якім захоча. Калі хтосьці чуе голас паклікання ды прагне станоўча на яго адказаць, то павінен даверыцца Богу і з адвагай імкнуцца да ажыццяўлення Божага плану. Паколькі пакліканне нельга разглядаць у катэгорыі прафесіі, але толькі паклікання, то не трэба таксама падыходзіць да паступлення і навучання ў духоўнай семінарыі толькі як да адукацыйнага працэсу. Хоць варта дадаць, што не кожны можа быць святаром ці кансэкраванай асобай. Бог, выбіраючы чалавека для свайго служэння, дае яму ўсе неабходныя якасці і здольнасці для таго, каб той здолеў фарміравацца, вучыцца, а пазней выконваць даручаныя ў Касцёле заданні. Бог таксама заўжды шануе чалавечую свабоду і нікога не прымушае выконваць Яго волю.

Адным з патрабаванняў пры паступленні ў духоўную семінарыю ёсць здольнасць вучыцца. Пажадана пры гэтым, каб кандыдат вучыўся добра. Менавіта цэнтралізаванае тэставанне, а таксама ўступны экзамен у семінарыю маюць быць паказчыкам як інтэлектуальных магчымасцяў, так і ўзроўню ведаў будучага семінарыста.

Не толькі веды

Як я пісаў вышэй, Бог Сам выбірае і кліча, каго захоча. І хоць адказныя за фармацыю жадалі б мець у духоўных семінарыях самых здольных студэнтаў, але голас паклікання чуюць не толькі выдатнікі. Інтэлектуальны крытэрый хоць вельмі важны, але не адзіны пры наборы кандыдатаў на святарства. Апрача знаёмства з вынікамі цэнтралізаванага тэставання і экзамену, семінарыйная прыёмная камісія праводзіць таксама кваліфікацыйную размову з кандыдатам, каб выявіць сапраўднасць матывацыі для паступлення на навучанне ў школе Хрыста, духоўныя і маральныя здольнасці прэтэндэнта, а таксама гатоўнасць цалкам, у поўнай ступені прысвяціць сябе служэнню Богу і людзям. Прыёмная камісія імкнецца як мага больш шырока і ўсебакова паставіцца да просьбы маладога чалавека, каб таксама дзякуючы святлу Духа Святога, атрыманаму на малітве, прыняць правільнае рашэнне.

Леў цікавіцца, ці можа быць прычынай адмовы ў прыняцці ў семінарыю няздадзены іспыт? Такі стан рэчаў не дзейнічае аўтаматычна, і калі хтосьці паспяхова закончыў школу і прайшоў уступны экзамен, то недастатковая колькасць балаў па ЦТ не павінна перашкодзіць кандыдату стаць святаром. За гады служэння ў семінарыі і ўдзелу ва ўступных экзаменах магу пацвердзіць, што ніхто не быў пазбаўлены права навучацца ў школе Хрыста толькі па прычыне слабага атэстата аб сярэдняй адукацыі альбо дыплома аб заканчэнні іншай навучальнай установы.

Omne initium difficile est

Лацінскі крылаты выраз кажа, што ўсялякі пачатак – складаны. Жыццёвы вопыт не толькі людзей у сталым узросце паказвае, што невядомае звычайна нас палохае і часта выклікае стрэс. Уступны экзамен і першыя дні ў духоўнай семінарыі тут не выключэнне. Здаецца, што таму, хто штодня дыхае жыццём Касцёла, нескладана паказаць рэлігійныя веды, аднак рыхтавацца трэба. Экзаменацыйныя пытанні датычаць Катэхізісa Каталіцкага Касцёла, жыцця і структуры Паўсюднага ды лакальнага Касцёла. Кандыдаты пішуць сачыненне на адну з прадстаўленых тэмаў і пісьмовы тэст, ім трэба таксама прайсці кваліфікацыйную размову з прадстаўніком прыёмнай камісіі.

Кандыдатам для паступлення ў семінарыю раю звяртацца да сваіх душпастыраў, якія здольныя дапамагчы ім ў падрыхтоўцы да іспытаў, а таксама маліцца аб ласках Духа Святога, Які натхняе на добрыя намеры і дае сілы для іх ажыццяўлення. Святы Ян ад Крыжа кажа пра іншы, вельмі складаны экзамен, які кожны павінен будзе здаваць: “Пад вечар жыцця будзе экзамен з любові”.

Пачатковы этап навучання ў духоўнай семінарыі мае мэтаю дапамагчы семінарыстам паглыбіць чалавечую, духоўную і інтэлектуальную асабістую фармацыю, каб яны маглі свабодна і без перашкод будаваць адносіны з Богам і людзьмі ды развіваць сваю асабовасць. Сэрцам усялякай фармацыі з’яўляецца камунія з Богам і адкрытасць на Яго ласку, таму штодзень навучэнцы і фарматары імкнуцца адпаведны час прысвяціць на супольную і асабістую малітву. Неабходна памятаць, што семінарыя – гэта не толькі месца, дзе студэнты здабываюць веды, але яны перш за усё адказваюць на надпрыродны дар паклікання і крочаць за Хрыстом, Які іх выбраў ды надзяліў усім патрэбным, каб на гэты дар адпаведна адказаць.

У асноўным працэс навучання, г. зн. слуханне лекцый, практычныя заняткі, самападрыхтоўка, залікі, экзамены ды іншыя мерапрыемствы, падобныя ці такія ж, як у многіх вышэйшых навучальных установах. Калі хтосьці адчувае ў сваім сэрцы голас паклікання, то няхай найперш думае пра дабрыню і любоў Бога, Які яму паспрыяе сваёй моцаю ды паставіць адпаведных людзей, гатовых дапамагчы. Тым, хто думае пра святарства, варта таксама карыстацца акцыяй “Семінарыст на ўікэнд” або іншай магчымасцю наведаць семінарыю і паразмаўляць як з клерыкамі, так і з выхавальнікамі.

Пакліканні  нараджаюцца з малітвы

Святы Айцец Францішак сказаў: “Калі ты адчуваеш, што Езус цябе кліча, калі Яго голас запальвае тваё сэрца, то адбываецца гэта таму, што Бог Айцец змясціў у тваім нутры імкненне да любові, праўды, жыцця, прыгажосці…, а паўната ўсяго гэтага – Езус! Гэта дапамагае нам зразумець таямніцу паклікання” (Разважанне перад малітвай Regina Coeli, 04.12.2013). Папа слушна заўважыў, што “пакліканні нараджаюцца з малітвы” (пар. Тамсама). Таму на заканчэнне хачу папрасіць Льва, усіх тых, хто адчувае голас Пана “Ідзі за Мною” і чытачоў “Каталіцкага Весніка”, маліцца аб новых пакліканнях і за тых, хто даў Хрысту станоўчы адказ. Слова і чын у праўдзе, малітва, бачанне шчасця святароў і кансэкраваных асобаў – гэта адзін з найлепшых спосабаў дапамагчы, або “заахвоціць” маладых жанчын і мужчын да святарства і манаскага жыцця. Катэхетычная дзейнасць, душпастырства моладзі і студэнтаў – усё гэта з’яўляецца важным элементам інфармавання пра розныя пакліканні ў Касцёле і дапамогае ў выбары дарогі жыцця. Семінарыі ў нашай краіне, як у Пінску, так і ў Гродне, маюць усе ўмовы, каб паспрыяць адпаведнай фармацыі будучых святароў.

У духоўных семінарыях Хрыстос чакае тых, каго Сам выбірае і кліча ісці за Сабою. Льва і тых, хто мае намер паступаць у школу Хрыста, давяраю Божаму Провіду ды жадаю адвагі і руплівасці ва ўсім, што каштоўнае. Deus benedicat! Блаславі, Божа!

для друку для друку