Як працуе парафіяльная рада?

“Хвала Хрысту!
У мяне такое пытанне. Хто выбірае парафіяльную раду? І як яна працуе?”
Станіслаў

На пытанне адказвае ксёндз Віктар Місевіч, канцлер Віцебскай дыяцэзіі:

– Шаноўны сп. Станіслаў! Тэма, якую Вы закранаеце сваім пытаннем, надзвычай важная і патрэбная, таму што дапамагае нам лепш разумець унутраную арганізацыю і функцыянальнасць каталіцкай парафіі. Парафія – гэта арганізм, супольнасць, якая кіруецца пэўнымі нормамі. І на грунце свецкага права і паводле кананічнага права Касцёла каталіцкая парафія ў Беларусі заўсёды валодае юрыдычнай адметнасцю.

Такім чынам, у парафіі павінны быць пэўныя атрыбуты, якія дапамагаюць ёй функцыянаваць і выконваць сваё прызначэнне. Адным з такіх атрыбутаў з’яўляецца парафіяльная рада. Падыход да гэтага інстытуту адрозніваецца з пункту гледжання свецкага заканадаўства і кананічнага права. Паспрабуем растлумачыць, што да чаго. Паколькі пытанне, пастаўленае вышэй, належыць выключна да кампетэнцыі заканадаўства, то ў сваім артыкуле я буду карыстацца наступнымі юрыдычнымі дакументамі:

  1. Кодэкс кананічнага права Каталіцкага Касцёла 1983 г.;
  2. Статуты сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій;
  3. Статут парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску, пробашчам якой цяпер сам і з’яўляюся.

Што кажа Кодэкс кананічнага права пра парафіяльную раду? Трэба зазначыць, што Кодэкс нічога не гаворыць пра інстытут парафіяльнай рады ў Каталіцкім Касцёле. Аднак у кан. 536 ККП акрэслівае магчымасць стварэння душпастырскай рады, якая мае толькі дарадчы голас, кіруецца нормамі, акрэсленымі біскупам, і дапамагае пробашчу ў душпастырскай працы. Стварэнне такой рады ў парафіі не з’яўляецца абавязковым.

Але наступны канон 537 ККП акрэслівае абавязак стварэння ў парафіі Рады па эканамічных справах. І тут ужо патрабаванне касцельнага заканадаўцы адназначнае: такая рада павінна быць створаная ў парафіі. Сэнс існавання такой рады палягае ў дапамозе пробашчу ў адміністраванні парафіяльнай супольнасцю. Варта заўважыць, што згодна з паўсюдным правам Касцёла кіраўніком парафіі з’яўляецца пробашч, а ўсе іншыя супрацоўнікі толькі дапамагаюць яму ў выкананні яго паслугі. Кодэкс кананічнага права не акрэслівае падрабязна, якім чынам адбываюцца выбары ў раду і ў чым канкрэтна заключаюцца яе абавязкі. Па адказы на гэтае пытанне варта звярнуцца да партыкулярнага права, г.зн. да нормаў, выдадзеных біскупам ці да дыяцэзіяльных статутаў. Важная інфармацыя таксама па гэтым пытанні змяшчаецца ў парафіяльным статуце, які зацвярджаецца біскупам і рэгіструецца ў аблвыканкаме.

Статуты сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, прамульгаваныя для Віцебскай дыяцэзіі 30 верасня 2000 года біскупам Уладзіславам Бліном, акрэсліваюць пытанне Рады па эканамічных справах парафіі ў пунктах 1023-1033. Цікава, што Сінод дыяцэзіі палічыў неабходным у самым першым пункце падкрэсліць важнасць т.зв. кананізацыі свецкага права. Працытуем яго цалкам: “Камуністычная ўлада ўвяла ў жыццё Касцёла на Беларусі парафіяльныя камітэты як абавязковыя. Яны і надалей кіруюцца статутам, зацверджаным дзяржаўнай уладай. Іх галоўным заданнем з’яўляецца распараджэнне парафіяльным фондам. Гэтае заданне ў пэўнай ступені супадае з заданнямі Рады па эканамічных справах.” Такім чынам, бачым, што касцельны заканадаўца схільны ўспрымаць парафіяльныя камітэты як інстытуты, што адпавядаюць патрабаванням кананічнага права. Наконт мэтаў і заданняў усё зразумела. Разыходжанні паміж палажэннямі дыяцэзіяльнага права і Статутамі парафіі могуць быць у пытанні кадэнцыйнасці Рады, яе складу і частотнасці пасяджэнняў.

Напрыклад, Стутуты дыяцэзіі ў пункце 1024 сцвярджаюць, што склад Рады па эканамічных справах зацвярджае дэкан дэканата, а ў парафіі дэкана – дыяцэзіяльная Курыя. А Стутут парафіі св. Уладзіслава ў Віцебску наогул не мае тэрміна “дэкан”. Пункт 1025 Стутатаў дыяцэзіі акрэслівае, што тэрмін паўнамоцтваў Рады па эканамічных справах трывае пяць гадоў, і Рада ствараецца пробашчам, у той час, як Статут парафіі ўстанаўлівае тэрмін паўнамоцтваў толькі на тры гады і патрабуе ствараць Раду парафіі Сходам парафіі – г.зн. сходам усіх вернікаў парафіі.

Цікавай адрознасцю ў нарматыўных актах Статутаў дыяцэзіі і Статута парафіі з’яўляецца тое, што Статуты дыяцэзіі наказваюць чальцам Рады складаць пробашчу прысягу з наступным зместам. “Я (называецца імя і прозвішча), пакліканы і прызначаны чальцом Рады па эканамічных справах нашай парафіі, прысягаю перад Богам і тут прысутнымі, што давераную мне функцыю буду выконваць сумленна згодна з прадпісаннямі касцельнага права. Асабліва прысягаю, што па меры сваіх сіл і з пачуццём адказнасці за Касцёл буду клапаціцца аб цэласнасці і бяспецы парафіяльнай маёмасці ў згодным супрацоўніцтве з кіраўніком нашай парафіі на хвалу Божую і дзеля дабра Касцёла. Няхай дапаможа мне ў гэтым Пан Бог усемагутны. Амэн”.

Важным момантам у пытанні парафіяльнай рады з’яўляецца тэма кіраўніцтва парафіяй. Згодна з Кодэксам кананічнага права, пастырам парафіі і яе кіраўніком з’яўляецца пробашч. Аднак Статуты парафіі ўказваюць на старшыню парафіяльнай рады як на таго, хто кіруе парафіяй. Як тут быць, калі трэба захаваць патрабаванні касцельнага права і не парушаць свецкага? Ідэальным варыянтам ёсць, калі пробашч парафіі абіраецца сходам на пасаду старшыні парафіяльнай рады.

Як было зазначана вышэй, найвышэйшы касцельны заканадаўца пакідае партыкулярнаму праву вырашаць прынцыпы адміністравання і функцыянавання такіх інстытутаў, як парафіяльная рада. Таму падрабязныя адказы варта шукаць менавіта там, уважліва чытаючы сінадальныя статуты, нормы, выдадзеныя дыяцэзіяльным біскупам, і парафіяльны статут, які таксама зацвярджаецца біскупам, рэгіструецца і прызнаецца свецкай уладай.

для друку для друку