Італія: глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў святарскае пасвячэнне ў ордэне тэатынцаў

16 ліпеня 2017 года, у дзень Маці Божай Шкаплернай, у горадзе Неапаль (Італія) ў базіліцы Сан-Паола-Маджорэ з рук Яго Эксцэленцыі арцыбіскупа Георга Генсвайна, прэфекта Папскага дому і асабістага сакратара Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI, глыбачанін Аляксандр Івашчонак атрымаў святарскае пасвячэнне ў ордэне айцоў тэатынцаў*.

Ва ўрачыстай Літургіі прынялі ўдзел шмат святароў, законных сясцёр, гасцей і сяброў. Сярод прысутных былі кс. Кшыштаф Мікалайчык, які зараз працуе ў Афрыцы, але менавіта падчас яго служэння ў Глыбокім юнак Аляксандр распазнаў сваё пакліканне да святарства.

Марына Сінкевіч
Фота зроблена з прамой трансляцыі на Napoli Canale21 

Даведка:

* Тэатынцы (ад лац. Ordo Clericorum Regularium vulgo Theatinorum — Кангрэгацыя рэгулярных клерыкаў Боскага провіду), CR — мужчынскі святарскі ордэн Рыма-каталіцкага Касцёла.

Ордэн заснаваны ў 1524 годзе па ініцыятыве Джанпьетра Карафы (пазней Папы Паўла IV) і святога Каэтана Цьенэ. Абодва належалі да брацтва Боскай Любові (Compagnia del Divino Amore) пры царкве св. Дароты. Ужо праз некалькі тыдняў абшчына была прызнана Папам Кліментам VII як ордэн, неафіцыйна іх звалі «тэатынцамі», паколькі першым яго кіраўніком быў біскуп Кьеці (лац. назва горада — «Theate», адсюль і назва ордэна) Карафа(пазней Папа Павел IV).

Асаблівасць тэатынцаў у тым, што іх ордэн не быў у поўным сэнсе манаскім, аднак членамі абшчыны станавіліся пасвечаныя святары, якія складалі ўрачыстыя манаскія шлюбы; аднак не сыходзілі ад свету, а працягвалі выконваць абавязкі парафіяльных святароў, нябудучы пробашчамі. Такім чынам, тэатынцы сталі першым ордэнам новага тыпу, так званых рэгулярных клерыкаў.

Росквіт ордэна прыйшоўся на XVII стагоддзе, у XIХ стагоддзі ордэн пачаў хіліцца да захаду.

У 2014 годзе да ордэна належаў 171 манах, з іх 141 святар, якія служаць у Італіі, Іспаніі, ЗША, Мексіцы, Калумбіі, Бразіліі і Аргенціне.

для друку для друку