Гістарычны будынак касцёла ў Краснаярску ўлады адмовіліся вярнуць католікам

Горад не хоча пазбаўляцца арганнай залы і будаваць спецыялізаванае памяшканне.

Кіраўнік агенцтва па кіраванню дзяржмаёмасцю падпісаў указ, у якім гаворыцца, што ў перадачы будынка касцёла ў расійскім Краснаярску мясцовай каталіцкай супольнасці адмоўлена. Парафіі Перамянення Пана не аддадуць былы храм, па той прычыне, што ён “не з’яўляецца маёмасцю рэлігійнага прызначэння”.

З прыходам савецкай улады касцёл адабралі ў вернікаў і зрабілі ў ім арганную залу — менавіта так будынак выкарыстоўваецца да гэтага часу. На самой справе храм быў пабудаваны за ахвяраванні вернікаў больш як 100 гадоў таму, таму католікі і просяць вярнуць яго, прычым ужо не першы раз.

Са свайго боку, мясцовыя музыканты прасілі ўлады не аддаваць храм, паколькі ў Краснаярску дагэтуль не пабудаваная спецыялізаваная арганная зала. І калі б будынак вярнулі вернікам, горад застаўся б без арганнай музыкі, заявілі музыканты, заяву якіх падпісалі і многія гараджане.

Нагадаем, у расійскім Кіраве ўлады таксама адмовілі ў вяртанні гістарычнага будынка касцёла, там святар і прадстаўнікі абшчыны аб’яўлялі галадоўку, а затым вырашылі звярнуцца ў суд.

katolik.life

для друку для друку