#ddn18: фестываль хрысціянскай музыкі ў Баранавічах

10 лютага 2018 года ў Баранавічах у сёмы раз прайшоў фестываль хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў».

На канцэрт прыбылі маладыя людзі разам са сваімі святарамі і законнымі сёстрамі з усіх куткоў нашай Бацькаўшчыны. Прадстаўнікі з Віцебскай дыяцэзіі таксама прыехалі на музычны фэст. У мінулым годзе была толькі моладзь з Глыбокага, а на гэты раз да дыяцэзіяльнай «каманды» далучыліся і маладыя людзі з Мёраў, Полацка і Віцебска (парафія Святой Барбары).

Моладзевы рух «Open» з Гродна і пінскі семінарыйны гурт «Подых духа», каталіцкі «The Crossway» і пратэстанцкі «NG Youth» з Баранавіч, евангелізацыйны праект «Рыбы» на працягу амаль чатырох гадзін запальвалі сваімі спевамі, танцамі, харызмай агеньчыкі ў сэрцы кожнага, хто прыбыў на гэты фестываль.

На канцэрт завітаў біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, які толькі вярнуўся з Рыму пасля візіту Ad limina Apostolorum, і перадаў прывітанне ад Святога Айца Францішка.

Падчас канцэрту моладзь магла атрымаць і памятныя падарункі: адмысловую майку і каляндар, але трэба было адказаць на некаторыя пытанні вядучага. І з гэтымі заданнямі прысутныя справіліся. Цікавы факт той, што на самым першым фестывалі прысутнічала каля 200 чалавек і праходзіў ён у Астраўцы ў 2012 годзе. На той момант назвы «Дастукацца да нябёсаў» не было. А дапамагла ў гэтай справе… рэгіянальная газета «Астравецкая праўда», якая пасля правядзення першага фестывалю надрукавала артыкул «Фестываль хрысціянскай музыкі ці як дастукацца да нябёсаў».

VII фестываль сабраў амаль 1000 гледачоў ў залі і каля 500 карыстальнікаў Youtube, якія з-за адсутнасці магчымасці прыехаць і дзякуючы сучасным тэхналогіям змаглі «прысутнічаць» на фестывалі віртуальна.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота 

Ад рэд. Больш фота з музычнага фэсту можна паглядзець у сацыяльных сетках: запісы з хэштэгам #ddn18

Запрашаем да прагляду канцэрту ў запісе.

для друку для друку