Беларускі семінарыст адправіцца на місію ў Афрыку

AndzejАнджэй Ганчар, навучэнец 6 курса Гродзенскай духоўнай семінарыі, некалькі гадоў назад адкрыў для сябе місіянерскае пакліканне. У якасці валанцёра дыякан ужо пабываў у Казахстане, а гэтым летам збіраецца ў Камерун, дзяржаву ў трапічнай Афрыцы.

У сённяшнім нумары семінарыст расказвае “Каталіцкаму Весніку” пра сваё служэнне.

– Анджэй, калі Вы пачалі цікавіцца місіянерскай дзейнасцю?

– Некалькі гадоў таму мае браты-семінарысты рабілі акцыю “Пакліканне”. Неабходна было змантаваць відэа з выказваннямі студэнтаў-клерыкаў пра пакліканне, яго значэнне і разуменне. На гэтым відэа я быў з там-тамам, традыцыйным афрыканскім музычным інструментам. І сказаў так: “Я жадаю несці Божае Слова туды, дзе пра Яго яшчэ не чулі…” І вось з гэтага моманту ўсё і пачалося. Я стаў цікавіцца місіянерскай дзейнасцю, кожны раз “пракручваючы” ў галаве думкі, як можна што-небудзь рэалізаваць. І, канешне, не забываў пра волю Усявышняга! Наведваў сімпозіумы, уступіў у Папскую Унію Місіянераў, здзяйсняючы штодзённую малітву аб новых місіянерскіх пакліканнях і за тых, хто ўжо служыць далёка ад родных дамоў. Пачаў удзельнічаць у розных акцыях.

– Як Вы патрапілі валанцёрам у Казахстан?

– Тры гады назад у нашай семінарыйнай супольнасці адбываліся рэкалекцыі. Іх для нас праводзілі місіянеры, якія сёння працуюць і служаць у Місіянерскім цэнтры ў Варшаве. Менавіта адзін з іх, айцец-італьянец Лука Бовіа, дапамог мне і майму аднакурсніку Дзянісу знайсці місіянерскую практыку. І вось ён – Казахстан. Незабыўныя перажыванні, знаёмствы, прапаведванне Евангелля. Менавіта там я ўмацаваў сваё пакліканне, сустрэў шмат добрых людзей, адкрытых на Божае Слова. Служэнне айца Войцеха з Польшчы, які працуе ў Казахстане ўжо больш за шэсць гадоў, стала для мяне прыкладам у многіх рэчах.

Святочны стол у парафіі Казахстана

Святочны стол у парафіі Казахстана

– Распавядзіце пра Касцёл у Казахстане?

– Праца ў парафіях Казахстана падобная да нашай. Аднак колькасць вернікаў невялікая: 20-40 чалавек. 150 вернікаў – ужо шматлікая парафія. Вельмі вялікая адлегласць паміж парафіямі. Святары едуць за 400 км, сустракаюцца ў стэпе, каб паспавядаць. Ім патрэбна ісці і самім збіраць парафіян. Можна сказаць, ксёндз жыве з людзьмі. Канешне, ёсць парафіяльны дом, але калі святар будзе, напрыклад, сядзець пры камп’ютары, глядзець тэлевізар, то праз некалькі месяцаў застанецца адзін. Там няма традыцыі хадзіць у касцёл на святы, спавядацца, прымаць Камунію. Усяму павінен навучыць менавіта святар, усё паказаць і перадаць. У Казахстане сустракаў шмат людзей, якія былі дэпартаваныя з Беларусі на працы ў стэпы. Вельмі прыемна было пазнаёміцца з імі: людзі адкрытыя, гасцінныя.

Парафія ў Казахстане

Парафія ў Казахстане

Дыякан Анджэй разам з в'етнамскімі манахінямі на служэнніі ў Казахстане

Дыякан Анджэй разам з в’етнамскімі манахінямі на служэнні ў Казахстане

– А якое служэнне зараз праводзіце ў Беларусі?

– Дзякуючы кс. Валерыю Быкоўскаму і а. Казіміру Жылісу я пачаў служэнне ў гарадзенскай турме. Наведваю вязняў, праводжу катэхезу, прыношу Камунію для зняволеных.

– Як Вы даведаліся пра дзіцячы дом у Камеруне?

– У 2014 годзе мой сябра дзяцінства Арцём Ткачук вырашыў са сваёй будучай жонкай Мартай Бекіш паехаць валанцёрамі ў Камерун у дзіцячы дом, якім кіруе айцец Дарыюш Гадава.

Анджэй разам з Арцёмам і Мартай

Анджэй разам з Арцёмам і Мартай

Айцец Дарыюш Гадава з дзецьмі

Айцец Дарыюш Гадава з дзецьмі

Яны пазнаёміліся з ім у Польшчы, у Познані, дзе вучыліся. Менавіта ў камерунскай сталіцы Яўндэ Арцём зрабіў прапанову рукі і сэрца Марце. Мы па магчымасці тэлефанавалі адно аднаму, размаўлялі па скайпе. Гэтым яны мяне туды заманьвалі (усміхаецца). Гэта, канешне ж, жарт. Але ў кожным жарце ёсць доля праўды.

У Камеруне ўжо чакаюць Анджэя

У Камеруне ўжо чакаюць Анджэя

– Калі менавіта Вы вырашылі стаць валанцёрам у Афрыцы?

– Прыехаўшы з Камеруна, Арцём і Марта пабраліся шлюбам. Менавіта на іх шлюбе ў Гродне я і пазнаёміўся з айцом Дарыюшам, які прыбыў на вяселле з Афрыкі. Ён прапанаваў прыехаць да яго. Я з радасцю згадзіўся. Далей быў дазвол на год ад біскупа Аляксандра Кашкевіча. Афіцыйныя мовы Камеруна – англійская і французская. Божая апека была бачна, калі я знайшоў рэпетытара па французскай мове, а яна адмовілася браць грошы за заняткі.

– А як Вы вырашалі фінансавыя пытанні?

– На самай справе вельмі шмат адкрытых на місіянерскую дзейнаць людзей. Некаторыя, калі даведваюцца, што я збіраюся ў Афрыку, прыносяць і ахвяроўваюць пэўную суму грошай. Часам даводзіцца прасіць. Вялікая дапамога вернікаў. Білет у Камерун у абодва бакі каштуе 1000 €, плюс вакцынацыя ад розных хвароб. У Яўндэ карміць будуць два разы, гэтага хапае. А дзеці ўвогуле ядуць там толькі раз на дзень. Калі ж захочацца кока-колы альбомарозіва, неабходна будзе за ўсё плаціць самому, трэба мець на кішэнныя выдаткі. Калі захварэеш і не будзеш мець грошай, Місія можа дапамагчы. Я еду на ўвесь год, прыкладная неабходная сума – 2.500 — 3.000 €. Я хачу, безумоўна, сабраць больш, каб таксама дапамагчы Місіі ў Камеруне.

– Што плануеце пасля вяртання ў Беларусь?

– Калі вярнуся з Камеруна, вельмі хачу атрымаць святарскае пасвячэнне. Лічу, што валанцёрская практыка ўзмоцніць маё пакліканне. Гавораць, што пакліканне да місіянерства вельмі лёгка распазнаць. Калі ты хутка звыкнешся з гэтай нялёгкай дзейнасцю, то гэта тваё. Таму пабачым! Але сам я з вялікім жаданнем хачу паехаць туды.

Гутарыла Ірына Грэйць

 Ад рэдакцыі

Дарагія чытачы! Тыя з вас, хто хоча дапамагчы беларускаму семінарысту на місіі ў Камеруне, могуць гэта зрабіць, склаўшы ахвяраванне праз Белпошту:

Гончар Анджей Ильич

ул. Кутузова д. 13

231281 г. Лида

Гродненской обл.

для друку для друку