11 кастрычніка касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Удзела (Глыбоцкі дэканат) прымаў святароў, законных сясцёр і братоў з усёй Віцебскай дыяцэзіі, якія сабраліся на штомесячную сустрэчу з біскупам Алегам Буткевічам.
Месца спаткання было выбрана невыпадкова, бо менавіта ў гэтым годзе святыня адзначае 300-годдзе існавання, а ў нядзелю, 8 кастрычніка, падчас кананічнай візітацыі быў асвечаны адноўлены галоўны алтар.
Дзень духоўных сустрэч пачаўся гадзінай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой удзельнікі спаткання ў цішыні адаравалі Езуса і карысталіся магчымасцю сакраманта споведзі.
Святую Імшу разам з біскупам Алегам канцэлебравалі генеральны вікарый кс. Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч, дэкан Глыбоцкі кс. Мікалай Ціхановіч, віцэ-дэкан Глыбоцкі кс. Андрэй Кулік, новапрэзбітэр кс. Алег Хмылко і пробашч Удзелаўскай парафіі а. Яраслаў Банасяк OFMConv.
Слова да прысутных скіраваў кс. Андрэй Кулік, які на прыкладзе прарока Ёны са Старога Запавету, зрабіў “рэвізію” святарскага жыцця.
Пасля Літургіі адбылася канферэнцыя, якую прамовіў духоўны айцец дыяцэзіі езуіт Станіслаў Памыкала. Святар падзяліўся ўласным сведчаннем і перажываннем з рэкалекцый, якія нядаўна перажыў.
“Каб не было пустэчы ў жыцці, якую мы (святары) часта запаўняем інтэрнэтам, хобі альбо рознымі непатрэбнымі справамі, мы павінны стаць членамі Жывога дома ці Жывой супольнасці. А каб гэта супольнасць магла існаваць і развівацца – павінна быць прабачэнне. Бо дом – гэта месца, дзе ты прабачаеш і табе прабачаюць”, — падагульніў канферэнцыю святар.
Затым прысутныя былі азнаёмлены з намінацыямі, бліжэйшымі планамі і падзеямі ў дыяцэзіі.
Канцлер курыі прадставіў інфармацыю аб калядных конкурсах, якія запланаваныя на студзень будучага году і запрасіў святароў і законніц паспрыяць удзелу дзяцей і моладзі ў гэтых мерапрыемствах.
- 3 студзеня 2018 года – конкурс каляднай песні “Зорка Бэтлеема” ў Мёрах;
- 4 студзеня 2018 года – конкурс батлеек у Віцебску.
Штомесячны дзень духоўных сустрэч святароў і законных сясцёр скончыўся супольным абедам.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
