Дзяўчына, якая да нядаўняга часу была суровай атэісткай і раптам адкрыла для сябе веру ў Бога, вядзе блог, у якім разважае на розныя кранальныя тэмы з пункту гледжання хрысціянкі з багатым атэістычным досведам. Прапануем вашай увазе артыкул адносна ўзаемаадносін мужчыны і жанчыны ў сям’і.
Памятаю, мама заўсёды вучыла мяне: «Ты заўсёды павінна працаваць, заўсёды павінна быць самастойнай, каб калі муж цябе кіне, ты заўсёды змагла сябе забяспечыць». А пры гэтым мама заўсёды здзіўляецца двум рэчам: 1) чаму «вось Маша разумная, прыгожая, стройная, паспяховая — не замужам ?!» 2) чаму «вось Таня ніякая, дзіўная, без прафесіі, а яе муж не кідае, клапоціцца аб ёй?» І я заўсёды ў адказ маўчу, але з вамі пэўнымі думкамі на гэтую тэму падзялюся.
Я думаю, не мяне адну вучылі быць «моцнай і незалежнай». У галаве малявалася страшная карціна забітай жыццём хатняй гаспадыні без мазгоў, мужавай рабыні на прывязі. І вось каб яе пазбегнуць, трэба каб праца была на першым месцы, а мужа трэба разглядаць як з’яву часовую і мінучую — муж можа сысці, а праца застанецца. І вось гэтая ўстаноўка, мне падаецца, вельмі згубна ўплывае на цяперашнія шлюбы. Шчыра кажучы, значна часцей, чым «пакінутыя хатнія гаспадыні», мне сустракаюцца «моцныя і незалежныя», якія не замужам або разведзеныя. Разведзеныя, затое добра зарабляюць. Бо муж — гэта часовае і мінучае … не самае галоўнае … галоўнае, што ў мяне праца добрая …
Калі памяняць ўстаноўку на «муж — гэта галоўнае, гэта назаўжды, развод непрымальны», то погляд на жыццё чароўным чынам мяняецца. Разумееш, што працу можна памяняць, а з гэтым чалавекам табе жыць усё жыццё, і адносіны з ім — гэта рэальна самае галоўнае. І калі праца ўплывае на іх дрэнна — ну яе, гэтую працу.
Я зараз зусім не пра гіпатэтычную сітуацыю адну-на-мільён, калі муж забараняе працаваць жонцы. Я пра значна больш распаўсюджаную: абодва працуюць, таму што «муж зарабляе недастаткова», у нас іпатэка і г.д.
Дык вось — грошай заўсёды не хапае. Так працуе наша свядомасць. Але калі вы недахоп грошай мужа будзеце спрабаваць кампенсаваць сваім заробкам — гэта бомба запаволенага дзеяння. З аднаго боку — бясконцая стомленасць, з другога — страх сысці з працы — бо зноў не будзе хапаць грошай.
Пакуль ты на працы, муж ніколі не будзе зарабляць больш, каб ты магла сысці з працы. Каб муж зарабляў больш, жонка павінна сысці з працы. Хай тыдзень вы прасядзіце на «Дошираке» (што наўрад ці), але ў мужа нарэшце з’явіцца і стымул, і нейкая свабода, каб зарабляць больш. А то ж пакуль ты другі мужык у доме, то навошта замарочвацца? Навошта спрабаваць клапаціцца пра цябе? Ты не жонка, ты сусед па інтэрнаце. Ты ж такая моцная і незалежная, сама аб сабе клапоцішся. І пакуль ты сціскаеш зубы, унутры ў цябе тым часам мацнее: гультай, няўдачнік, ты мне ўсё жыццё сапсаваў, ды мне без цябе будзе прасцей. Тое, што ты, гэтак жа як і муж, «забяспечваеш сям’ю» (горшы варыянт — робіш гэта замест мужа), адлюстроўваецца нават у бытавых дробязях: бо ты лепш, акуратней мужа — таму проста нерэальна ўстрымацца ад зласлівых заўваг з нагоды раскіданых шкарпэтак, калі ты яшчэ і зарабляеш нароўні з ім. Карацей, вашыя адносіны ператвараюцца ў адносіны «гаспадарчы сусед» і «сусед-гультай».
Знаёмыя пачуцці? Сыходзіце з працы, каб захаваць адносіны.
Ведаеце, я здзіўляюся, што як толькі вымаўляецца «жанчына сышла з працы», у мозгу суразмоўцы усплываюць нейкія жахі ў выглядзе растрапанай мадам, змучанай бытам, якая спынілася ў сваім развіцці. Пачакайце хвіліначку. «Ідзі з працы!» — гэта зусім не значыць, што жанчына павінна быць толькі «Кірхе, Кюхе, Кіндэр». Варыянтаў маса: можна пісаць кандыдацкую, атрымліваць другую адукацыю і стаць дызайнерам / псіхолагам / маркетолагам, выкладаць танцы, працаваць аддалена ў вольны час, прадаваць вырабы праз сацсеткі, займацца грамадскай дзейнасцю, дапамагаць мужу па бізнесе і г. д. Варыянтаў занятасці і асабістага развіцця маса (многае з гэтага значна перспектыўней нават у фінансавым плане, чым забойнае офіснае рабства).
Канешне, тут можа быць толькі адна шкала вымярэння: як уплывае ваша занятасць на адносіны з мужам? Вядома, калі вы можаце пасля 8-гадзіннага працоўнага дня быць бадзёрай, вясёлай, ласкавай котачкай, адной рукой абдымаць мужа, а другой рыхтаваць вячэру — я вам зайздрошчу! Я так не магла. Пакуль я працавала, я ўвесь час была раздражнёная і закатаваная працай. І ціха ненавідзела мужа, калі уносіла сваю зарплату ў «агульны кацёл». І зрывалася на яго, і заходзілася, і наогул пастаянна кідалася ад стану «трэба пацярпець» да стану раздражнёнай і ўзлаванай цёткі. Лепшыя часы тады былі — часы бальнічных і адпачынкаў. Нарэшце, я сышла ў дэкрэт. І ведаеце, неяк так склалася, што зараз заробку мужа цалкам хапае на жыццё. Аказваецца, страхі пра тое, што мы памром ад бяскорміцы без майго заробку, былі марнымі. І цяпер страшна шкадую, што не кінула працу адразу ж пасля вяселля — гэта б прастымулявала яго зарабляць больш значна раней. Вядома, і цяпер часам бываюць цяжкія часы. Але што я зразумела, дык гэта тое, што лепш есці набыты на грошы мужа «Доширак», чым есці з ім у рэстаране на тваю зарплату. Псіхалагічна камфортней дзяліць з мужам яго долю. Лепш адмовіцца ад лішняга шопінгу, чым забівацца дзеля гэтага шопінгу на працы так, каб не заставалася сіл і часу абдымаць мужа.
У «Начных Снайпераў» ёсць такі радок: «Хоць бы трохі малака, і можна быць моцнай — а трэба быць слабой». Чуеце — трэба быць слабой! «Слабыя мужчыны» — гэта спараджэнне жанчын, якіх вучылі быць моцнымі. Я разумею, што для тых, каго ўсё жыццё вучылі быць «моцнай і незалежнай», самае складанае — дазволіць сабе быць слабой і залежнай. Але гэта так неабходна.
