З удзелам мітрапаліта Юзафа Станеўскага ў Навагрудку адбыўся IV малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і

З 15 па 17 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў чацвёрты раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. Мэтай яго правядзення было прынесці пакаянне за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і, бо “без пакаяння, няма збаўлення”.

Арганізатарамі сустрэчы выступілі Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і парафія св. Міхала Арханёла.

На кангрэс прыехалі актывісты Pro-Life, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія займаюцца духоўным усынаўленнем, і ўсе, хто пакутуе ад абортаў у сваіх сем’ях.

Самым важным днём была субота, 16 лістапада, калі 80 чалавек прайшлі ў пілігрымцы пакаяння з Навагрудка ва Уселюб, а ўвечары пасля святой Імшы з удзелам арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, іерархам быў прачытаны ўрачысты Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і.

“У нашай краіне ўжо 101 год з 18 лістапада 1920 года легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКО. Таму ў наш час асаблівым чынам “неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет” (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitae, 100)”, – адзначаюць арганізатары кангрэсу.

Апошні дзень кангрэса быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычылі праблемаў у выхаванні дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных пагроз для сям’і.

Арганізацыя кангрэса ў Навагрудку, пры парафіі Святога Арханёла Міхала стала ўжо добрай традыцыяй, куды з’язджаюцца ўсе, хто клапоціцца пра добрую будучыню для інстытуцыі сям’і.

Дамінік Запаснік

для друку для друку