З памежнікаў – у манахі. Шчырая размова з айцом-марыянінам Іллёй Саўчанкам

Маладога ды вясёлага святара айца Іллю ведаюць многія вернікі. Гэта і парафіяне касцёла Святога Юзафа ў Оршы, і шматлікія ўдзельнікі “Вінаградніка”, курса “Закхей” ды іншых спатканняў, якія праходзяць у мясцовым рэкалекцыйным доме.

Таксама айцец Ілля Саўчанка з’яўляецца кіраўніком пілігрымкі Друя – Росіца.

Сёння мы паразмаўляем з ім пра жыццёвы шлях, пакліканне да службы на ніве Пана, а таксама пра цяжкасці і радасці арганізатара пілігрымкі.

— Мяне завуць айцец Ілля Саўчанка, я марыянін. Нарадзіўся ў Глыбокім і быў трэцім, самым малодшым сынам у сям’і. Мая мама каталічка, тата – праваслаўны.

— Як распачалося Вашае рэлігійнае выхаванне?

— З самага дзяцінства разам з мамай і братамі я хадзіў у касцёл. Асаблівы ўнёсак у маё рэлігійнае жыццё зрабіла бабуля. Яна была з Задарожскай парафіі. Там мае бацькі ўзялі шлюб, там прынялі хрост я і мае браты. Памятаю моманты, як мы маліліся там у касцёле на адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту. Я пытаўся: “Калі схаваюць сонейка?”, бо добра ведаў, што калі схаваюць “сонейка”, то мы пойдзем дадому.

Дарэчы, тады ў парафіі служыў ксёндз Люцыян Паўлік МІС. Атрымліваецца, што з самага дзяцінства ў маім жыцці прысутнічалі марыяне.

— А якім было жыццё ў роднай Глыбоцкай парафіі?

— Я магу сказаць, што там атрымаў сваё духоўнае выхаванне. У Глыбоцкую парафію мы хадзілі маліцца з мамай і братамі. Маючы 11-12 гадоў, я адчуў прагненне быць міністрантам. Мяне прынялі, і ад гэтага часу распачалося маё служэнне блізка ля алтара. Тады ж з’явіліся першыя думкі пра святарства.

— Ці мелі Вы прыклад святара, хто пасеяў зерні паклікання?

— У тыя часы пробашчам у Глыбокім быў ксёндз Кшыштаф Мікалайчык (зараз ён служыць місіянерам у Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы). Я бачыў яго адданае служэнне кожнаму: дзецям, міністрантам, моладзі, старэйшым людзям. Памятаю, як разам хадзілі па калядзе, да хворых, на адпусты ў іншыя парафіі. Мяне захапляла гэтае служэнне. Мне таксама хацелася яго працягваць і ахвяраваць сябе іншым людзям.

— Гэтае прагненне засталося і ў падлеткавым узросце?

— Трэба сказаць, што гэта былі толькі першыя думкі. Я быў звычайным юнаком. У школе прымаў удзел у розных сцэнках, гуляў у складзе гарадской футбольнай каманды. Таксама любіў розныя моладзевыя тусоўкі і дыскатэкі, але гэта не перашкаджала мне служыць ля алтара, паглыбляць духоўнае жыццё. Так з дня ў дзень зерне веры ў маім сэрцы ўрастала, а разам з ім – зерне паклікання.

Я памятаю момант, калі падчас сустрэчы міністрантаў у закрыстую прыйшла нашая парафіянка пані Гэлена. Яна прынесла вялікую фігуру Маці Божай і папрасіла святара, які праводзіў сустрэчу, дапамагчы адвезці на машыне дадому. Ксёндз згадзіўся, спатканне скончылася, мы разам селі ў машыну, бо жылі ў адным мікрараёне.

Калі прыехалі да пані Гэлены, то хацелі дапамагчы занесці фігуру ў хату. Але яна сказала: “Гэта Маці Божая для Іллі”. Для мяне гэта быў шок, бо тую бабулю я нават не ведаў асабіста, проста бачыў у касцёле.

Памятаю, як прынёс фігуру ў хату. Мама гатавала вячэру, выйшла з кухні і здзіўлена спыталася: “А што гэта такое?” Я адказаў: “Гэта Марыя”. Фігура Багародзіцы знаходзіцца ў маім бацькоўскім доме па сённяшні дзень.

З перспектывы часу, я бачу, што гэта былі першыя знакі, каб служыць у марыянаў.

— А на той момант Вы таксама расчыталі знак да служэння ў марыянскай супольнасці?

— Я не збіраўся ні ў які закон, хацеў быць дыяцэзіяльным святаром. Мяне захаплялі прыклад пробашча, а таксама чорная сутана. Я не хацеў насіць ніякай іншай вопраткі. Пасля выпускнога хацеў паступаць у семінарыю ў Тарнаў. Туды, дзе вучыўся наш ксёндз Кшыштаф. З гэтай інтэнцыяй я пайшоў у пілігрымку ў Будслаў.

Углядаючыся ў ікону Маці Божай, прасіў аб умацаванні паклікання. Калі выходзіў са святыні, затрымаўся каля канфесіяналу. Святар, каторы там сядзеў, раптам працягнуў мне маленькі абразік Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Я паглядзеў на яго і заўважыў літары РМ. Тады палічыў, што гэта знак майго паклікання да марыянаў. Праўда, потым ксёндз Кшыштаф патлумачыў, што абразік гэты айцоў-рэдамтарыстаў, але для мяне ж гэта былі марыяне.

З той жа інтэнцыяй я пайшоў у Росіцу. Ранкам, пасля малітвы перад абразом бласлаўлёных мучанікаў, падышоў да айца-правінцыяла і папрасіў прыняць мяне ў ордэн айцоў-марыянаў. І ўжо ў верасні распачаў пастулат у ордэне.

Чаму менавіта да марыянаў? Бо мяне натхніў вельмі глыбокі досвед і прыклад сапраўднага святарства бласлаўлёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Тых, што аддалі жыццё за сваіх авечак, хоць маглі яго захаваць. Ну і яшчэ марыяне носяць чорную сутану.

— Якім быў шлях фармацыі ў ордэне?

— Няпростым і цярністым. У пастулаце я адбыў усяго паўгода. Бо там распазнаў, што маю пакліканне да сямейнага жыцця, каб у свеце, у сужэнстве несці добрую навіну людзям.

Я ўцёк з пастулату ў красавіку, знайшоў працу, потым паступіў у політэхнічны каледж у Віцебску. Там падчас вучобы вёў актыўнае, цікавае жыццё: займаўся танцамі, спортам. Пры гэтым заўсёды адчуваў голас Бога. Бог даваў мне знакі: маё месца ў супольнасці. Але гэты голас я заглушаў, а знакі імкнуўся не заўважаць.

— А якія абставіны дапамаглі ўсё ж адгукнуцца на Божы голас?

— Я вырашыў даць сабе час для роздуму. І пайшоў на паўтара года ў армію. Гэтыя паўтара года я не лічу змарнаванымі. Падчас службы ў войску Пан Бог неаднойчы прамаўляў да мяне, адкрываў вочы сэрца.

Цікавыя рэчы адбываліся ад пачатку. Мяне прызвалі ў памежную службу. Былі чатыры заставы, куды я мог патрапіць: Фарынава, Асвея, Бігосава і Плюсы. Я хацеў служыць у Плюсах, каб потым застацца працаваць на мытні, нават папрасіў бацькоў дамовіцца са знаёмымі. Яны дамовіліся, і я прыйшоў на размеркаванне, упэўнены, што еду ў Плюсы. Але атрымаў размеркаванне ў Бігосава. Я быў сапраўды ў шокавым стане і не разумеў, як так атрымалася. Зразумеў адно: у Бога на мяне іншыя планы. Ён зноў вяртаў мяне да марыянаў.

Пачалося звычайнае армейскае жыццё. Час войска стаў для мяне перыядам роздуму і малітвы. Маліўся я падчас дзяжурства, чытаў Біблію, разважаў над Божым словам.

Аднойчы ў вайскоўцаў была сустрэча з праваслаўным святаром. Бацюшка папрасіў падняць рукі, хто праваслаўны, хто католік, а хто абыякавы. Аказалася, што сярод нас – 3-4 католікі, некалькі праваслаўных, а астатнім вера “па барабане”. Я зразумеў, што гэта Бог кажа мне: “Паглядзі, якое вялікае жніво і як жа мала на ім работнікаў”.

Пасля дзембелю я зноў пайшоў у пілігрымку. Гэтая пілігрымка зноў скончылася тым, што мяне прынялі ў ордэн айцоў-марыянаў. І ўжо другі раз восенню я паехаў у пастулат. Гэта быў ужо мой свядомы выбар. Дакладна ведаў, што Бог мяне паклікаў і Ён мяне вядзе.

— Больш крызісаў не было?

— Быў вельмі глыбокі і балючы. Мой тата хварэў на анкалогію, у пастулаце я даведаўся, што яго стан пагаршаецца. Лекары казалі, што засталіся два месяцы жыцця. Пачуўшы пра гэта, я пайшоў на адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту. Там я задаваў Пану Богу вельмі шмат пытанняў: “Навошта я прысвячаў Табе жыццё? Навошта Ты забіраеш майго тату? А каго потым Ты ў мяне забярэш? Мяне, ці некага яшчэ?…”

На той адарацыі я адчуў, быццам цёплы дождж напаўняе маё цела, а ў сэрцы гучалі словы: “Так, Я забіраю твайго тату. Але цяпер тваім татам буду Я”.

Далей было самае цяжкае Божае Нараджэнне ў нашай сям’і. Мы віншавалі адно аднаго, жадалі здароўя, а я ўсведамляў, што ў таты здароўя няма і ўжо не будзе, што мы бачымся апошні раз на гэтым свеце.

Праз два тыдні майго таты не стала. Я ехаў на пахаванне з вялікім бунтам на Пана Бога. Я не хацеў вяртацца ў закон, не хацеў вяртацца ў Касцёл. Не хацеў ніякіх адносінаў з Богам, Каторы забірае родных. Я не мог такога прыняць.

Прыехаў дамоў, сядзеў ля труны таты, раптам мама мне сказала, што ён пакінуў мне падарунак. Гэтым падарункам стала Біблія. У Бібліі тата за тры дні да смерці напісаў “Молюсь за тебя, как умею. Желаю, чтобы ты выдержал на своём пути. Папа”. Гэта Біблія са мной па сённяшні дзень. Ведаю, тады сам Бог узяў маю веру і мае з Ім адносіны ў свае рукі. Быццам травінку, якая хістаецца на ветры, Ён падышоў і агарнуў мяне сваімі рукамі. Гэта Бог сам дае мне Святое Пісанне і кажа: “Тут адшукаеш адказы на свае пытанні, з Маім Словам знойдзеш супакой, з Ім будзеш радавацца, сумаваць і плакаць”. Так Пан умацаваў маю веру і сам выратаваў мае адносіны з Ім.

Я вярнуўся ў семінарыю, дзе прадоўжыў сем гадоў сваёй фармацыі, перажываючы розныя прыемныя і складаныя моманты жыцця. Святаром я стаў 23 мая 2020 года.

Такім быў мой шлях. І за яго я вельмі ўдзячны Богу. Нягледзячы на ўсе мае перажыванні і крызісы, Бог ніколі мяне не пакінуў, вёў кожны дзень на працягу ўсяго жыцця і трымаў за руку.

— Ці памятаеце Вы сваю першую пілігрымку ў Росіцу? Якой яна была?

— Шчыра кажучы, не вельмі. Хіба што мне было 10-12 гадоў, хутчэй за ўсё, гэта была пілігрымка з Полацка ў Росіцу, хадзіў я туды з мамай. Але я добра памятаю сваю першую пілігрымку ў якасці арганізатара. Я быў яшчэ дыяканам, і разам з айцом Канстанцінам Гушчам МІС мы прывялі з Друі ў Росіцу групу каля 90 чалавек.

— Чаму Вас як арганізатара захапляе пілігрымка менавіта з Друі?

— Друю можна назваць калыскай айцоў-марыянаў у Беларусі. Гэта месца нашай першай парафіі. Адтуль пачалася місія айца Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча ў Росіцу. Таму і мы ідзём гэтым шляхам, як і святары 80 гадоў таму.

— Ці адрозніваецца стан простага пілігрыма ад стану святара-арганізатара?

— Канешне, адрозніваецца. Калі ты просты пілігрым, то ідзеш сабе і ідзеш. Сказалі спыніцца – спыніўся , сказалі ісці – пайшоў, сказалі памаліцца – дастаў ружанец, прыйшоў на начлег – паваліўся і заснуў. Усё проста.

Калі ты арганізатар, то на тваю галаву кладуцца пытанні: дзе зрабіць прыпынак, колькі ён павінен трываць, каб не спазніцца на месца начлегу? Калі памаліцца, калі спяваць, як захаваць атмасферу пілігрымкі? І яшчэ шмат арганізацыйных пытанняў кладзецца на тваю галаву.

Быў у першай пілігрымцы складаны выпадак. Падыходзячы да Верхнядзвінска, нашая калона расцягнулася недзе на паўтара кіламетра. Айцец Канстанцін у гэты час спавядаў, а я ўсвядоміў, што не маю ўжо сілаў ані сварыцца, ані падганяць. Тады падумаў: “Ай, ну і хай ідуць як ідуць. Але я больш ніколі не павяду пілігрымаў, бо гэта занадта складанае для мяне заданне”. Тады маладыя людзі казалі, што не бачылі мяне дагэтуль такім сур’ёзным і паважным.

— Але потым зноў сталі арганізатарам?

— Давялося, але другі і трэці разы ўжо было прасцейшыя, адчуваў сябе больш упэўнена, дапамагалі іншыя святары.

— Ці ўдаецца арганізатару пілігрымкі памаліцца?

— Бывае па-рознаму. Бо ў галаве вельмі шмат арганізацыйных пытанняў і спраў. Але разумею, што гэты клопат пра пілігрымаў таксама з’яўляецца малітвай. Часам я наўмысна адыходзіў у канец калоны – памаліцца, паразважаць, пабыць каб сам-насам з Богам. Але потым усведамляў: трэба распачаць ружанец, трэба памаліцца Крыжовы шлях, завесці людзей на прыпынак і так па коле.

— Ці ёсць рэчы, якія могуць засмуціць Вас як арганізатара пілігрымкі?

— Такіх момантаў даволі шмат, але я стараюся зберагаць сабе добры настрой і нервовую сістэму. Напрыклад, калі была спёка, усе хочуць піць. А мы не разлічылі колькасць вады, чакаем гэтую ваду. Або пілігрымы прыйшлі на прыпынак, селі, а потым не хочуць уставаць. Трэба ісці, матываваць, пераконваць, тлумачыць, што трэба ўставаць, трэба ісці. Ну хтосьці ж павінен выконваць гэтую функцыю…

Засмучае, калі бачу, што людзі ідуць, як у паход: не моляцца самі, не слухаюць канферэнцый, размаўляюць, перашкаджаюць іншым. Такія выпадкі рэдка, але здараюцца. Я стараюся глядзець на падобныя сітуацыі ўсё ж пазітыўна. Бо чалавек пераадольвае шлях і, магчыма, на гэтым шляху ў яго сэрцы прарасце зерне веры.

— Якія моманты найбольш кранаюць у пілігрымцы?

— Мяне заўсёды кранае людское змаганне. Захапляе, калі бачу змучаных пілігрымаў, з мазалямі… Часам тыя мазалі і боль такія, што яны ідуць са сціснутымі кулакамі, пераадольваючы сябе, але ідуць. Захапляе, калі бачу простую чалавечую падтрымку, узаемадапамогу, салідарнасць.

Але найбольш кранальны момант – уваход у Росіцкую святыню. Усе мы кладзёмся крыжам, і наступае час малітоўнай цішыні. Побач хтосьці плача, хтосьці цяжка дыхае, а потым я ўстаю з халоднай падлогі, гляджу на змучаныя і шчаслівыя твары пілігрымаў, задаю сабе пытанне: “А ці варта было?” і адказваю: “Варта!”

— Пілігрымка Друя – Росіца мае сваю адметнасць. Памятаю, як яна пачыналася на пачатку 2000-х і большую частку ўдзельнікаў складала моладзь 16+. Прайшло амаль 20 гадоў, а ўзрост удзельнікаў не змяніўся. Як думаеце, чаму пілігрымка да сёння маладая?

— Я не маю адказу на гэтае пытанне. Але мяне радуе, што падлеткі любяць менавіта гэтую пілігрымку – з Друі ў Росіцу. Ведаю, што гэтую моладзь захапляе прыклад росіцкіх пакутнікаў. Хачу заўважыць, што сучасны свет прапануе маладым людзям розныя магчымасці, і іх нашмат больш, чым дваццаць гадоў назад. Але яны маюць прагу прысутнасці Бога, голад па Божым слове, шукаюць Бога і будуюць з Ім жывыя адносіны. Гэтая пілігрымка сведчыць, што Касцёл у Беларусі малады і мае будучыню. І я веру ў тое, што пілігрымка Друя – Росіца і надалей будзе збіраць маладых людзей. А блаславёныя пакутнікі і надалей будуць для іх прыкладам сапраўднага ахвярнага служэння, сапраўднай мужнасці і вернасці Хрысту, нават цаной аддання свайго жыцця.

— Росіца – месца пакутніцкай смерці людзей. А настрой пілігрымкі досыць вясёлы. Як думаеце, ці стасуецца адно з другім? Ці не ўзнікала думкі зрабіць больш сур’ёзную па фармаце пілігрымку?

— Вядома, Росіца – месца трагедыі, дзе святары разам з людзьмі згарэлі ў агні. Але ж гэта не толькі месца трагедыі, але і месца нараджэння для Неба. Месца, дзе жыццё перамагае смерць, а радасць вечная перамагае зямны смутак.

Я не лічу, што вясёлы настрой перашкаджае. Перакананы, што тут няма супярэчнасцяў. Тым больш, што ў пілігрымцы шмат часу на малітву, канферэнцыі, цішыню, дзе кожны можа затрымацца і задумацца над сваім жыццём. Але таксама ёсць час на радасць і весялосць. Бо быць католікам – гэта не значыць быць смутным. Вернік – гэта чалавек, які мае радасць сустрэчы з Хрыстом і бліжнім.

Ці думаю я змяняць фармат? Не. Каб змяніць фармат, трэба змяніць кіраўніка (усміхаецца). Менавіта такі фармат мне адпавядае. І, як бачна, адпавядае ўдзельнікам пілігрымкі. Як будзе далей – час пакажа. Веру, што такая пілігрымка служыць нашаму духоўнаму ўзрастанню і яна на Божую хвалу.

Размаўляла Вікторыя Філіпенка

для друку для друку