29-30 лiпеня адбылося цікавае, насычанае ўражаннямі падарожжа ў Гродна міністрантаў з парафіі Святога Антонiя Падуанскага ў Мар’інай Горцы.
Мэтай нашага трэвэлу стала бліжэйшае знаёмства з Гродзенскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыяй, а таксама наведванне месц, з якімі звязаная гістарычная спадчына нашай Радзімы.
Першым прыпынкам стаў Мірскі замак і капліца-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, дзе ўсплыў цікавы для нас факт: адзін з апошніх уладальнікаў замка, Міхаіл Святаполк-Мірскі, па веравызнанню быў католікам і пахаваны ў гэтай каплічцы.
Адтуль мы накіраваліся ў старажытны прыгожы горад Навагрудак. Уразіў дом-музей Адама Міцкевіча. Асобай гэтага чалавека, які быў знакамітым найвыдатнейшым паэтам, можа ганарыцца кожны беларус. На жаль, наша сучасная моладзь амаль нічога аб ім не ведае, аднак жыццё гэтага чалавека-касмапаліта можа стаць добрым прыкладам для духоўнага і маральнага выхавання.
Каля развалінаў Навагрудскага замка знаходзіцца самы старажытны каталіцкі храм Беларусі — Фарны касцёл Перамянення Пана. Гэтая святыня вядомая многімі акалічнасцямі. Па-першае, узростам: касцёл заснаваны ў 1395 годзе. Па-другое, усім вядома, што ў святыні спачываюць мошчы навагрудскіх мучаніц – 11 сясцёр-назарэтанак, якія падчас Вялікай Айчыннай вайны пайшлі на смерць разам са 120 мужчынамі, уключаючы ксяндза, прыгаворанымі нацыстамі да пакарання. Ушанаваць рэліквіі бласлаўлёных пакутніц Марыі Стэлы і паплечніц штогод прыязджаюць тысячы вернікаў. Ксёндз-рэктар Фарнага касцёла Ян Балтрукевіч правеў для нас вельмі пазнавальную экскурсію па касцельным музеі. Мы пабачылі гістарычныя знаходкі гэтага месца, пачынаючы з першабытных часоў да Першай сусветнай вайны: акамянеласці, бронзавыя пярсцёнкі і бранзалеты, вайсковыя шэўроны і срэбныя манеты. Таксама тут знойдзена і захоўваецца шмат цікавых гістарычных дакументаў.
Па дарозе з Навагрудка наведалі родную парафію нашага пробашча і кіроўцы нашага падарожжа — ксяндза Генрыха Кучынскага ў весцы Міжэрычы. У гэтым невялікім мястэчку зарадзілася і развівалася яго пакліканне. Памаліўшыся пры абразы Маці Божай Міжэрыцкай, мы рушылі далей.
Толькі а 18-ай гадзіне ўбачылі вежы старых замкаў і касцёлаў аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі — Гродна.
Перш-наперш, мы накіраваліся ў духоўную семінарыю, дзе мелі магчымасць пажыць у яе пакоях. Таксама нам пашчасціла з экскурсіяй ад ксяндза-эканома семінарыі Валерыя Аброжкі. Наведалі капліцу, вучэбныя класы, дзе адбываецца духоўная і інтэлектуальная фармацыя будучых святароў. Пабывалі таксама ў камп’ютарным класе, на спартыўных пляцоўках. Спадзяемся, што хтосьці з нашай літургічнай службы адкажа на пакліканне Божае і стане клерыкам.
Па прыездзе ў Гродна, вечарам у пятніцу, нашы хлопцы прынялі ўдзел у святой Імшы ў Катэдральным касцёле Святога Францішка Ксаверыя. Імшу музычна аздабляла гродзенская каталіцкая моладзь. Кожны маліўся ў сваёй інтэнцыі каля Абраза Маці Божай Кангрэгацкай, апякункі студэнцтва. Дзякуючы вікарыю кс. Яўгену Амасёнку, мы мелі магчымасць падняцца на вышэйшую кропку катэдры, дзе знаходзіцца адзін з самых старажытных вежавых гадзіннікаў, што захаваліся і функцыянуюць на прасторы былога СССР, падзівіліся, таксама, знутры на старадаўні арган. Пасля, разам з вікарыем, патрапілі на моладзевую сустрэчу, што дапамагло нам бліжэй пазнаёміцца з горадам і яго гісторыяй.
На наступны дзень міністранты з Мар’інай Горкі наведалі Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі і кляштар брыгітак, Касцёл Маці Божай Анёльскай і кляштар францішканаў. Таксама пабывалі на славутым Аўгустоўскім канале, які злучае водныя басейны Балтыйскага і Чорнага мора.
Гродна – горад, які сваёй прыгажосцю і святасцю абавязкова ўразіць кожнага наведвальніка. Вось такія радкі ўзніклі падчас нашага падарожжа:
Ужо шмат стагоддзяў ідуць пілігрымы
І ўдзень, і ўначы,
Каб зло і пыху па волі Божай
Перамагчы,
У гэты горад, што стаў над Нёмнам,
І над якім
З Катэдры белай ляціць малітва
Ўсім Святым.
Тут вежы помняць князёў і шляхту,
І як тады
Анёлаў крылы бароняць гэтыя
Кляштары.
Няхай жа, Божа, у гэтым месцы
Ўсіх людзей
Ласкава Маці да Свайго Сына, Хрыста,
Вядзе.
Іна Лойка, тэкст і фота
