Фармацыя святароў павінна адрадзіцца, абнавіцца, і атрымаць цэнтральнае месца, гэта некаторыя з прычын, якія натхнілі распрацоўку новых асноўных нормаў святарскай фармацыі – “Ratio fundamentalis institutionis sacerdotalis”. Дакумент быў абнародаваны 8 снежня, ва Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Кангрэгацыяй па справах духавенства.
На думку прэфекта дыкастэрыі, кардынала Беньяміна Стэлы, новыя нормы з’яўляюцца эфектыўным інструментам для “інтэгральнай фармацыі” святара. Яны збалансаваным чынам спалучаюць у сабе чалавечае, духоўнае, інтэлектуальнае і душпастырскае вымярэнні на паступовым і персаналізаваным адукацыйным шляху, адзначыў іерарх у інтэрв’ю “Osservatore Romano”. Папярэднія “Ratio” былі апублікаваны ў 1970 г., у 1985 годзе ў дакумент былі ўнесены змены.
Не можна быць святаром без балансу розуму і сэрца, без эмацыйнай сталасці, заўважыў кардынал Стэла, гаворачы аб асноўных прынцыпах святарскай падрыхтоўкі, закладзеных у новыя палажэнні. Гэта адносіцца да чалавечага вымярэння фармацыі. Тэкст падкрэслівае важнасць і неабходнасць дбайных распазнання і адбору кандыдатаў. Задача складаецца ў тым, каб прапанаваць працэс цэласнага фарміравання, дапамагчы чалавеку стаць сталым у кожным аспекце. І тут можа дапамагчы практыка так званага “прэпэдэўтычнага часу” перад уступленнем у семінарыю, што станоўча зарэкамендавала сябе ў многіх краінах.
Такім чынам, у дадатак да ўжо вядомых: “фазы навучання філасофіі”, “фазы навучання тэалогіі” і “душпастырскай фазы”, былі дададзены “вучнёўская фаза”, “фарміравальная фаза” і “фаза падсумоўвання паклікання”, кожная з якіх адпавядае зместу фармацыі, накіраванай на засваенне вобразу добрага пастыра. Карацей кажучы, сказаў кардынал Стэла, каб быць добрым святаром, у дадатак да экзаменаў, патрэбна чалавечая, духоўнай і пастырская сталасць.
Іерарх назваў тры ключавыя словы, якія характарызуюць новыя “Ratio”. Першае – “чалавечнасць”. Семінарыст павінен быць па-чалавечы ўраўнаважаным, спакойныя і ўстойлівым. Толькі тады з яго вырасце сапраўдны, верны, унутрана свабодны, эмацыйна ўстойлівы, здольны навязваць адносіны з людзьмі і жыць паводле Евангелля святар.
Другое слова – “духоўнасць”. Святар – гэта не “актывіст”, лідэр, рэлігійны арганізатар ці службовая асоба, ён вучань Пана, чыё жыццё і чыё служэнне заснаваныя на глыбокіх адносінах з Богам і наследаванні Хрыста Добрага Пастыра.
Трэцяе слова – “разважлівасць”. Той, хто ідзе па шляху Евангелля, павінен пераўзыходзіць ідэалагічнае стаўленне, разумеючы, што жыццёвыя працэсы і сітуацыі не могуць быць класіфікаваны паводле “нягібкіх” узораў або абстрактных правіл. Тут патрэбны слуханне, дыялог і тлумачэнне душэўных рухаў, падкрэсліў прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства.
Іерарх пажадаў святарам, не грэбаваць малітвай, клапаціцца пра сваё ўнутранае жыццё, заставацца адкрытымі для людзей і не прыпыняць святарскай фармацыі ні на адзін дзень.
