Папа Францішак знаходзіцца з “пакаяннай пілігрымкай” у Канадзе. Гаворка ідзе пра 37-е Апостальскае падарожжа Францішка, якое трывае з 24 па 30 ліпеня 2022 года пад знакам блізкасці да карэннага насельніцтва гэтай краіны.
Прымірэнне было галоўнай тэмай сустрэчы Папы з католікамі індзейскага паходжання. 25 ліпеня 2022 года ён наведаў касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане і сустрэўся з яго парафіянамі.
26 ліпеня 2022 года Францішак прыняў удзел у пілігрымцы да санктуарыя Лак-Стэ-Ан – возера святой Ганны, размечанага ў 72 кіламентах ад Эдмантана. Да гэтага месца, дзе канадскія вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць бабулю Езуса і маці Панны Марыі, з ХІХ стагоддзя штогадова прыбываюць шматлікія пілігрымы, каб з малітвай акунуцца ў яго гаючыя воды. Святы Айцец праехаў на інваліднай калясцы ўздоўж сектара, дзе яго чакалі вернікі, да берага возера. Яго суправаджалі між іншых прадстаўнікі карэнных народаў. Папа прамовіў малітву над возерам, благаславіў таксама чатыры “кардынальныя пункты”, важныя для культуры канадскіх абарыгенаў, і акрапіў сабраных пасвячанай вадой.
27 ліпеня 2022 года Пантыфік накіраваўся з Эдмантана ў Квебек, дзе сустрэўся з уладамі краіны, каталіцкай супольнасцю і карэннымі народамі.
Па матэрыялах беларускай рэдакцыі Vatican News
