Першы дзень летніх канікул дзеці і моладзь верхнядзвінскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адзначылі паездкай на вадаспад.
Канешне, гэта не быў сусветна вядомы прыродны цуд на рацэ Ніягара, а толькі невялікі вадаспад на рэчцы Вята ў Мëрскім раёне. Аднак для тых, хто любіць прыгожыя мясціны нашай беларускай прыроды – гэта таксама цікавае месца. Пацвярджэннем гэтага служыць вялікая колькасць спасылак на розныя артыкулы і старонкі ў інтэрнэце.
Асаблівае ўражанне міёрскі вадаспад робіць на дзяцей. Колькі захаплення можна было пабачыць у дзіцячых вачах, калі яны назіралі за тым, як струмені вады спадаюць з вышыні перавышаючай рост чалавека і адчувалі моц і прыгажосць гэтай прыроднай з’явы. А колькі эмоцый выклікала «цялёпканне» у цёплай рачной вадзе?! Знайшліся нават такія ахвотнікі экстрыму, якія адважыліся перайсці рэчку па версе вадаспада!
Таму нічога дзіўнага, што пасля наведвання гэтага цікавага месца, усе ўдзельнікі паездкі вярталіся дадому напоўненыя шматлікімі пазітыўнымі эмоцыямі.
Кс. Аляксандр Грыцкевіч, тэкст
Вольга Ляскоўская, Дзмітрый Ласько, фота
