У Ватыкане пачалося ўсталяванне калядных ясляў

Ілюстрацыйнае фота

На плошчы св. Пятра пачалося ўсталяванне ясляў Божага Нараджэння, якія сёлета ахвяравала Перу. Афіцыйная інаўгурацыя каляднай інсталяцыі адбудзецца вечарам 10 снежня 2021 г.

Кампазіцыя, якая складаецца з больш чым 30 частак, адсылае да 200-годдзя абвяшчэння незалежнасці краіны і дэманструе фрагмент паўсядзённага жыцця народаў Анд. Над ёй працуюць пяць лепшых мастакоў з горада і рэгіёна Уанкавэліка, адкуль прывезлі яслі.

Фігуры Дзіцятка Езуса, Панны Марыі, св. Юзафа, Каралёў і Пастухоў будуць у натуральную велічыню. Іх выканалі з керамікі, дрэва “магей” (разнавіднасць агавы) і шкловалакна. Яны будуць апрануты ў нацыянальныя строі народа Чопка, які стаў ахвярадаўцам батлейкі.

Ідэя стварэнне калядных ясляў з Анд – гэта вынік супрацоўніцтва паміж перуанскім епіскапатам, дыяцэзіяй Уанкавэліка, уладамі гэтага рэгіёну, міністэрствамі знешняга гандлю і турызму, а таксама замежных спраў і пасольствам гэтай краіны пры Святым Пасадзе.

Яліна вышынёй 28 метраў на плошчу св. Пятра сёлета прыедзе з Даламітавых Альп у паўночнаітальянскім рэгіёне Трэнціна.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку