Імша на беларускай мове прайшла 14 лістапада ў касцёле Святога Аляксандра на плошчы Трох Крыжоў. Багаслужэнне распачалося а 18-й гадзіне, Святую Імшу цэлебраваў кс. Вячаслаў Барок.
Службы на беларускай мове стануць у Варшаве рэгулярнымі. Яны будуць праходзіць у ніжнім касцёле. На гэта ўжо атрыманы дазвол арцыбіскупа Варшаўскага. З часам, калі будзе патрэба, з’явіцца яшчэ адна Імша па-беларуску.
У сваім слове да вернікаў святар звярнуў увагу на тыя выпрабаванні, што пасылае Бог у нашым жыцці. Беларусы аказаліся ў Варшаве па розных абставінах: хтосьці прыехаў на вучобу, хтосьці – на працу, а нехтта быў вымушаны пакінуць радзіму з-за пераследу. Так, лёс шмат у каго з нас надламаны, – адзначыў святар, але не зламаны. Мы павінны заставацца хрысціянамі ў любых абставінах.
Пасля Імшы адбылася асобная малітва за Беларусь.
Варта адзначыць, што Касцёл у Польшчы не забываецца пра вернікаў у Беларусі. 13 лістапада а 19-й гадзіне ў варшаўскай архікатэдры Святога Яна адбылася святая Імша за Беларусь, адным з цэлебрантам якой быў кс. Вячаслаў Барок.
Зміцер Лупач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!