Археолагі з паўночна-заходняй Турцыі рыхтуюць падводную базіліку ў возеры Ізнік да візіту Папы Льва XIV. Святы Айцец наведае Турцыю ў канцы лістапада, каб адзначыць 1700-годдзе Нікейскага сабору.
Базіліка, размешчаная прыблізна ў 20 метрах ад берага возера ў заходняй правінцыі Бурса, стаіць на месцы, дзе, верагодна, адбыўся першы Сусветны сабор, скліканы ў 325 годзе нашай эры з удзелам біскупаў з усяго хрысціянскага свету.
Археолагі выявілі гэтае месца 11 гадоў таму на глыбіні да двух метраў. Падводныя работы, ухваленыя Міністэрствам культуры і турызму Турцыі, вядуцца з 2015 года пад кіраўніцтвам Мустафы Сахіна з універсітэта Бурса Улудаг.
Сахін адзначыў, што каманда з 60 археолагаў, антраполагаў, кансерватараў і мастацтвазнаўцаў працуе над падрыхтоўкай месца да візіту Папы. «Да таго часу ўсе нашы намаганні сканцэнтраваны на добраўпарадкаванні тэрыторыі і арганізацыі выставы», — сказаў ён.
Базіліка памерам 20 на 40 метраў лічыцца найбуйнейшым храмам у Ізніку, гістарычная назва якога — Ніцея. Мустафа Сахін падкрэсліў, што гэты будынак, верагодна, з’яўляецца страчаным храмам Святых Айцоў, пра які згадваецца ў хрысціянскіх крыніцах, але гэта пакуль не пацверджана.
Даследчык адзначыў, што візіт Пантыфіка можа спрыяць таму, каб Ізнік стаў важным цэнтрам паломніцтва і рэлігійнага турызму. Запланаваная паездка Папы ў Турцыю стане яго першым замежным візітам з пачатку яго пантыфікату. Падчас апостальскага візіту, Папа Леў XIV таксама мае намер наведаць Ліван.
info.wiara.pl
Пераклад Марыны Ткач
