27 красавіка Каталіцкі Касцёл азначаў свята Божай Міласэрнасці. Устаноўленае Святым Айцом Янам Паўлам II свята у дзень кананізацыі Сястры Фаўстыны 30 красавіка 2000 года заўсёды прыпадае на першую нядзелю пасля Вялікадня.
У Нядзелю святкавання Божай Міласэрнасці ў Ваўкалацкай парафіі святога Яна Хрысціцеля (Докшыцкі дэканат) распачалася перэгрынацыя 2-х копій, магчыма, аднаго з першых у свеце абраза Езуса Міласэрнага. Урачыстае набажэнства разам з пробашчам парафіі ксяндзом Алегам Піваварам узначаліў ксёндз прэлат Уладзіслаў Завальнюк, былы пробашч зачыненага мінскага касцёла Святых Сымона і Алены. На свята прыехалі вернікі навакольных вёсак і суседніх парафій, а таксама пілігрымы з Мінска.
Чым жа адметна Ваўкалацкая парафія? Справа ў тым, што там захоўваецца адзін з найстарэйшых абразоў Езуса Міласэрнага. Тыя, хто бываў у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, заўважалі, што ў святыні ёсць два абразы Езуса Міласэрнага. Першы, які адразу ж заўважны, знаходзіцца з левага боку на калоне — гэта копія абраза, створаная мясцовым мастацком Казімірам Штурам. “Гэты маляр наш, у яго правая рука была без пальцаў, а маляваў ён левай рукой. І ездзіў ён у Вільню вучыцца маляваць. І левай рукой ён намаляваў гэты абраз», — узгадвае мясцовая верніца Валянціна Штуро, а пасля выява была папраўлена мастачкай Люцыяй Бальзукевіч. Яе прозвішча можна прачытаць на гэтым абразе. А вось гісторыя другога абраза Міласэрнага Збаўцы куды больш патаенная і …
Аднак, доўгі час уважлівыя пілігрымы маглі заўважыць над санрыстыяй мала прыкметна яшчэ адну выяву Міласэрнага Хрыста. Лічыцца, што, акрамя выявы Езуса Міласэрнага, якая цяпер захоўваецца ў санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Вільні, існавалі яшчэ два папярэднія абразы, напісаныя мастаком Яўгенам Казіміроўскім са словаў сястры Фаўстыны. Аднак тыя выявы, паводле сястры Фаўстыны, не адпавядалі таму, што яна сузірала ў аб’яўленнях, і таму былі ёю адхілены. Адзін з двух абразоў сястра Фаўстына ўзяла з сабой, калі пакідала Вільню ў 1936 годзе, і па дарозе ў Кракаў пакінула яго ў Варшаве ў Доме сясцёр кангрэгацыі. Але паколькі ў той час візіі сястры Фаўстыны яшчэ не былі зацверджаны Касцёлам, эскіз абраза быў пакладзены ў сховішча, а падчас Варшаўскага паўстання дом сясцёр згарэў, і ў пажары загінуў таксама абраз…
Другі абраз Езуса Міласэрнага забраў ксёндз Міхал Сапоцька напрыканцы 1930-х, а дакладней у 1938 годзе, прывёз яго з Вільні ў Валкалату і падараваў тагачаснаму пробашчу парафіі ксяндзу Рамуальду Дронічу. Абраз захоўваўся ў капліцы непадалёк у вёсцы Заўлічча (Пастаўскі р-н). Капліца ў пасляваенны час была разбурана і цалкам знішчана (засталіся толькі рэшткі падмурка, зарослыя хмызняком ды дрэвамі, цяпер ледзь нагадваюць аб велічы былой святыні), абраз перанесены ў Валкалацкі касцёл, павешаны над сакрыстыяй і да нядаўняга часу там і знаходзіўся. У мінулым годзе адбыліся рэстараўцыя працы па яго аднаўленню і быў вернуты на сваё месца, дзе, паводле ўспамінаў мясцовых вернікаў, вісеў ад пачатку яго з’яўленне ў касцёле. Побач з алтаром Маці Божай Апякункі Душ Частцовым.
Разам з падараваным абразом ксёндз Міхал Сапоцька “прывёз” малітву для ўшанавання выявы Езуса, вядомая цяпер усім, як Каронка ці Вяночак да Божай Міласэрнасці, словы якой былі прадыктаваны сястры Фаўстыне Кавальскай самім Езусам. “Я абяцаю, што душа, якая будзе ўшаноўваць гэты абраз, не загіне. Абяцаю таксама ўжо тут, на зямлі, перамогу над непрыяцелямі, і асабліва ў гадзіну смерці. Я сам буду ахоўваць яе як сваю хвалу” (Дз. 48).
Звяртаючыся да вернікаў, святар-Капелан Яго Святасці звярнуў увагу на тое, што зараз, як ніколі, свет павінен спадзявацца на Хрыста.. “Мы так супраціўляемся Богу, і часта адчуваем унутраны супраціў: лянота, недавер, нявер’е… А Езус прыходзіць і кажа нам: “Спакой табе, чалавек”.
Ксёндз Уладзіслаў нагадаў парафіянам аб сіле і абароне, якую атрымалі іх продкі дзякуючы заступніцтву Міласэрнага Езуса. “У Вільні і Кракаве яшчэ не было святыні ў гонар Езуса Міласэрнага, але на гэтай зямлі, на якой маліліся вашыя айцы, сёстры і браты, каталікі і праваслаўныя, менавіта Езус заняў першае пачэснае малітоўнае месца”, — дадаў святар. Пасля адбылося асвячэння копій абраза і, ўсе вернікі прамаўляючы вяночак да Божай Міласэрнасці, працэсійна накіраваліся да плябаніі ксяндза Алега Півавара, які і стаў першым домам, месцам ушанавання Міласэрнага Хрыста, як добры прыклад для ўсіх парафіянаў прыняцця Збаўцы ў сваіх хатах і сем’ях…
Пасля святой Імшы ў Ваўкалаце адбылося набажэнства ў маленькаў капліцы ў вёсцы Гарадзішча. Калісьці былы калгасны будынак канторы – цяпер месца праслаўлення Бога ў самым цэнтры вёсачкі. Таксама тутэйшыя вернікі працэсійна накіраваліся да першай хаты, дзе абраз праняла парафіянка Пані Яўгенія Янкавіч. Плануецца, што два абразы будуць пілігрымаваць ў Ваўкалацкай парафіі да Свята Ўсіх Святых…
Больш даведацца пра тое, адкуль у невялікай беларускай вёсцы з’явіўся незвычайны абраз Езуса Міласэрнага можна на хрысціянскім YouTube канале “Голас Душы” у “размове з ксяндзом Алегам Піваварам” і з успамінаў мясцовых жанчын “аб страчанай капліцы” ў Заўліччы. А таксама вы знойдзеце набажэнства з гэтага святочнага для і пачатак перэгрынацыі копіі абраза Езуса Міласэрнага ў Ваўкалаце і Гарадзішчы.
Віктар Ведзень
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!








