“Павольна цягнецца час для тых, хто церпіць;
Хутка нясуцца гадзіны для таго, у каго радасць на сэрцы”
Св. Ян Боско
Гэтымі словамі распачаў сваю вучобу ў семінарыі св. Ян Боско. Тады ён сказаў свайму сябру: “Вось наша праграма: будзем заўсёды вясёлымі, і час праляціць хутка”.
Радасцю быў напоўнены і вечар “23+8”, які адбыўся з нагоды святкавання Дня абаронцы Айчыны і Міжнароднага дня жанчын.
Вечар распачаўся святой Імшой, пасля якой адбыўся Крыжовы шлях, падрыхтаваны моладдзю. Падчас гэтай малітвы прысутныя маглі паразважаць над сваім лёсам і над асабістым месцам на крыжовым шляху. Затым усе былі запрошаны ў араторый на вечар.
Дэвізам мерапрыемства сталі словы: “Быць рознымі – гэта дар”. Падчас вечара было прапанавана раздзяліцца на дзве каманды: хлопцы і дзяўчаты.
Яны мелі магчымасць паказаць свае здольнасці ў кіраванні аўтамабілем, праявіць кемлівасць у адказе на цікавыя пытанні, памерацца сіламі і даведацца, у каго лепшы апетыт.
Апошнім момантам праграмы стала сумесная вячэра, дзе ўсе разам сядзелі за адным сталом як адна дружная сям’я.
Субко Анастасія, Ермак Вераніка, sdb.by
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!