15 снежня, у такі прыгожы і сонечны, але марозны дзень, у полацкую святыню прыбылі духавенства і законныя асобы, каб спаткацца са сваім біскупам Алегам Буткевічам, і павіншаваць з надыходзячымі Калядамі.
Пастырскае спатканне распачалося малітвай перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння.
Урачыстую Эўхарыстыю ў інтэнцыі духавенства і вернікаў дыяцэзіі ўзначаліў Віцебскі ардынарый. Ва ўступным слове ён прывітаў прысутных святароў і законных сясцёр і братоў, якія з’ехаліся з усёй дыяцэзіі, а таксама святароў Грэка-каталіцкай Царквы, каб разам перажыць гэты час.
Біскуп Алег выказаў прысутным словы падзякі за ўдзел у спатканні і павіншаваў з надыходзячым Святам Божага Нараджэння: “Дзяліцца можам тым, што маем у сваім сэрцы. Гэтае Божае Нараджэнне, можа прыгожыя словы, але гэта ёсць праўда. Жадаю, каб гэтае Нараджэнне адбылося ў вашым сэрцы, тое ўцелаўленне Хрыста, каб Ягоныя думкі і ўчынкі, сталі нашымі думкамі і ўчынкамі. І каб тая радасць, пра якую кажам, пасялілася ў вашых сэрцах, нягледзячы на розныя цяжкасці і выпрабаванні. Вось напэўна Пан Бог і Езус Хрыстус далей праз вашыя думкі і сэрцы далей збаўляе свет несучы крыж. Няхай на дарозе свеціць вам святло Бэтлеемскай зоркі. Усяго вам найлепшага!”
Словы віншаванняў былі скіраваныя і ў адрас іерарха, калі ён дзяліўся аплаткам са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі, а таксама журналістамі.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!






















































