17 снежня полацкая парафія cвятога Андрэя Баболі гасцінна прымала на сваёй тэрыторыі з’езд святароў і манаскіх асобаў з усёй Віцебскай дыяцэзіі.
Такія духоўныя сустрэчы адбываюцца штомесяц, каб супольна перажыць сустрэчу з Езусам і правесці малітоўныя спатканні разам з пастырам дыяцэзіі. Але гэта была своеасаблівая – святочная.
Вырашыўшы розныя пытанні з прадстаўнікамі курыі, святары і сёстры праслухалі канферэнцыі. Айцец Сяргей Більдзіс SAC з Талачына, прамаўляючы да манахінь, засяродзіў увагу на чалавечнасці ў супольнасці. Святар падкрэсліў, «калі ты настаяцельніца ў кляштары, то найперш стань маці для гэтых сясцёр». Нягледзячы на розныя выпрабаванні, трэба спачатку быць чалавекам, потым жанчынай і пасля толькі манахіняй.
А. Аляксандр Жарнасек МІС для святароў казаў пра мэтанакіраванасць. “Чалавек кідаецца ў розныя крайнасці і часам губляецца Хрыстус, Які павінен быць у цэнтры жыцця. Калі няма мэтанікараванасці, то згубіць Бога вельмі лёгка і гэта небяспечна”, — падкрэсліў святар і заахвоціў заўсёды перад рэалізацыяй розных ідэй і пастырскіх ініцыятыў ставіць пытанне перад сабой пытанне: “А ці вядзе гэта да Хрыста?”
Пасля канферэнцый быў выстаўлены Найсвяцейшы Сакрамант і трывала асабістая малітва ў цішыні. Святую Імшу цэлебраваў пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч.
Падчас арганізацыйнай сустрэчы былі прадстаўлены бліжэйшыя запланаваныя мерапрыемствы — Дыяцэзіяльны Фестываль Батлеек у Віцебску (26 снежня) і “Зорка Бэтлеема” у Мёрах (3 студзеня). З нагоды Юбілею Святога 2025 года, які абвясціў Папа Францішак, біскуп Алег Буткевіч устанавіў у нашай дыяцэзіі юбілейныя святыні, наведаўшы якія можна атрымаць адпусты. Кс. канонік Аляксей Ляшко зачытаў гэты дэкрэт і памятныя знакі былі ўручаны пробашчам парафій.
Потым усіх удзельнікаў спаткання чакала дзяленне сімвалам еднасці — аплаткам. Святары і кансэкраваныя асобы абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне.
Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота
