У Папы Францішка выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх

Клініка Джэмэлі

Медыцынскае абследаванне паказвае, што стан здароўя Папы Рымскага працягвае заставацца складаным. У яго выяўлена двухбаковае запаленне лёгкіх, якое патрабуе дадатковага лячэння.

Паводле апошняй інфармацыі Залы Друку Святога Пасада, агучанай 18 лютага 2025 года ў 19.33, лабараторныя аналізы, рэнтген грудной клеткі і клінічны стан Святога Айца працягваюць дэманстраваць складаную карціну.

Полімікробная інфекцыя, якая развілася на фоне бранхаэктазіі і астматычнага бранхіту, запатрабавала прымянення кортыкастэроіднай і антыбіётыкавай тэрапіі. Гэта робіць працэс лячэння больш складаным.

Кантрольная камп’ютарная тамаграфія грудной клеткі, праведзеная ў другой палове дня па прызначэнні ватыканскай медыцынскай брыгады і ўрачоў паліклінікі Джэмэлі, паказала наяўнасць двухбаковага запалення лёгкіх, якое патрабуе дадатковага медыкаментознага лячэння.

Нягледзячы на складаны стан здароўя, Папа Францішак захоўвае бадзёры настрой. Раніцай ён прыняў святую Камунію, а на працягу дня чаргаваў адпачынак з малітвай і чытаннем тэкстаў. Святы Айцец выказвае падзяку за падтрымку, якую адчувае ў гэты момант, і просіць працягваць маліцца за яго.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку