У Навумавічах ушанавалі памяць мучанікаў II сусветнай вайны ў 80-годзе іх смерці

16 ліпеня на фартах у Навумавічах каля Гродна адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 80-й гадавіне мучаніцкай смерці благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай і іншых мучанікаў Другой сусветнай вайны. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гэтым месцы з 13 па 16 ліпеня 1943 г. былі расстраляны больш за 3 тысячы чалавек, сярод якіх інтэлігенцыя, грамадскія дзеячы, духоўныя асобы, у тым ліку капелан сясцёр назарэтанак і прэфект школ кс. Юстын Скакоўскі, вікарый гродзенскай фарнай парафіі кс. Казімір Шыпіла, гвардыян гродзенскага францішканскага кляштара а. Дыянізій Клімчак. Расстраляна тут была і благаслаўлёная Мар’яна Бярнацкая. Яна аддала жыццё за цяжарную нявестку і яе будучае дзіця.

У пачатку Эўхарыстыі іерарх папрасіў усіх шматлікіх удзельнікаў, якія прыбылі пешкі і на транспарце, будаваць мір – найперш у сваіх сем’ях і заклікаў да асаблівай малітвы ў інтэнцыі краін, якія закрануты ваеннымі канфліктамі.

Успамінаючы бл. Мар’яну, біскуп падкрэсліў гераізм гэтай незвычайнай жанчыны, якая дае сучасным людзям прыклад цудоўнай любові і павагі да бліжняга. Ён заахвоціў прасіць яе дапамогі ва ўтварэнні здаровых і трывалых адносін паміж пакаленнямі, а таксама паміж народамі Беларусі і краін, з якімі яна мяжуе.

Ксёндз канонік Юрый Марціновіч, пробашч парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай у Гродне, якая ў знак удзячнасці гэтай благаслаўлёнай за яе гераічны ўчынак будуе першы ў свеце касцёл, прысвечаны ёй, выказаў думку, што гэты лес павінен стаць для прысутных месцам разважання над сваім жыццём. Святар падкрэсліў, што наведваць гэтае месца трэба не для таго, каб узрушыцца ці заплакаць над лёсам бл. Мар’яны і іншых мучанікаў, а для таго, “каб вучыцца ад іх любові на практыцы і прасіць іх быць для нас настаўнікамі любові – любові ў нашых сем’ях, супольнасцях”.

На Эўхарыстыі ўдзельнікі маліліся за сваю краіну, каб у ёй панаваў жаданы мір, і за ўсе сем’і, каб яны на ўзор благаслаўлёнай Мар’яны былі здольныя на ўзаемнае служэнне, самапрысвячэнне і ахвяру.

Акрамя таго, маліліся аб шчаслівым будаўніцтве касцёла бл. Мар’яны Бярнацкай і за ўсіх, хто малітвай, працай і ахвяраваннямі дапамагае парафіяльнай супольнасці, якая з ліпеня мінулага года будуе гэты касцёл. Прысутныя падтрымалі ахвяраваннямі будаўніцтва святыні.

Grodnensis.by

Фота: Міхаіл Міклашэвіч

для друку для друку