У Навагрудку адбыўся II малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і

З 4 па 7 лістапада ў парафіі св. Міхала Арханёла ў другі раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. Мэтай яго правядзення было прынесці пакаянне за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і, бо “без пакаяння, няма збаўлення”.

Арганізатарамі сустрэчы выступілі Дабрачынны фонд “Адкрытыя сэрцы”, Экспертная рада па справах абароны жыцця і сям’і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і парафія св. Міхала Арханёла.

5 лістапада стаў самым важным днём кангрэса. 110 чалавек, у тым ліку 40 дзяцей, прайшлі ў пілігрымцы пакаяння з Навагрудка ва Уселюб, а ўвечары пасля святой Імшы з удзелам трох біскупаў быў прачытаны ўрачысты Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і.

Некаторыя з удзельнікаў кангрэса выказваюць думкі аб тым, што “Бог чакае ад нас пакаяння”, “хто ведае, можа быць, у тым ліку дзякуючы ўрачыстаму пакаянню ў Навагрудку Бог нас беражэ?”.

Адным з ключавых гасцей кангрэса стаў біскуп Атаназій Шнайдэр з Казахстана, які сярод каталіцкіх іерархаў адрозніваецца традыцыйнай кансерватыўнасцю. У сваіх выступленнях ён рабіў акцэнт на вернасці католікаў вучэнню Касцёла. 6 лістапада таксама адбылася прэзентацыя яго кнігі “Christus vincit”, прысвечанай шляхам выхаду з крызісу, у якім сёння знаходзіцца Касцёл.

У апошні дзень кангрэса прайшла сустрэча шматдзетных сем’яў. Тэмы выступленняў тычыліся выхавання дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных пагроз для сям’і. Варта асабліва адзначыць выступленне кс. Мікалая Ціхановіча, які распавёў пра трансгендэрнасць з пункту гледжання экзарцыста.

Удзельнікі адзначылі высокі ўзровень мерапрыемства, прычым не толькі яго малітоўнай часткі, але і навуковых выступленняў. Многія з іх ужо чакаюць наступнага малітоўнага кангрэса, які, хутчэй за ўсё, пройдзе ў лістападзе 2023 года.

Віктар Ведзень, фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі