У яе склад увайшлі прыклады пластыкі, алейнага жывапісу і мастацкага ліцця, якія не фігуруюць у пастаяннай экспазіцыі музея.
«У пачатку было слова» — гэтыя першыя радкі з Евангелля паводле Яна сталі назвай выставы.
Па словах навуковага супрацоўніка Сяргея Казулі, зоркай выставы можна лічыць амаль трохметровы холст з выявай сюжэту Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі.
«Карціна вельмі цікавая, бо напісана згодна з заходнееўрапейскімі канонамі, — тлумачыць Сяргей Казуля, — але, разам з тым, выкарыстаныя «клеймы», то бок устаўкі з выявамі святых — гэта рыса ўсходняга іконапісу. Тым больш, што выявы св. Яна Залатавуснага і св. Базыля Вялікага — таксама характэрныя для ўсходняй традыцыі».
Як мяркуць даследчыкі, холст XVIII ст. раней знаходзіўся ў грэка-каталіцкай (уніяцкай) царкве на Міншчыне, а пісаўся першапачаткова, магчыма, нават для кляштара, бо св. Базыль Вялікі — патрон ордэну базыліянаў.
«Мы, па шчырасці, нават не ведаем, дзе захоўваць гэты абраз, улічваючы яго памеры, — разводзіць рукамі Сяргей Казуля, — адрэстаўраваны і прыведзены ў належны выгляд ён быў зусім нядаўна нашым рэстаўратарам Уладзімірам Кіслым».
На выставе можна ўбачыць і цікавыя прыклады беларускай школы іконапісу — выяву Хрыста Збаўцы свету ў поўны рост з дзяржавай у руцэ, а таксама чатырох евангелістаў. Гэта таксама творчая спадчына грэка-католікаў, гэтым разам з Лідчыны. Іконы некалі былі ўсталяваны на алтарнай частцы храма.
Выставу ў Музеі гісторыі рэлігіі можна будзе наведаць да лістапада.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!



