У Мёрах свята Святой Сям’і адзначылі канцэртам дзяцей і моладзі

26 снежня дзеці і моладзь Мёрскай парафіі пад кіраўніцтавам Яўгеніі Баговіч зладзілі невялікі святочны канцэрт, паведамляе kascelmery.by. Юныя таленты сваім выкананнем узрушылі сэрцы прысутных і падаравалі прыемны святочны настрой.

Адзначаць свята Святой Сям’і калядным канцэртам ў парафіі стала ўжо добрай традыцыяй. Пасля Імшы дзеці і моладзь выканалі песні на беларускай і польскай мовах. Музычнае суправаджэнне спеваў было не толькі пад гітары і клавішныя, а таксама пад ксілафон і цымбалы.

Пасля выступлення пробашч парафіі ксёндз Андрэй Кулік падзякаваў удзельнікам канцэрта за цудоўныя спевы і станоўчыя эмоцыі і ўручыў ім салодкія падарункі. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Яўгеніі Баговіч, за яе плённую і самаадданую працу з дзіцячым і дарослым хорам.

Падарункі ад дабрачыннай арганізацыі Caritas Віцебскай дыяцэзіі атрымалі таксама дзеці, якія хадзілі на Рараты і ўсе дзеці, якія былі ў святыні.

для друку для друку